Артур Вакараў і Сабіна Брыло стварылі канцэптуальны альбом з вершамі

У выдавецтве “Логвінаў” выйшаў канцэптуальны альбом дызайнера Артура Вакарава “Тутэйшы дзэн”. Кніга змяшчае кароткія вершы ў японскім стылі ад паэткі Сабіны Брыло і самога Артура Вакарава.

“Тутэйшы дзэн. Словы вершаў Сабіны Брыло на дызайны словаў Артура Вакарава. Да сёння такая графічная эстэтыка была недасяжная аніводнай мове, акрамя японскай. Але ж беларуская – самая маляўнічая? Так. І гэты альбом – доказ. Разгадваць словы і сэнсы – цалкам эстэтскі дзэн. Гуляць, дык гуляць: вялікі фармат, шчыльная папера, дасканалы друк”, – гаворыцца ў анатацыі на сайце выдавецтва Lohvinau.eu, дзе кнігу можа купіць.

Сам аўтар і дызайнер Артур Вакараў гэтак расказвае пра стварэнне кнігі:

— Наша мова, як і іншыя заходнія, алфавітная. Працэс чытання – гэта разкадаванне абсалютна нейтральных літар, якія, калі склаліся ў знаёмыя словы і сказы, набываюць сэнс і эмоцыю. З іерагліфічнымі па-іншаму: успрымаецца непасрэдна вобраз. Cвядомасць не “прамаўляе” словы, знак працуе наўпрост як вобразная адзінка. Таму кажуць, што іерогліфы — гэта больш семантычнае чытанне, а алфавіты — фанетычнае. Я не стараўся адпавядаць канонам класічнай японскай каліграфіі (гэтым і без мяне займаецца дастаткова шмат людзей). Ды і немагчыма дасканала перадаць нашу кірыліцу і лацінку праз наяўныя кампаненты іерагліфічнага пісьма. Я ўзяў агульны настрой: складанасць, графічнасць, разнастайнасць. Скарыстаў галоўны прынцып, што іерогліф – гэта карцінка з гісторыяй і эмоцыяй. Тое, што пры чытанні іерогліфаў вока чытача спыняецца, разглядае. Так, іерогліфы патрабуюць больш высілкаў для прачытання, але лепш запамінаюцца, як філасофскія сэнсы. Дзесьці бачыў трапную метафару, што алфавітнае чытанне – гэта маршрут па знаёмай вуліцы, а іерагліфічнае – павольны шпацыр па парку.