Сяргей Дубавец у новым выпуску падкаста занураецца ва ўспаміны пачынальніка беларускай фатаграфіі Яна Булгака

У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец занураецца ва ўспаміны пачынальніка беларускай і польскай фатаграфіі Яна Булгака “Край дзіцячых гадоў” (выд. “Беларусь”, пер. Т.Г. Вяршыцкай, пер. вершаў С. Законнікава), які нарадзіўся ў кастрычніку 150 гадоў назад. Тая самая вызначальная, пераходная эпоха канца ХІХ — пач. ХХ стст., апошнія дзесяцігоддзі шляхецкай Беларусі, вельмі эмацыйныя і пры гэтым інфармацыйныя назіранні пра якую з глыбіні дзяцінства аўтара нагадваюць часам занатоўкі этнографа, а часам карціны пільнага мастака.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.

6 кастрычніка адзначалі 150-я ўгодкі Яна Булгака, клясыка беларускай і польскай фатаграфіі. Хоць паводле новага стылю дата прыпадае на 18 кастрычніка. І я зьняў, нарэшце, з паліцы кнігу ягоных успамінаў, набытую 22 гады таму і пакінутую для чытаньня “на потым”. Я трохі ведаў пра калясальны даробак фотамастака, які сфатаграфаваў, здаецца, усю Беларусь, якой яна была сто гадоў назад. Асабліва гэта тычыцца містычных гарадзкіх краявідаў колішняй Вільні і старых беларускіх “панскіх” сядзібаў.  На супэрвокладцы — фота аўтара з двума кацянятамі. Пазьней такую пастаноўку паўторыць для свайго вядомага партрэту Ўладзімер Караткевіч… 

Такім чынам, у “Літаратурных зацемках” трэцяя кніга “памешчыцкіх” ці “панскіх” успамінаў. Раней ужо былі прачытаныя і прачутыя “Шчанячыя гады” Мэльхіёра Ваньковіча і “Дом” Андрэя Горвата — пра сядзібу Горватаў у Нароўлі… Кніга Яна Булгака “Край дзіцячых гадоў” таксама пачынаецца ўмоўна канцом ХІХ ст., а па сутнасьці — усёй пэрспэктывай беларускага існаваньня, і канчаецца пачаткам ХХ ст., фактычным канцом шляхецкай Беларусі, якой яна была спрадвеку і да прыходу ў нашыя землі расейскіх парадкаў, якія яе зьнішчылі.

У Булгака гаворка ідзе пра маёнтак Асташын і ваколіцы на Наваградчыне, па сутнасьці гэта мясьціны Адама Міцкевіча, апісаныя ім у эпічнай паэме “Пан Тадэвуш”.

“А потым ужо ўся рэшта жыцьця, — піша Ян Булгак, — была запоўненая тым адзіным: уваскрашэньнем у думках і замацаваньнем словам і вобразам прыгажосьці страчанага раю”.

У камэнтарах мы знаходзім зьвесткі пра тое, як “страчваўся гэты рай”.

“Мясцовы двор, пабудаваны ў канцы ХVІІІ ст., які лічыўся прататыпам Сапліцова, спалены савецкімі партызанамі 16 мая 1943 г.”

“Дом спалены (разам зь целамі забітых уладальнікаў) савецкімі партызанамі ў 1943 г.”

“Дом зь лістоўніцы ў Варончы… Спалены разам з жыхарамі савецкімі партызанамі 30 чэрвеня 1943 г.”

Лішне казаць пра тую неміласэрнасьць, зь якой бальшавікі зьнішчалі новаствораную і спрадвечную Беларусь, на месцы якой ня мусіла застацца нічога і нікога.

***

Успаміны Булгака вельмі эмацыйныя і вельмі інфармацыйныя, нездарма яго назіраньні з раньняга дзяцінства нагадваюць занатоўкі этнографа. Ён піша:

“Прытрымліваліся старога вясковага правіла, што за грошы купляюць толькі соль і жалеза, а ўсё астатняе трэба мець самім, хатняй вытворчасьці. Час, вядома, рабіў усё часьцей адступленьні ад гэтага правіла, але я сам добра памятаю палатно і саматканае сукно, вытканыя на месцы, а таксама дываны над ложкамі, якія вызначаліся густам і шляхетнасьцю стылю. Гэтым мы абавязаныя працавітасьці і ўменьню нашых прабабак, якія валодалі шырокімі практычнымі ведамі ў сфэры гаспадаркі і хатняга рукадзельля, хаця ня мелі іншае падрыхтоўкі, акрамя дамашняй. Яны былі сьветлым прыкладам разумнага кіраваньня і няшмат ведалі пра культуру і раўнапраўе жанчын”. 

