У новым выпуску аўтарскага падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец дзеліцца развагамі па прачытанні дэбютнага рамана Яны Гульцяевай “Linea lateralis”. Складаная гісторыя сям’і, якая жыве ў паселішчы на возеры Нарач, праца ў летніку “Зубраня”, алкагалізм, балючыя стасункі з маці, якасная фабулярная літаратура і развагі пра мову і тое, што сапраўды “мае значэнне”.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
На гэтай вокладцы мяне насьцярожвае і бянтэжыць усё, пачынаючы ад нечытэльнай назвы “Linea lateralis” бакавая лінія (у рыб), быццам самаўхіленьне аўтаркі ад усяго, што можа быць цэнтральным, да цьмянага цёмна-сіняга колеру, у якім хаваецца абрыс рыбіны (быццам гэта кніга пра рыб), да імя і прозьвішча аўтаркі, больш дарэчнага для расейскай тэлезоркі — пад уплывам маскоўскага маскульту нашы Яні становяцца Янамі, як і Стасі становяцца Стасамі. Быццам адна літара, а ўжо цалкам іншы вобраз. Хоць да самога твору ўсё названае ня мае дачыненьня. Проста я заўсёды думаю пра гэты самы старт дэбютанта, дзе часткай іміджу ёсьць і выбар імя з прозьвішчам, і назва і дызайн вокладкі. Чаму, напрыклад, Уладзімер Арлоў пішацца на ўсіх мовах, у тым ліку па-расейску, праз “а”.
***
Гэтая кніга — сямейная сага, усімі сваімі якасьцямі — безумоўны літаратурны набытак і адкрыцьцё новага майстра зь лёгкім пяром, добрай беларускай мовай, з абавязковай завершанасьцю думкі і адсутнасьцю неадказаных пытаньняў. Кожная зьява тут прадумваецца бяз стомы і зрываў, складаныя калізіі жыцьця падаюцца зусім не дэбютантам, але начытаным, спрактыкаваным аўтарам, таму ўспрымаюцца чытачом, як свой уласны набытак.
Пачатак настройвае нас на нешта іншае. Эмігрантка зь Беларусі, якую завуць Міра, прыходзіць да такой самай эмігранткі Фло, мабыць, псыхалягіні, каб распавесьці ёй пра сваё няпростае жыцьцё. І здаецца, што назіраньні за паводзінамі чалавека — гэта галоўная тэма і ўсё, што адбываецца, будзе раскладзена па паліцах у адпаведнасьці з мэтодыкамі псыхалёгіі, амаль як у падручніку. Калі “мамін былы” Алег (а мы слухаем споведзь Міры пра яе дзяцінства), узяўшы сякеру, рашуча выпраўляецца па яе маці, якая пайшла да прыяцелькі, адкуль не вяртаецца цьвярозай, малая Міра перажывае моцную разгубленасьць — гэта ж яна выдала, куды пайшла маці і тым самым, выглядае, паставіла ўласную маці пад пагрозу. І што тут рабіць? Аднак Алег вяртаецца са сьсечанай елачкай, якую яны зараз будуць упрыгожваць да Калядаў.
Ці ў выпадку з аднаклясьнікам, які ў кароткім эпізодзе ўсіх уразіў, трапна вызначыўшы псыхалягічны партрэт Міры. Яны выцягвалі паперкі зь імёнамі і давалі характарыстыкі аднаклясьнікам. “Дык ён, выцягнуўшы паперку зь Мірай, напісаў: „Калі хочаш пра што-небудзь у яе запытацца — адкажа стопудова“. То бок, ня будзе адмоўчвацца ці блытацца ў словах, а менавіта „адкажа стопудова“”.
Словам, ты адчуваеш, што зараз дасьведчаны псыхоляг будзе зьдзіўляць сваімі трапнымі назіраньнямі, формуламі і прыкладамі і ты будзеш весьціся на гэта, нібы з табой працуе эквілібрыст. Але ўсё гэта толькі запеўка, і ўразьлівы эфэкт хутка зьнікне, пачнецца сапраўднае жыцьцё.
***
Маленькая Міра прыходзіць дадому, а яе добры дзядуля не стаіць на зэдліку ў калідоры, як яна адразу падумала, а проста… вісіць, ён павесіўся. Міры — толькі сем.
“У сэрцы і памяці сямігадовага дзіцяці, напэўна, проста не хапіла месца, каб зьмясьціць гэтую сямейную драму і тое, як яна на кожным зь іх адбілася. Ні думак, ні пачуцьцяў, ні наступных падзеяў і атмасфэры — у памяці Мірынай засталася толькі труна”.
