Вершы Жадана ваеннага часу выйшлі па-беларуску ў Берліне

У берлінскім выдавецтве Hochroth Minsk выйшла кніга вершаў ваенных гадоў Сяргія Жадана з назвай “Іншае імя любові”. Пераклады зрабіў Андрэй Хадановіч. Ілюстарцыяй да зборніка стала праца мастачкі з Харкава Тані Пухнаўцавай.

“…Новы зборнік уражвае іншым – шчымлівай інтанацыяй, непрыхаваным болем, надрывам, які паўстае з першых старонак і толькі ўзмацняецца ілюстрацыяй Тані Пухнаўцавай – адсечанымі рукамі з разорамі, праз якія да чытача трапляе святло. Мастацкі свет твораў, напісаных у 2015-2023 гады, змяшчае цемру, змрок і крохкія промні надзеі на жыццё асабістае, а праз яго – на сацыяльнае”, апавядае пра кнігу выдавец і паэт Дзмітрый Строцаў.

Сяргій Жадан – культавы ўкраінскі паэт, празаік, эсэіст, музыка, актывіст і валанцёр, адзін з лідараў грамадскай думкі. Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Старабельску. Жыве ў Харкаве.

Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, сярод якіх “Цытатнік” (1995), “Баляды пра вайну і адбудову” (2000), “Гісторыя культуры пачатку стагоддзя” (2003), “Марадона” (2007), “Агнястрэльныя й нажавыя” (2012), “Жыццё Марыі” (2015), “Спіс караблёў” (2020) ды інш. Выдаў празаічныя кнігі “Біг Мак” (2003), “Дэпеш Мод” (2004), “Anarchy in the UKR” (2005), “Гімн дэмакратычнай моладзі” (2006), “Варашылаўград” (2010), “Месапатамія” (2014), “Інтэрнат” (2017).

Удзельнік музычных праектаў “Жадан і сабакі”, “Лінія Манэргейма”, “роздІловІ”. Перакладае паэзію з ангельскай, нямецкай, польскай, беларускай моваў. Перакладаецца на дзясяткі моваў. Па-беларуску выходзілі пяць празаічных кніг, а таксама два зборнікі паэзіі.

Лаўрэат шматлікіх узнагародаў, сярод якіх Кніга году BBC (тройчы), Прэмія імя Джозэфа Конрада, Прэмія Angelus, Прэмія міру нямецкіх кнігавыдаўцоў, Прэмія Ганны Арэндт за палітычнае мысленне. У верасні 2022 Польская акадэмія навук вылучыла Сяргія Жадана на Нобэлеўскую ўзнагароду.