Але ж не ўтрымаўся аўтар ад іроніі, пры чым іроніі і з часу, і з таго, што ім такія прабабулі ўжо не дасталіся, і з эвалюцыйнае цемнаты, і з самога сябе, іранічнага.

***

Часам сустракаецца прафэсійная думка фотамастака, які за жыцьцё зьняў многія тысячы дрэваў.

“Толькі лісьцевыя дрэвы надаюць краявіду насычаныя і сакавітыя колеры, зеляніна іглістых дрэваў, а менавіта сосен, манатонная і мёртвая”.

Гэтая думка — у самым пачатку кнігі, а ў канцы аўтар быццам кампэнсуе яе, калі слухае лес і спрабуе пачуць ягоную размову, ягоную музыку:

“Я зразумеў, што толькі хвойныя дрэвы сапраўды шумяць, тады як іншыя — шапацяць, трапечуцца альбо гучаць і грымяць. Гэты шум сваім гукавым зьместам адпавядаў аманатапеі зьявы: вецер, праплываючы паміж сухімі шпількамі кронаў, выразна выдаваў такое шумнае «ш ш ш ш ш ш ш ш», якое часам пераходзіла ў цьвёрдае «с с с с с с с» са сьвістам і доказна нагадвала, што гэта «ссссосссссны» так адгукаюцца. Фонам жа для гэтых гукаў было нейкае сумнае на працяглай ноце «у у у у у у у у» і вібрацыя канцавога «м м м м м м» надавала гэтаму шуму адценьне расплывістай мэлянхоліі «ссссосссснаў шуууууумммм… сссссоссссссснаў шууууууммммм» чуў я паўсюдна ў отмыцкіх лясах, і гэты шум станавіўся фонам паўсядзённага жыцьця. У ім была ўся шкала тонаў і адценьняў, якое магло ўлавіць толькі прызвычаенае вуха і прыхільнае сэрца. Я хутка зжыўся з гэтым шумам, палюбіў яго, сам таго ня ведаючы і навучыўся раствараць у ім свае ўласныя пачуцьці”.

І гэта толькі пачатак размовы зь лесам, калі аўтару здаецца, што ва ўсім сьвеце не адбываецца нічога больш важнага за эмоцыі лесу і ягоныя водгукі на твае ўласныя пачуцьці. 

***

“Булгакі, мае продкі ў бліжэйшых пакаленьнях, паходзілі з Ігуменскага павету ў глыбіні Меншчыны…” — піша аўтар, чым нагадвае нам пра Калюжычы таксама Ігуменскага павету, у якіх гадаваўся Мэльхіёр Ваньковіч.

Генэалёгія паказвае, што род Булгакаў даўно і шчыльна сплецены зь гісторыяй Беларусі: тут і ўніяцкія біскупы і маёмасьць па ўсёй краіне… Не было б дзівам убачыць у сярэднявеччы іх як беларускі татарскі род.

Дасьледнікі выводзяць Булгакаў ад татарскага мурзы Саід Ахмета, сын якога прыбыў з Крыма ў Літву. Удома захоўваўся куфар з дакумэнтамі роду, што зноў нагадвае нам пра Мэльхіёра Ваньковіча, які піша: 

“Сярод іншага на гарышчы, у старым куфры, запханым паперамі, я знайшоў пэргамэнт з уласнаручным подпісам караля Жыгімонта Аўгуста (ад 16 чэрвеня 1570 году), які надаваў Наватрэбам прывілей на валоданьне карчмою, — манускрыпт, напісаны па-беларуску, які пачынаўся словамі: «біў нам чалом чашнік наш»”.

Далей зусім дысанансна гучаць эпізоды зь дзяцінства Булгака, якія, відаць, мусяць падкрэсьліць расьпешчанасьць і свавольства адзінага дзіцёнка ў бацькоў:

“Над канапай на сярэдняй сьцяне віселі тры пачарнелыя ад старасьці алейныя партрэты Грамыкаў (радня з матчынага боку) з пачатку ХІХ ст., але трэба з сорамам прызнаць, што імі больш цікавіліся павукі і мухі, чым людзі, бо іх пакрываў тоўсты слой бруду, з-за якога былі ледзь бачныя твары. Гэтыя партрэты былі так даўно забытыя і занядбаныя, што ніхто не пратэставаў, калі я павыдзяўбаў ім вочы, страляючы ў іх з лука, і ніхто не растлумачыў мне ўсёй агіднасьці глупства майго ўчынку”. 

