Свежая паэзія Андрэя Хадановіча выйшла кнігай

У берлінскім выдавецтве Hochroth у адмысловай белрускай серыі, галоўным рэдактарам якой выступае паэт Дзмітрый Строцаў, выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча.

“Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае, — тлумачыць у фэйсбуку сам аўтар. — Тэксты 2020-2023 гадоў, што пісаліся ў Менску, Варшаве, Краснагрудзе, Батумі, Вене, Кракаве, Гданьску”.

Пачынаецца кніжка вершам “На беразе Волі”, што паклала на музыку кампазітарка Вольга Падгайская, а заканчваецца “Навагодняй паштоўкай”, якую ператварыла на песню акторка і спявачка Ганна Хітрык.

Ілюстрацыю для кнігі зрабіла мастачка Святлана Соф’я Дземідовіч. Кніжку можна будзе купіць на варшаўскай частцы фестываля інтэлектуальнай кнігі Pradmova, які пройдзе з 6 па 8 кастрычніка. Асобная імпрэза з выдаўцом серыі hochroth-Minsk адбудзецца 7 кастрычніка.