Прамінулы год цалкам відавочна быў нядрэнным для аматараў беларускай кнігі. Цягам апошніх шасці месяцаў наш сайт дбайна адсочваў усё, што выходзіць з-пад варштатаў выдаўцоў, незалежна ад таго, дзе і ў якім горадзе стаіць той варштат. Уласна кажучы, пры складанні гэтага рэйтынгу ў нас пастаянна вочы разбягаліся, таму рэдакцыя Bellit.info вырашыла не спыняцца на стандартных Топ-5, а прадаставіць цалкам сабе натуральны Топ-100 беларускіх кніг за 2023 год. Мы ўключылі далёка не ўсё! Калі хтосьці хоча вас пераканаць, што “купіць няма чаго” альбо спрабуе выпытаць “хоць адну нармальную беларускую кнігу”, кіньце гэтаму хтосьці лінк на наш агляд.
ПАЭЗІЯ
Традыцыйна пачынаем агляд літаратуры з паэзіі, бо гэты нават не жанр, а род літаратуры — найбольш чуйны да зменаў часу, акурат тут фіксуецца імгненная рэакцыя на рэчаіснасць. Вершы, якія з’яўляліся цягам году ў сацыяльных сетках, перадавалі пульсацыю ўсёй літаратуры, знаходзілі ўважлівы водгук чытачоў. Знакавай для 2023 года сталася паэтычная серыя hochroth Minsk (Берлін, ініцыятыва Дзмітрыя Строцава). Найчасцей агляданымі ў сеціве былі, на наш погляд, кнігі “Побач” Насты Кудасавай, рок-паэзія “Марнатраўны сын” Фелікса Аксёнцава і “Цела мігдалу” Ганны Шакель. Абсалютна ўнікальным чынам многія паэты і паэткі выдалі сёлета адразу дзве кнігі новых вершаў. Бадай што, у гісторыі беларускай лірыкі гэты год будзе адзначаны белым каменем, як казаў Катул. Такім чынам, рэкамендацыйны спіс рэдакцыі Bellit.info:
- Валянціна Аксак “Уцёкі з Палесся”
- Фелікс Аксёнцаў “Марнатраўны сын”
- Крысціна Бандурына “Самае трывожнае лета”
- Вольга Злотнікава “Наперадзе толькі лес”
- Артур Камароўскі “Corpus vile”
- Артур Камароўскі “Я і ёсць забаронены сцяг”
- Ганна Комар “Вызвалі альбо бяжы”
- Ганна Комар “Трыпутнік”
- Наста Кудасава “Побач”
- Наста Кудасава “Я працягваю”
- Уладзімір Някляеў “Сам”
- Юр Пацюпа “Рой”
- Ганна Севярынец “Тое, што сказалася вершам”
- Дмитрий Строцев “Улей”
- Андрэй Сцепанюк “Зямля над белай ракой”
- Віктар Сямашка “Аўтар мае рацыю заўжды”
- Андрэй Хадановіч “На беразе волі”
- Ганна Шакель “Цела мігдалу”
ПРОЗА
Адна з найбольш уразлівых групаў у беларускай літаратуры — гэта празаікі. Ва ўмовах пастаяннай турбулентнасці і, без перабольшвання, у эпоху катастрофаў зусім не лёгка бегчы на дальнюю дыстанцыю аповесці, рамана, аўтабіяграфіі ці белетрызаванай гістарыяграфіі. Тым не менш, і сёлета маем цэлы суплёт вартых чытання кніг, сярод якіх вылучым творы Альгерда Бахарэвіча, якія выйшлі ў 2023 годзе тройчы прычым у абсалютна розных жанрах, і доўгачаканую новую кнігу-аўтабіяграфію мысляра Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”. Новы том мангі, дзённік-эсэ, раманы, апавяданні, запісы — цэлае суквецце жанравых формаў з’явілася і ў многіх іншых выдатных аўтараў. Варты спіс прозы і эсэістыкі для няспешнага чытання доўгімі вечарамі:
- Валянцін Акудовіч “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”
- Уладзімір Арлоў “Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча”
- Альгерд Бахарэвіч “Ператрус у музеі”
- Альгерд Бахарэвіч “Плошча Перамогі”
- Альгерд Бахарэвіч “Хлопчык і снег”