У словах “ніхто не растлумачыў” мне чуецца занядбаны арыстакратызм напрыканцы існаваньня шляхты і нават поўная неахайнасьць, калі Булгак апісвае “кагорты мажных бурых прусакоў”, што панавалі на кухні, і гэта нікога не бянтэжыла, бо прусакоў лічылі відам хатніх жывёл, як катоў ці мышэй. Клопат быў хіба ў тым, каб ня зьесьці тлустага прусака, які зваліўся табе ў талерку. Тады яго лыжкай выкідалі проста на падлогу і працягвалі трапезу…

***

Бясспрэчны Булгак як фотамастак, як тэарэтык фотасправы, што глядзіць на здымак, як на твор жывапісу.

“Гэтая пляцоўка была найлепшай кропкай сузіраньня: ад вяршынь пясчаных пагоркаў на ўсходзе вочы інстынктыўна адварочваліся на захад, дзе іх чакала радасьць: быў відаць увесь адкрыты гарызонт, безьбярэжны, які зьніжаўся і расьсьцілаўся ля ног назіральніка, як гарысты плян, перакрэсьлены рукой велікана, прыгожая панарама даліны Сэрвачы з блакітным завітком ракі, з букетамі двароў і вёсак, што рассыпаліся па даліне, — усё добра відаць, як бы з птушынага палёту, і сьвеціцца  ціхім ясным быцьцём”. 

Тут нават недарэчным было б пытаньні пра тое, чым запомнілася сядзіба роду, родны дом. Бо бездакорны гэты будынак апісваецца як добры і жаданы сябра. Як і дрэвы вакол яго, як і шыкоўныя краявіды.

Генэалёгія роду вывучаецца і апісваецца скрупулёзна пра кожнага продка і бачна, што гэта ня проста цікавасьць, а атрыбут годнасьці. Інакш кажучы, тое, што складае формулу прыстойнасьці чалавека. Прыстойны чалавек мусіць ведаць свой род ад пачатку, ведаць усе радавыя маёнткі, мусіць ушаноўваць учынкі продкаў, што будзе сьведчыць і пра яго самога.

Дзеля чаго ўрэшце задуманая была рэстытуцыя — не для ўзбагачэньня, а для вяртаньня свайго становішча і годнасьці. Прыстойны чалавек можа не кантраляваць свае пачуцьці, бо яны робяць яго шчасьлівым, асабліва ў дзяцінстве.

“Зь дзіцячых гадоў я ўмеў моцна і палка хацець, з такім напружаньнем думкі, якая ўпрыгожвала, і волі, якая прагнула, што ажыцьцяўленьне малявалася ў маіх марах у цудоўных вобразах дасканалай прыгажосьці ці найвышэйшага шчасьця…” 

***

Булгак паводле нараджэньня і кар’еры, відаць, мог бы назвацца беларусам, калі б захацеў. Тут усё ўпіраецца ў пытаньне: а чаго б ён тады дасягнуў? Такое пытаньне, думаю, стаяла і перад Мэльхіёрам Ваньковічам і перад Эвдардам Горватам.

“Юлька была маёй нянькай ад першых дзён… Яна мела дачку Франусю, маю равесьніцу, якая неміласэрна бурчала па-беларуску, хоць са мной размаўляла толькі па-польску. Гэтая Франуся, разам зь Міхасём — сынам эканомкі фальварка былі маімі першымі сябрамі ў гульнях”.

“Юлька называла мяне па-беларуску «каточак», «дзетачка», «любачка», і гэтыя назвы на яе мове гучалі вельмі ўтульна і пяшчотна”.

“Пра гэтую мову трэба тут сказаць некалькі словаў асобна… Але на штодзень, у жывой мове, якая ўзьнікала непасрэдна і імпульсіўна, у нас было нешта асаблівае, блізкае да размоўнай, якая склалася пад моцным уплывам народнай беларускай гаворкі з дадаткам розных іншых уплываў… А зрэшты народная гаворка пранікала ва ўсе поры жыцьця двара, на ёй бегла гаварылі ня толькі дарослыя, але ёю хутка авалодвалі дзеці, кантактуючы са слугамі і работнікамі. Тыя, наадварот, лёгка вучыліся па-польску, але недакладна і неміласэрна калечылі польскую мову гутарковым варыянтам, які нагадваў рускую мову старых літоўскіх актаў XVI і XVII стст”.