А дзядулю, між тым, не было і 55. Такім чынам у кнізе зьяўляецца рэальнае і непапраўнае здарэньне. І гэта толькі пачатак няпростага вырастаньня дзяўчынкі ў разбэрсанай сям’і алькаголікаў, сярод бясконцых мучэньняў і немагчымасьці штосьці зьмяніць. Аказваецца, столькі ўсяго наварочана вакол гэтай сям’і! Хоць, паглядзіш, выпіваюць. Маўляў, а хто цяпер не выпівае?
І тут мы пераяжджаем у сапраўдную, клясычную фабулярную літаратуру. Зьяўляецца інтрыга.
***
Урэшце, становіцца ясна, што гэта возера Нарач з паселішчамі на ім, і лягер “Зубраня”, і што сям’я Міры — гэта людзі, якія гадаваліся тут і якія так ці інакш прысьвяцілі сваё жыцьцё гэтаму лягеру. Яе бабуля і цяпер працуе там галоўным інжынэрам, яе дзядуля (які павесіўся) працаваў там, пісаў піянэрскія песьні, пакуль ня звольнілі за алькагалізм, яе маці і брат маці Гена, таксама алькаголікі, у тым лягеры на тых піянэрскіх песьнях і расьлі-гадаваліся ў “нармальным” савецкім выхаваньні…
Чытачу, вядома, шмат больш камфортна чытаць пра тое, што ён ведае ці тое, дзе бываў ці пабываў ва ўласным дзяцінстве. Так прасьцей будзе разгадаць і дзядулева самагубства, і тое, чаму п’янства разбурыла гэтую сям’ю і чаму пры ўсіхнай дзіцячай любові да лягера яна, гэтая любоў, чамусьці нікога не зрабіла шчасьлівым.
І далей нам — толькі паглыбляцца ў Мірына дзяцінства, якое праходзіць тут і ўсе калізіі якога адбываюцца тут. Усё апавяданьне быццам бы ад імя Міры, хоць можна падумаць часам — ад Фло ці ад імя аўтаркі Яны Гульцяевай. Але важна, што апавяданьне адно, з адзінай лёгікай і інтанацыяй.
***
Асобны разьдзел называецца “Моўны мур (развагі на палях)”… Дапытлівая аўтарка шукае сваё тлумачэньне загадкавай беларускай моўнай сытуацыі.
“Аднак дакранулася я, у чарговы раз, да сусьвету, дзе моўнае пытаньне было адначасова нявырашаным і лёсавызначальным. Дык ці магу я, калі мова ў маёй краіне дагэтуль вызначае лёсы, зрабіць выгляд, што яна — проста сродак? Што яна — тая ці іншая — ня мае значэньня? Што не прынцыпова — тая яна ці іншая?”
Далей ідзе пералік асяродкаў, у якіх жыве Міра і дзе ніхто й ніколі не гаворыць па-беларуску ці “чыста па-беларуску”: сярод родных, у школе, сярод суседзяў і людзей у пасёлку і далей… Ніхто і ніколі. Хіба толькі ў касьцёле, але Міра не прывучаная была туды хадзіць.
Аўтарка робіць акцэнт на “пачуцьці прыналежнасьці”. Беларусы ня толькі не гавораць па-беларуску, але і ўсяляк пазьбягаюць саміх размоваў пра гэта, пра тое, што яны, беларусы, не гавораць па-беларуску. Вось тут і ўсплывае “пачуцьцё прыналежнасьці” і адразу робіцца неяк няёмка гаварыць пра гэта, пра сябе, пра свой ці то грэх, ці то страчаны шанец, ці то свае магчымасьці… Напрыклад, калі б у краіне існавала вышэйшая адукацыя па-беларуску, гэта была б зусім іншая гісторыя… “Выбіралі тое, што ім давалі, што іх угаворвалі браць”, а свайго выбару ім не пакідалі ніколі.
“Але я шчыра лічу: усё, што вызначае лёсы, — мае значэньне”, — так сканчаюцца гэтыя развагі на палях, якія паводле ўнутранай сілы і дэклярацыйнасьці больш нагадваюць маніфэст.
***
Тэма муру ўсплывае зноў, калі Міра з бабуляй едуць у вёску на Магілёўшчыну да сваякоў, амаль 400 км, але гэта быццам бы іншы мур. Як стаць паўнавартаснай удзельніцай сямейнай гісторыі, калі яна бадай нічога ня можа сказаць пра ранейшыя пакаленьні сям’і, а калі ў Міры пытаюцца: “Як там бацька? Як маці? Чым займаюцца?” — ёй папросту няма чаго адказаць. Як пераадолець гэтую аддаленасьць, адарванасьць, адчужанасьць?