- Ева Вайтоўская “Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2”
- Марыя Вайцяшонак “На прызбе ў Сілічах”
- Валер Гапееў “Вольнеры”
- Зараслава Камінская “Па-той-бок. Старыя лялькі, новыя гульні”
- Вал Клемент “Круглая Square”
- Вінцэсь Мудроў “Гарачы парафін”
- Вінцэсь Мудроў “Сустрэчы”
- Юля Цімафеева “Мінскі дзённік”
- Ганна Янкута “Час пустазелля”
ПЕРАКЛАДЫ
2023 год падарыў беларускаму чытачу цэлы стос выдатных перакладных кніг — як неўміручай улаўраванай класікі, так і схаваных перлінаў сусветнай даўнішняй і сучаснай літаратуры. Працавалі тут многія выдавецтвы, але, як ужо й павялося, першым трэба назваць выдавецтва “Янушкевіч”, а найбольш яркім перакладам года, напэўна, назавем выхад першага тому “Валадара пярсцёнкаў” Толкіна (пераклад Ігара Кулікова). Разам з тым, шыкоўны літоўскі раман Шкемы (пераклад Сяргея Шупы), з выдатным н’ю-ёркаўскім джойсаўскім духам, а таксама і шматслойны ізраільскі класік Меір Шалеў у перакладзе Паўла Касцюкевіча ніяк не саступаюць у знакавасці і значнасці. Пры канцы года з’явілася новая серыя польскай класікі ад выдавецтва “Гутэнберг”. Знакавымі падзеямі можна назваць і выхад “Паэтыкі” Арыстотэля, новага перакладу Бібліі. З паэтычных перастварэнняў, на погляд рэдакцыі, варты абавязковага набыцця Ілья Камінскі і яго кніга “Рэспубліка глухіх”. Безумоўны сусветны поспех кнігі-паэмы-антыўтопіі прыйшоў і ў беларускую мову. Такім чынам, рэкамендуем:
- Арыстотэль “Паэтыка”. Пераклад Лявона Баршчэўскага
- “Біблія. Кнігі Старога і Новага Запавету”. Пераклад Антонія Бокуна
- Генрых Гайнэ “Габрэйскія мелодыі”. Пераклад Ігара Крэбса
- Эдмунд Гусэрль “Філасофія як дакладная навука”. Пераклад Лявона Баршчэўскага
- Сяргей Жадан “Іншае імя любові”. Пераклад Андрэя Хадановіча
- Сяргей Жадан “Месапатамія”. Пераклад Віталя Латыша і Андрэя Хадановіча
- Ілья Камінскі “Рэспубліка глухіх”. Пераклад Вальжыны Морт і Юлі Цімафеевай
- Клайв Стэйплз Льюіс “Хронікі Нарніі. Конь і яго хлопчык”. Пераклад Яны Ўладыкі
- Адам Міцкевіч “Гражына”. Пераклад Марыі Мартысевіч
- Эрых Марыя Рэмарк “Чорны абеліск”. Пераклад Іны Хоміч
- Дж.Р.Р. Толкін “Валадар пярсцёнкаў”. Пераклад Ігара Кулікова
- Фрэнсіс Скот Фіцджэральд “Вялікі Гэтсбі”. Пераклад Сяргея Матыркі
- Вітольд Шаблоўскі “Танец з мядзведзямі”. Пераклад Адэлі Дубавец
- Мэір Шалеў “За сіняй гарой”. Пераклад Паўла Касцюкевіча
- Антанас Шкема “Белы саван”. Пераклад Сяргея Шупы
ФЕМ- і КВІР-ЛІТАРАТУРА
2023-ты абавязкова запомніцца яшчэ і тым, што менавіта ў гэтым годзе ўпершыню не кропкава, а адразу цэлай палічкай кніжак прагучала фем- і квір-літаратура, асобна адзначым тут кнігу-анталогію “Мальцы выходзяць з-пад кантролю: анталёгія беларускага гей-пісьменства”. “Збор твораў пра боль, напісаных беларускімі жанчынамі, транс і небінарнымі людзьмі ў межах лабараторыі фемінісцкага пісьма”, “кніга аб памежных сітуацыях, ЛГБТК+ супольнасці і Беларусі пасля 2020 года”, “выйшла новая кніга пісьменні:цы, квір-фем актывіст:кі”, “раман распавядае – ад імя падлетка – пра гісторыю каханьня 13-гадовага хлопчыка і яго настаўніка. У ім няма ані маралізаваньня, ані абвінавачваньня, ані панікі”, “«Упершыню беларускае