“Расстанне — гэта паломка, я — зламаная птушка”. Маша Лапо чытае раман Алёны Глухавай пра каханне, якое скончылася

Гэты абсалютна паэтычны, вытанчаны і ў той жа час шчыльна напісаны твор заглыбіць вас у свет, дзе асноўныя законы — гэта не логіка і рацыянальнасць, а інтуіцыя і метафара.

закрыть страницу как закрывают ночное небо
такую книгу
хочу прочесть

человека с небом ночным во взоре
хочу повстречать

ибо во мне
пичуга
бороздящая ночь

Дзюнко Такахасі “Пичуга” (з зборніка “Странный ветер.
Современная японская поэзия”)

Раман “Nos corps lumineux” пабачыў свет у 2023 годзе ў французскім выдавецтве Verticales (частка буйнога выдавецтва Gallimard), а цяпер, у 2026-м, у перакладзе Алены Пятровіч ён выйшаў па-беларуску пад назвай “Нашы зіхоткія целы”.

Яго аўтарка Алёна Глухава (Aliona Gloukhova) — не надта вядомая ў беларускай літаратурнай тусоўцы, хоць нарадзілася ў Менску і правяла ў ім больш за 20 гадоў свайго жыцця, і толькі потым пачаліся яе перамяшчэнні па свеце, пра якія мы шмат даведаемся са старонак твора. Сярод зацікаўленасцяў Алёны — псіхалогія, філасофія і фізічны тэатр, і гэта наўпрост уплывае на паэтыку ейнага рамана, якая моцна вылучаецца не толькі ў кантэксце беларускай літаратуры, але і еўрапейскай прозы наогул.

Сюжэт твора — просты: ён пачынаецца фразай “Мой муж перастаў мяне кахаць” — і прызначэннем даты падпісання шлюбаразводных папер. У чаканні гэтай даты гераіня жыве ў розных знаёмых, перамяшчаецца з аднаго месца ў іншае, разважае і ўспамінае. Структура кнігі нагадвае калаж з абрыўкаў успамінаў, разваг і цытат, моцна знітаваны сістэмай унутраных рыфмаў, у якасці якіх выступаюць метафарычныя вобразы.

Адзін з ланцужкоў такіх вобразаў — запамарока, падвешаны стан, падзенне — сімвалізуе страту кахання і апынанне ў свеце, дзе адзінока, балюча і страшна і трэба наноў шукаць сябе і сваё месца. У гэты надзвычай уразлівы момант гераіня ўзгадвае, як некалі дзядуля ў дзяцінстве сказаў ёй: “Калі табе балюча ці страшна, стань даследчыцай” — і гэта тое, што яна ў пэўным сэнсе робіць у сваім творы — даследуе стасункі, пачуцці, людзей, сябе. “Мне падабаецца назіраць за рамантычнымі стасункамі здалёк, агулам. Я больш не ўнутры, таму магу іх разумець, не будучы ўключанай”, кажа гераіня.

Яе даследаванні пачынаюцца з увагі да дробных рэчаў і распасціраюцца да маштабных — у пэўны момант яна звяртаецца да разважанняў над сваім лёсам, наборам “перарваных ліній” (ад’езд з Беларусі, пакіданне выкладчыцкай працы), і лёсам жанчын сваёй сям’і: бабуля з’ехала з Расеі праз тое, што на яе данеслі, маці з’ехала з Беларусі пасля 2020-га. “Я ўяўляю сабе сілуэты жанчын з маёй сям’і, якія лунаюць у паветры, кропкі на мапе неба. У нашых перамяшчэннях мы пэўным чынам звязаныя — між намі нябачныя, дрыготкія повязі. Кожны раз, калі я сядаю ў цягнік, я са сваёй сям’ёй, ніколі не сама”.

Яшчэ адзін важны ланцужок вобразаў — адлегласці, пункты, зрухі, перамяшчэнні, збліжэнне, аддаленне. Праз гэтыя паняцці гераіня тлумачыць многія з’явы рэчаіснасці і ў тым ліку дае свае азначэнні кахання і расстання: “Вось форма, якую прымае каханне — іншы чалавек ловіць цябе пры падзенні і прыводзіць у рух”, “Канец кахання надыходзіць як падзенне, як збег у моманце. які відазмяняе прастору і час, як пункт прыбыцця і адпраўлення”. Героі твора то набліжаюцца, то аддаляюцца адно ад аднаго, адзін з іх (Ларан) нават умее выходзіць з уласнага цела.

