Бінга, крыжаванка і дазвол праліць каву — выйшаў гайд па Кракаве

Блогер і гід Глеб Ляпейка і дызайнерка Аляксандра Мулінская выпусцілі першы беларускамоўны друкаваны гайд па Кракаве, які можа стаць добрым падарункам блізкім.

Гайд прапануе наведаць 44 месцы з сямі катэгорый: база, культура, ежа, кава, бары, экспірыенс і шопінг. Да кожнага дадаецца ёмкае апісанне на дваццаць слоў, каб зэканоміць час чытача, піша Mostmedia.

“Праца над гайдам ішла паўгода, — расказвае Глеб Ляпейка. — Канцэпцыя была гатовая ад самага пачатку і не змянілася. Але сама падрыхтоўка заняла доўгія месяцы: мы выбіралі вокладку з шматлікіх варыянтаў, тэставалі месцы для падборкі і рабілі пробнікі для сяброў, каб сабраць зваротную сувязь”.

У гайд убудаваныя інтэрактывы: бінга на 12 па-сапраўднаму кракаўскіх актыўнасцяў, якія можна заклеіць стыкерамі, пошук месца на гістарычным здымку 1942 году, крыжаванка і месцы для турыстычных пячатак ды ўласных нататак. Ёсць нават дазвол праліць каву на адну са старонак.

Набыць гайд па Кракаве можна праз адмысловы сайт krakowguide.carrd.co. У камплекце з папяровым выданнем ідзе лічбавая версія: PDF для тэлефона і Google Maps з пазначанымі месцамі і 15 вартымі ўвагі пунктамі, якія не ўвайшлі ў асноўны спіс.