“Шыба без шкла” — выйшла кніга вершаў Касі Іофе

У берлінскім выдавецтве hochroth Minsk, якім кіруе паэт Дзмітрый Строцаў, выйшла навінка — кніга Касі Іофе “Шыба без шкла”. Аўтарка дзякуе выдаўцу і мастачцы Ксішы Ангелавай.

Дзмітры Строцаў публікуе ў фэйсбуку ўрывак аднаго з першых водгукаў на кнігу: «”Шыба без шкла” – тое, што засмуае і здзіўляе. Прымушае спыніць рух і думкі, дакрануцца да балючага вобраза, які спаткае на вокладцы ў выглядзе назвы і суправаджае падчас падарожжа па старонках. Для Касі Іофе, беларускай паэткі, перакладчыцы, псіхатэрапеўткі, кніга стала месцам аўтарэфлексіі і судакранання з чытачом <…> У кнізе змешчаны вершы на беларускай, рускай, польскай мовах, некаторыя творы згадваюць пра украінскую, ідыш.

<…> Стваралася кніга ва ўмовах рэлакацыі, з улікам досведу 2020 года, гранічна трагічнага, але не руйнуючага. Аб гэтым сведчаць і вобразная сістэма, дзе гіпернатуралістычныя метафары, нібы вывернутыя суставы, лякуюцца прыроднай стыхіяй, сумяшчаючы прыроднае і сацыяльнае, і фанетыка радкоў, пабудаваных на збіцці гукаў, паўторах, і аўтарскія неалагізмы з кавалкамі сэнсаў. А па-за ўсім гэтым ― постаць лірычнай гераіні, якая прынцыпова не адасоблівае сябе ад мастацкага сусвету з ягонай крохкай надзеяй, што можа існаваць толькі побач з “белым, чырвоным, белым болем, чаканнем, болем”».

Раней у выдавецтве hochroth Minsk паэтычныя зборнікі Крысціны Бандурынай, Вольгі Злотнікавай, Артура Камароўскага, Ганны Комар, Насты Кудасавай, Ганны Севярынец, Андрэя Хадановіча і ўкраінскага паэта Сяргія Жадана.