Чарговы шэраг вобразаў — нябесных целаў, сузор’яў, карты неба — павялічвае абсяг разважанняў да касмічных маштабаў, звяртае ўвагу на тое, як пераплецены час — сучаснасць, мінулае, будучыня. Такое ўспрыняцце часу тыповае для ўсходняй філасофіі, але можна знайсці і больш блізкія асацыяцыі — так, у часы Караткевіча зварот да такой паэтыкі назвалі б проста рамантызмам — у раманах “Леаніды не вернуцца да Зямлі”, “Чорны замак Альшанскі” аўтар паказваў каханне як сілу, якая аб’ядноўвае людзей праз стагоддзі, а неба ў гэтых творах было кропкай, у якой сустракаліся позіркі продкаў і сучаснікаў.

У пэўны момент метафары руху і зорнага неба ў рамане “Нашы зіхоткія целы” паядноўваюцца: “Часам я ўяўляю нашу супольнасць зменлівай, няўлоўнай — зіхоткія кропкі на мапе неба. Мы ўвесь час перамяшчаемся, падарожнічаем па краінах, мігруем, мяняем месца жыхарства — утвараюцца новыя сузор’і”. 

Чытаючы гэтыя радкі, я згадваю выставу амерыканскай мастачкі эфіёпскага паходжання Джулі Мерэту, працы якой сёлета выстаўляліся ў варшаўскім Музеі сучаснага мастацтва. Асновай многіх карцін Джулі, якія залічваюць да “абстрактнага экспрэсініязму”, або “інтэлектуальнай абстракцыі”, часта становяцца схемы гарадоў. Яна праецыруе выявы на палатно, аб’ядноўваючы мінулае, сучаснасць і будучыню ў адну прастору. Джулі наносіць малюнак, пасля чаго пакрывае яго тонкім празрыстым пластом акрылавага гелю, які фіксуе лініі, нібы “замарожваючы” іх у часе. Потым наносіць наступны малюнак. У выніку глядач бачыць адначасова дзясяткі пластоў. Атрымліваецца своеасаблівая гістарычная склейка, у якой кожны пласт — як эпоха, што паступова сыходзіць у глыбіню памяці, але застаецца бачнай. А людзі на палотнах Мерэту — гэта рыскі, кропкі і штрыхі. Яны “жывуць, змагаюцца, мігруюць і ствараюць цывілізацыі”. Вобразы мастачкі надзвычай перагукаюцца з паэтыкай рамана “Нашы зіхоткія целы”, дзе людзі — таксама кропкі і лініі, а мінулае і будучыня ўзаемапранікаюць адно ў адно.

Аднак творчае ўяўленне Алёны Глухавай не абмяжоўваюцца толькі сістэмай кропак і ліній, яшчэ адзін фокус яе ўвагі — цялеснасць і цялеснае ўспрыманне. Наколькі папярэднія метафары былі абстрактнымі, настолькі ж апісанні цялеснасці робяць гэта твор, наадварот, набліжаным да жывёльнай рэальнасці. Людзі — гэта істоты, якія прынюхваюцца адна да адной і непасрэдна рэагуюць на любую змену ў наваколлі. “У першы вечар я пераходзіла з пакоя ў пакой, усюды запальвала святло, нюхала паветра”, “Я наноў адкрываю свае канцавіны, свае органы — маё сонечнае спляценне сумуе, я прашу свой жывот перастаць баяцца”, “Мужчына, якога я сустрэла на гэтых занятках… сказаў, што ў мяне энэргія ваўка, белага сабакі, гэткі ж чырвоны позірк”.

Паяднанне паэзіі і філасофіі з паэтыкай цялеснасці робіць “Нашы зіхоткія целы” маніфестам, одай усяму таму, што мы прывыклі атаясамліваць з чалавечым, вельмі чалавечым: людзі — гэта дзівосныя істоты, якія, з аднаго боку, маюць мову, уяўленне, абстрактнае мысленне, якое сягае ў нябесныя далі, з іншага, — патрабуюць кантакту адно з адным і абсалютна залежаць ад сваіх пачуццяў і жывёльных інстынктаў.