“Бацька кампаніі расіян пазьбягаў, як чорт сьвянцонай вады. Затое любіў беларускую гаворку як родную, нараўне з польскай мовай, і ахвотна ёй карыстаўся нават у размове з намі, цытуючы якія-небудзь народныя прыказкі ці характэрныя выказваньні. Ён гаварыў пра добрыя ўчынкі: «Кінь за сабою, а знойдзеш перад сабою», пра ашчаднасьць: «Ёсьць — то разыдзецца, няма — то абыдзецца», «Даганяючы не нацалавацца», «Свая сярмяжка — нікому ня цяжка», «Ахвота горш няволі», «Воўк сабакі не баіцца, адно зьвягі ня любіць», «Пашлі дурнога, а за ім — другога». Можна без канца працягваць гэтыя ляпідарныя зярняты народнай мудрасьці і спрыту, якія зь любоўю ўжывалі бацькі, а мы слухалі, запаміналі і ведалі, як нешта вельмі блізкае. Мы любілі гэтую мову, але ня ведалі, што нехта мае прэтэнзію называць яе беларускай, бо гэтая назва не існавала ў нас увогуле і яе ня ведалі і не ўжывалі сяляне. Мову гэту проста называлі сялянскай, «простай» або «мужыцкай»”.

***

“Я добра памятаю фаэтон, які называўся ў нас «Глазенапка», таму што быў куплены за бясцэнак, у стане растрэсенага шкілету ў рускага марнатраўцы інжынэра Глазенапа і перароблены ў Асташыне на першаклясны экіпажык — лёгкі, зручны і сапраўды элегантны… Дзякуючы гэтаму прозьвішча інжынэра засталося прыклеенае да экіпажа і было ў нас увесь час на языку. Карэту раздабылі падобным спосабам, толькі мусіць яшчэ больш непрыстойным, які сьведчыў пра бяспрыкладную легкадумнасьць расейскіх памешчыкаў-землеўладальнікаў у нашым краі, якія, зрэшты, станавіліся імі з ласкі ўраду задарма, у іх вецер сьвістаў у кішэні і русыфікацыя была сэнсам іх існаваньня”.

Як пранікала ў край русыфікацыя, мы бачым ня толькі на прыкладзе чужых наежджых расейцаў. Цяжэй гэта перажывалася, гледзячы на сваіх, родных нібыта людзей. Булгак піша:

“Міхалоў быў другім этапам майго сутыкненьня з далёкім і чужым сьветам, бо прыезд дзядзькі Браніслава ў Асташын з-пад Менску быў першым этапам гэтага знаёмства. У абодвух выпадках, нягледзячы на цікавасьць, я атрымліваў гусіную скуру на душы ў маральным сэнсе, бо адчуваў, што да нас прыходзяць справы і звычаі ня нашы, бо яны паходзяць з варожага нам сьвету, — яны абуджалі мой інстынктыўны недавер і непрыязь. Дзядзька Аляксандар, аднак, першы даў мне пазнаёміцца з тыпам чалавека дагэтуль мне невядомага, даў мне знаць, што ня ўсе належаць да распаўсюджанага ў нас роду людзей сьціплых і высакародных, адданых сям’і і дому, якія не паддаюцца расхістваньню звычаяў і наўмыснаму выкарыстаньню. Са зьдзіўленьнем я зразумеў, што ён адрозьніваецца ад усіх маіх самых блізкіх, ад яго веяла нейкім душком цывілізацыі вялікага горада, больш рафінаваных патрэбаў і навыкаў, больш кампрамісных маральных асноваў. Вядома, я ня мог гэта сфармуляваць дакладна, але адчуваў чужароднасьць людзей такога роду і толькі зь цягам часу змог кваліфікаваць гэта як уплывы русыфікацыі, якая несла бяздумнае карыстаньне і маральную немач”. 

У цэлым Ян Булгак паўстае як натура рамантычная, але пры тым здольная разгледзець тую ж шматслойнасьць русыфікацыі, якая ўрэшце забрала і зьнішчыла ягоную радзіму, але не адняла ягонага зроку мастака.

“Адной радасьці вачэй мне было дастаткова, каб жыць” — дэвіз, выбраны мною для гэтых успамінаў. 

Так урэшце клясык фатаграфіі акрэсьліў сваё жыцьцёвае крэда, якое прынесла яму немалыя страты, але і вялікія набыткі.