Тэма беларускай мовы будзе зьяўляцца і пазьней, калі бабуля возьме ў Міры кніжку, каб прачытаць “Паром на бурнай рацэ” Караткевіча, дакладней — каб ажывіць у памяці чытанае даўней, але пра тое, што і навошта, прамаўчыць, ня скажа.
І зноў усплыве гэтае “мае значэньне”, калі Мірын дзядзька Гена, таксама п’яніца, які жыве зь імі ў адной кватэры, зробіць спробу ў ваннай ускрыць сабе вены, Міра зноў задумаецца: чаму яны ўсе ніколі не гавораць пра тое, што мае значэньне. “Хто зь іх раскажа пра тое, што здарылася, бабулі… Але замест такога ўсе размаўлялі толькі пра тое, што ня мела ніякага значэньня”.
То бок жыцьцё, сьмерць, мова, якой гавораць, усё, што сапраўды важнае, для іх падкрэсьлена ня мае ніякага значэньня, яны гэтага пазьбягаюць, як у запоях пазьбягаюць самога жыцьця. Яны быццам і не жывуць, а так, мучаюцца, пакутуюць і каюцца, зноў жа напіўшыся.
***
“Калі ўсё самае грувасткае, цяжкое, аб’ёмнае, невытлумачальнае атрымліваецца некуды прыбіраць з вачэй, пастаянна хаваць — то куды, куды ж яно дзяецца? Дзе захоўваецца? Няўжо можна проста пра такое не гаварыць, і яно такім чынам зьнікае, адмяняе, выкрэсьлівае само сябе, нібыта яго і не было?”
І тэма мовы таксама, разам з гэтым не гаварэньнем зьнікае, не закранаецца як штосьці, што ня мае значэньня.
Але ёсьць жа тэмы, якія быццам бы абмяркоўваюцца, хоць таксама быццам і ня маюць значэньня, а насамрэч нібыта і маюць. Так бабуля прапануе Міры пасьля дзявятае клясы паступіць у ПТВ. А гэта цалкам разыходзіцца зь візіяй самой Міры: пасьля адзінаццатай паступіць у лінгвістычны ўнівэрсытэт. І тут бабуліны рацыі натыкаюцца на поўны правал. Міра марыць пра “ін’яз” і толькі пра яго. Яна добра вучыцца, шмат чытае і арыентаваная толькі так.
***
Узяўшы з сабой кніжку, Міра ідзе ў ванну. Тут жа зьяўляецца тлумачэньне назвы рамана — Linea lateralis, што значыць: бакавая лінія.
“Міра атрымлівала асалоду ад цеплыні і мяккасьці вады… Раптам яна пачула, што вярнулася маці: яна ўзбуджана хадзіла туды-сюды з пакоя на балькон, з балькона на кухню і зноў на балькон. Грукалі дзьверы, яна кашляла і нешта бурчала сабе пад нос. Страціўшы здольнасьць канцэнтравацца на чытаньні, Міра паклала кніжку на дыванок ля ванны, зрабіла глыбокі ўдых і акунулася ў ваду з галавой — але так усе гукі здаваліся яшчэ мацнейшымі, а вібрацыі ад лясканьня дзьвярыма прабіралі яе наскрозь. Бакавая лінія, якой адчувае, чуе асяродзьдзе рыба, — гэта я і ёсьць, суцэльная бакавая лінія, чалавек-лінія — вось і ўсё, што я ёсьць такое. Нідзе тут не схавацца: вунь ужо чуецца крык, усё дрыжыць, нехта ломіцца ў дзьверы…”
Неўзабаве п’яная шызафрэнічка маці ўломіцца да Міры і будзе груба ды прыніжальна мыць яе, шчодра асыпаючы матам. Вобраз маці выпісаны ў рамане, пакідае ўражаньне самага нялюдзкага з усіх вобразаў у гэтай кнізе, як абсалютнае зло. Пры тым, што Міра толькі й паўтарае, што любіць маці і што гэта яе самы родны і дарагі чалавек. Але ўсё будзе зноў паўтарацца: то мілая мама, то абсалютнае зло…
У мамы сапраўды шызафрэнія. І Мірына цётка — студэнтка Марго — распавядае гісторыю, што гэта яшчэ ў маміным юнацтве адбыўся сурок, яе сурочылі і вось што трэба рабіць, каб вызваліцца.