чытацтва мае анталёгію, якая прапануе погляд на літаратуру знутры гей-досьведу. Яна апісвае тое, што самі геі вызначаюць як гей-культура і гей-літаратура. Дасюль гэты пласт культуры або замоўчваўся, або ставіўся пад сумнеў, або аналізаваўся няхай і гей-прыязнымі, але ўсё ж літаратарамі і літаратаркамі, якія больш ці менш пасьпяхова балянсавалі свой аналіз з уласнай гетэраідэнтычнасьцю»” — такія анатацыі сёлета маглі прачытаць у новых кнігах беларускія чытачы. Сказаць, што гэта не ёсць падзеяй, можа толькі зусім нячуйны да беларускай кнігі чалавек. Новая старонка, новая эпоха для тых, хто “выйшлі з-пад кантролю” — так, можа быць, будзе больш дакладна. Хаця, чорта з два іх загоніш пад які-небудзь кантроль. Спіс рэкамендацый:
- Віка Біран “Я танцую”
- Франк Варжак “Чысты баранок”
- Мальцы выходзяць з-пад кантролю
- Тоні Лашдэн “Чорны лес”
- “Расцяжэнне”
ПЕРАВЫДАННІ СПАДЧЫНЫ І ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ
У гэтым годзе мы займелі цэлую паліцу выдатных перавыданняў і кніг спадчыны. Першым нумарам паставім у гэтым раздзеле трохтамовік, падрыхтаваны Аксанай Данільчык і Віктарам Жыбулем для выдавецтва “Пфляўмбаўм”: тры знакавыя паэткі 1920-х Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская і Яўгенія Пфляўмбаўм нарэшце дачакаліся выдаўцоў, і на свет цэлы з’явіліся выдатныя аднатамовікі спадчыны. Прымыкаюць да іх “Анталогія паэтак”, укладзеная, мабыць, найбольш вядомай свету беларускай паэткай Вальжынай Морт і грунтоўная анталогія драматургіі беларускага авангарду “Нетутэйшыя”. Наступным у шэрагу варта назваць прадстаўнічы 600-старонкавы фаліянт спадчыны Алеся Разанава “З маланкаю ў сэрцы”, укладання Ганны Кісліцынай і Галіны Разанавай. Сапраўды чаканай падзеяй стаўся і выхад першай кнігі акадэмічнага 12-томніка Кузьмы Чорнага. З серыйных выданняў узгадваем сёлетняе аднаўленне ў Беластоку пад крылом фонда “Камунікат” вядомай серыі “Паэты планеты”, дзе выйшлі ўжо тры кнігі лірыкі. Раптоўнай, але ад таго не менш прыемнай навіной сталі “Мовазнаўчыя працы” Вацлава Ластоўскага: поўны збор яго артыкулаў ад часоў “Нашай Нівы”. Як заўжды, выдатныя кнігі і ў “Бібліятэцы Бацькаўшчыны”: зноў жа ў Беластоку выйшлі пісьменнікі паваеннай эміграцыі. І гэта яшчэ адна прыкмета новага часу. Рэкамендуем:
- Валянцін Акудовіч “Мяне няма”
- “Анталогія паэтак”. Выбранае Вальжынай Морт
- Уладзімір Арлоў “Выбраная лірыка” (“Паэты планеты”)
- Зінаіда Бандарына “Да новага заўтра”
- Наталля Вішнеўская “Неба мнагавокае”
- Леў Гарошка “Выбранае”
- Міхась Кавыль “Выбранае”
- Вацлаў Ластоўскі “Мовазнаўчыя працы”
- “НЕТУТЭЙШЫЯ: REVERSION. Беларуская эксперыментальная драматургія («ТВЛ», «Бум-Бам-Літ»)”
- Уладзімір Някляеў “Перавыбранае”
- Яўгенія Пфляўмбаўм “Сонца”
- Алесь Разанаў “З маланкаю ў сэрцы”
- Андрэй Хадановіч “Фантомныя радасці”
- Андрэй Хадановіч “Вершы”
- Кузьма Чорны. “Збор твораў у 12 тамах. Том 1”
НАВУК-ПОП І НОН-ФІКШН