Пры гэтым варта адзначыць, што твор Алёны Глухавай апісвае нам не нейкую ўмоўную рэальнасць — не, гэта сучаснасць, у якой натуральнай часткай паўсядзённасці сталі сучасныя тэхналогіі: гераіня нагаворвае нататкі ў тэлефон, размаўляе са знаёмымі па скайпе, ходзіць на анлайн-курсы, падчас якіх бачыць на экране “квадрацікі з людзьмі”, узгадвае часы лакдаўну падчас пандэміі, калі “звыклыя сувязі распаліся”. У той жа час уся паэтыка рамана сатканая з пачуццяў, успамінаў і гульні ўяўлення — то бок з таго, што штучны інтэлект можа толькі імітаваць, бо не мае памяці і сваёй персанальнай гісторыі, не мае біялагічнасці і смяротнасці. Таму гісторыя гераіні — гісторыя вельмі чалавечага досведу.

Як я ўжо адзначыла, рэальнага дзеяння ў рамане не так і шмат: гераіня пераязджае, размаўляе, чытае, гуляе — калі з ёй што здараецца, дык хіба ўспаміны і выпадковыя сустрэчы. Але шмат дзеецца ў свеце ейнага ўяўлення: “Ты ведаеш, што насамрэч мы множныя і напэўна цякучыя?”. Метафара, асацыяцыя, нечаканая думка — паўсюль, і гэта асноўны механізм, рухавік дзення. Кефір, выпадкова разліты на плашч, становіцца сузор’ем. Як казала сама аўтарка падчас аднаго з пісьменніцкіх майстар-класаў, яна стварае свой тэкст, як мароз пляце іней на шкле: сюжэт узнікае з разгортвання выпадковых асацыяцый у розных кірунках.

Недзе ў апошняй траціне кнігі прыходзіць стома ад несупыннага нарошчвання метафар, бо сюжэт істотна не рухаецца наперад, а пастаянна сыходзіць некуды ўбок, тэкст працягвае быць цякучым і рызомным. Пры гэтым хочацца, каб у мастацкай рэальнасці нарэшце адбылося нешта значнае. І яно пачынае адбывацца: прыспявае час падпісання шлюбаразводных папер і канчатковага рашэння: заставацца разам ці разыходзіцца.

Напярэдадні гэтай падзеі напружанне гераіні нарастае: “Штораніцы я іду ў ванны пакой, каб паглядзець на сябе ў люстэрка, але ў ім заўсёды нехта іншы”, “Свет выслізгвае ад мяне, запамарока, усё размытае”. Што далей — можаце дазнацца самі, калі захочаце прачытаць кнігу.

Па тэме, паэтычна-адчужаным аповедзе і нават загалоўку раман “Нашы зіхоткія целы” так і хочацца супаставіць з творам “Нябеснае дзіця” французскай аўтаркі Мод Сімано (выйшаў у 2020 годзе). У ім галоўная гераіня пасля разводу з’язджае з Парыжа са сваім сынам-першакласнікам на маленькі шведскі востраў, дзе ў XVI стагоддзі жыў і працаваў дацкі астраном Тыха Браге. Кампазіцыйна і стылёва гэтая кніга зусім іншая: аповед тут вядзецца дастаткова паслядоўна і ўтрымлівае дзве паралельныя лініі: жыццё гераіні і жыццё астранома Тыха Браге. Аднак настраёва яна вельмі перагукаецца з раманам Алёны Глухавай, і развязка твораў мае агульныя матывы: абедзвюм гераіням сувязі з космасам і мінулым, а таксама дыстанцыя і адасобленасць ад руціннага жыцця дапамагаюць залячыць душэўныя раны, здабыць унутраную свабоду і па-новаму зірнуць на свет.

Параўнанне з раманам Мод Сімано — не толькі пра нейкія агульныя тэндэнцыі ў еўрапейскай літаратуры, але і пра тое, наколькі натуральна твор беларускай аўтаркі выглядае ў еўрапейскім кантэксце, пашыраючы тэматычныя і жанрава-стылістычныя межы беларускай літаратуры.

Марыя Лапо, для bellit.info