***
“Нашая сям’я нармальная, на мяжы, але нармальная” — падумае Міра пасьля выпадку з касой, якая “толькі для касьбы”. Гэта калі яе бацька і ягоны айчым пасьля выпіўкі схапіліся паміж собку, а Міра з жахам успомніла, што там на сьцяне вісіць каса. Мне падалося, ці ня выснавалася тут формула нацыянальнага характару ці, можа быць, гэта ўвогуле формула чалавечага характару: “Нашая сям’я нармальная, на мяжы, але нармальная”… У выніку бацькава сястра цётка Агата забірае Міру да сябе. А там — шчасьлівая сям’я, дзе ўсё добра і ўсе шчасьлівыя.
Пасьля паездкі на мора ў Адэсу, дзе Міра адчувала свабоду і спакой, яна вяртаецца дадому і фармулюе, што яе больш за ўсё мучае — п’яныя наезды маці. “Гэтае пачуцьцё, як чорная птушка, даўно пачало віць сабе гняздо ў Мірынай душы, а цяпер, пасьля такой вандроўкі, што ўяўляла сабою моцны кантраст зь Мірынай паўсядзённасьцю, замацавалася там, здавалася, назаўжды: мне спакойна і шчасьліва там, дзе няма яе — маёй роднай мамы. Дзе яна ня можа мне пазваніць, дзе я не пачую зьнянацку п’яны, гістэрычны, злы голас, які не абяцае нічога добрага. Дзе яна ня зойдзе п’яная ў пакой, калі ёй уздумаецца, ня будзе крычаць, грукаць дзьвярыма, лаяцца. Дзе не наваляецца, не налепіцца гэты нястрымны сьнежны ком і не раздавіць мяне”.
І толькі Міра знаходзіць сабе сяброўку і адхланьне ад усіх праблем, як выходзіць дэкрэт пра “адыманьне” дзяцей зь сем’яў алькаголікаў і перадачу іх у інтэрнат.
Але да таго не дайшло. Наадварот, узьнікае цэлая гісторыя смс-каханьня, першае фармальнае закаханасьці ў галантнага кіроўцу маршруткі цытрыновага колеру “Магілёў-Вільня”, такі сабе аўтаномны твор у творы. У Міры цяпер ёсьць тэлефон і яна можа пісаць і адпраўляць смс.
“Увесь сьвет быў цяпер для яе — лімоньніца на трасе… уласнага жыцьця”. Лаўлю сябе на думцы, што ад пачатку і асабліва ў гэтым эпізодзе няма ні недагаворак ні надуманасьці або прыдуманасьці, а ёсьць сама праўда. Гэта вельмі важная рыса, калі пісьменьнік з табой шчыры, і ты яго па-іншаму і не ўспрымаеш.
***
Ізноў моўнае пытаньне, пра якое нікому ня хочацца гаварыць.
“Няма часу ратаваць памерлае, няма сэнсу. — разважае Міра. — Трэба дбаць пра тое, што дае надзею на будучыню, што адчыняе дзьверы ў наш вялікі, такі разнастайны сьвет. А тое памерлае, але сакральнае для нас — хай яно застаецца ў нашых сэрцах, вось тут, у кніжках, у творах, супраць гэтага ніхто ж нічога ня мае”.
Я думаю, што калі гаворка пра будучыню, дык хопіць аднаго факту: у Беларусі няма ніводнага ВНУ па-беларуску? Ніводнага!
Раптам Міра з возера Нарач (на якім, між іншым вырасла і аўтарка), знаходзіць на возеры маяк — ён проста ў бязьлюдным месцы на касе. Яна шукае і не знаходзіць яго ў буклетах нацпарку і тады проста сядае на ровар і едзе туды, у лютым, па сьнезе. А там — цэлы букет новых знаёмстваў, уражаньняў, новых дзівосаў…
“Я ведала гэта, ведала: засьвеціцца маяк і над нашым возерам! — трыюмфавала ў сэрцы Міра, круцячы пэдалі акалелымі нагамі, прыціскаючы да стырна схаваны ў пальчатцы буклет з нумарам тэлефона, а міма праляталі аўтамабілі і, ня скідваючы хуткасьці, шчодра абдавалі яе і ровар мокрай бруднай калатухай. Але што з таго, ну і што з таго? Над нашым возерам засьвяціўся маяк!”
Сапраўды, як заўважыў на другім канцы гэтага раману ў эпіграфе Сяргій Жадан, “сьвятло складаецца зь цемры і залежыць толькі ад нас”.