Стабільна выдатныя рэчы друкуюць нашыя шаноўныя даследчыкі, прычым — нарэшце — часта зусім прыватная гісторыі для кандыдацкіх дысертацый ці шэрагу артыкулаў сталі развівацца ў кнігі, якія заўважаюцца не толькі калегамі-спецыялістамі, але і абсалютна ўсімі коламі беларускіх чытачоў. Пальму першынства ў 2023 годзе рэдакцыя аддае выдавецкаму калектыву “Беларускай навукі”, а ў прыватнасці — выдатным кнігам па гісторыі этнаграфіі і культуры памяці. Яны, ды і шыкоўныя падарункавыя тамы “Традыцыйнага светаладу”, сёлета працягваюць выводзіць беларускую фалькларыстыку з цянётаў малапрывабнасці (на жоўтай паперы і дробным кеглем), да якіх звыкся чытач у 2000-я, у сапраўды вартыя самых высокіх ацэнак выданні. З паліграфіяй і тыражамі не ўсё так проста і цяпер, але тэндэнцыя да лепшага навідавоку. Разам з тым, і апрача фальклору, у чытача ёсць чым пераняцца: ад беларускага гандлю эпохі вялікіх князёў да рэфлексіі над 2020-м годам, можна пасмяяцца з Купалам, Коласам і яшчэ добрым дзясятка літаратараў, можна занурыцца ў гісторыю масавых эпідэмій і кліматычных анамалій. Нарэшце, з’явіліся і важкія кнігі-біяграфіі. Спіс Bellit.info:
- Алесь Бараноўскі “Дзмітрый Прышчэпаў. Старонкі жыцця”
- Юры Бохан, Сяргей Сергачоў, Іна Соркіна, Вячаслаў Швед, Захар Шыбека “Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі. Т.1”
- Аліна Высоцкая “Беларускі народны соннік”
- Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка “Забытая экспедыцыя 1923 года”
- Сяргей Грунтоў “Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове ХІХ – пачатку ХХІ ст.”
- Яніна Грыневіч “Як нацыя вучылася спяваць: жыццё і дзейнасць Антона Грыневіча”
- Дзед Янкель “Дзедавы казкі”
- Зміцер Дрозд “Минский тюремный замок. Часть 1. Побеги”
- Павел Каралёў “Купала і Колас жартуюць”
- Генрых Кіршбаўм “Беларускі брыкалаж”
- “Маджарские: армянский род в истории Беларуси”
- Дзяніс Марціновіч “Слюнькоў: палітычная біяграфія”
- “Традыцыйны светалад беларусаў. У 5 кн. Кн.1. Касмалогія. Кн. 2. Сфера сакральнага. Народная тэалогія”
- Сяргей Харэўскі “Мінск у мастацтве: вобразы горада розных эпох”
- Сяргей Шапран “Беларускі гістарычны і літаратурны анекдот. Кніга 2-я”
- Сяргей Токць, Андрэй Вашкевіч “Холад, голад і зараза: кліматычныя анамаліі, эпідэміі XIX стагоддзя”
ЛІТАРАТУРА ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ
Дзецям чытаць трэба ўвесь час, толькі добрае, прыгожае і пажадана — ўвесь час новае. Задача для незалежнага кнігавыдання крайне складаная, бо і друк, і добры пераклад ці тэкст каштуе сур’ёзных фінансаў. Тым не менш, з году ў год выдаўцы з гэтым чэленджам неяк даюць рады і выводзяць на рынак абсалютна шыкоўныя кніжкі. Не стаў выключэннем і 2023 год. На першае месца ставім спалучэнне класнага перакладу з арт-букавай тэхнікай калажнага ілюстравання, якое здзейснілася ў “Акадэміі доктара Клякса” Яна Бжэхвы (“Папуры”). Не менш важнымі сталі кнігі Андрэя Скурко для самых маленькіх чытачоў: кніжка-кардонка (калі гэта яны апошні раз выходзілі па-беларуску?) “Хто жыве ў гаражы: вершы пра машынкі” і вершаваная азбука “Хачу ўмець чытаць”. Для больш сталага чытача, які ўжо даўно ўмее чытаць, адзначым у рэкамендацыях кнігу Алеся Кудрыцкага “Казік з Каменнай Горкі”. Як заўжды, добра паказалі сябе выдавецтва “Коска” і “Тэхналогія”, “Папуры” і Раман Цымбераў, некалькі добрых кніг выйшла і ў цэнтрах беларускай дыяспары Польшчы.
- Эліяш Барт “Джа. Легенда аб забраным сэрцы”
- Ян Бжэхва “Акадэмія доктара Клякса”. Пераклад Алены Пятровіч
- Яна Вольская “Ашуканкі”
- “Мае цудоўныя калядныя гісторыі”. Пераклад Кацярыны Маціеўскай
- Мінору Камата “Ананасы і снег”. Пераклад Аляксандры Пятровіч і Адама Явара
- “Каток-пестунок. Вершы, забаўлянкі, калыханкі”
- Марк-Увэ Клінг, Астрыд Хен “Велікодны Дзед”. Пераклад Ігара Крэбса
- Тодар Кляшторны “Пра зайца, ваўка і мядзведзя”
- Алесь Кудрыцкі “Казік з Каменнай Горкі”
- Роўз Лагеркранц, Эва Эрыксан “Маё сэрца скача ды смяецца”. Пераклад Надзеі Кандрусевіч
- Роўз Лагеркранц, Эва Эрыксан “Апошні раз, калі я была шчаслівая”. Пераклад Надзеі Кандрусевіч
- Свэн Нурдквіст “Вялікая кніга прыгод Пэтсана і Фіндуса”. Пераклад Надзеі Кандрусевіч
- Грэтэ Ротбёль, Вівека Шогрэн “Вулкан і цялятка, якое выратаваў Пу”. Пераклад Дзмітрыя Плакса
- Тацяна Сапега, Марыя Каралёва “Скарына дзеткам”
- Андрэй Скурко “Хто жыве ў гаражы: вершы пра машынкі”
- Андрэй Скурко “Хачу ўмець чытаць. Вершаваная азбука”
- Надзея Ясмінска “Снегурумі”
Як мы ўжо адзначалі, далёка не ўсё змясцілася ў наш агляд, але пэўную панараму таго, што адбывалася (прыкладна раз на тры дні выходзіла добрая кніга), мы далі. Спадзяемся, многія з вас ужо займелі гэтыя кніжкі, не раз прачыталі, параілі сябрам альбо далі пачытаць. Магчыма, хтосьці з вас сёлета задумаў альбо нават напісаў кнігу, але не паспеў яе выдаць. Дакладна ведаем, што добры дзясятак кніг ужо здадзены ў друк, але не паспеў выйсці да публікацыі гэтага агляду. Усё гэта сведчанне таго, што ўчынкам нашым пасланы нядрэнны ўмалот, а ў наступным годзе чытач займее яшчэ не адзін дзясятак файных кніг. А рэдакцыя Bellit.info абавязкова пра іх напіша, у тым ліку ў свой Telegram i Instagram.
Credits: Фэйсбук-старонкі аўтараў і публічныя пасты выдавецтваў “Янушкевіч”, Skaryna Press, “Пфляўмбаўм”, “Гутэнберг”, фестываля “Прадмова”, паблікі Дзмітрыя Строцава, oz.by, nn.by.