Дубавец чытае анталогію эсэ пра суседзяў “Іду да вас, людзі” ад выдавецтва “Пфляўмбаўм” — падкаст

У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец чытае анталогію эсэ пра суседзяў “Іду да вас, людзі”, якая выйшла ў жаночым выдавецтве “Пфляўмбаўм”. Кніга складаецца з васямнаццаці эсэ з розным бачаннем і прачытаннем панятку “суседства” ад аўтарак рознага веку па абодва бакі беларускай мяжы.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.

Анталёгія эсэ, што выйшла ў жаночым выдавецтве „Пфляўмбаўм“, гэта творы 18-ці аўтарак, празь пісьмо якіх, паводле ўступнага слова Сьвятланы Алексіевіч, „ужо праглядае будучыня“, і ня можа не інтрыгаваць разнастайнасьцю стыляў ды арыгінальнасьцю думак нашых сучасьніц з абодвух бакоў беларускай мяжы. Такая анталёгія ператвараецца ў сапраўднае сьвята чытаньня. Адзінае, пра што вы з гэтай кнігі не даведаецеся, гэта — пра анталягічнае суседзтва, што праяўляецца ў прыватных гісторыях ды параўнаньнях, нічым не зьвязаных паміж сабою. Але гэта ня так істотна, бо толькі пацьвярджае выпадковасьць самога гэтага панятку — суседзтва.

Гэта разумееш ужо спачатку, з прадмовы Евы Вежнавец, якая прызнаецца, што ня любіць суседзяў, бо „гэтае слова заўжды выклікала ў мяне страх і пачуцьцё несвабоды, няёмкасьці…“ і што ў ейным дзяцінстве асаблівую непрыязнасьць абуджаў гэты слоган „Иду к вам, люди“ як квінтэсэнцыя фальшу. Яна піша: „Чужая навязаная мова і чужы навязаны імпэратыў. У 1970–1980-я гэтая фраза была азнакай савецкага калектывізму… Школьны і вясковы калектывізм і суседзізм, немагчымасьць мець таямнічае жыцьцё ў таямнічых садах выклікалі ў мяне нават не нянавісьць, а пачуцьцё глыбокага смутку і фізычнага недабрабыту“.

„Пекла — гэта іншыя“, — кажа Ева Вежнавец, спрабуючы выйсьці на дуалізм жыцьця, дзе дабро адшукаць няма дзе, як у зьле, — „але ў гэтым пекле трэба было навучыцца жыць, бо ўсё, чаго ты прагнеш, могуць даць табе толькі гэтыя Суседзі, Чужынцы — іншыя людзі. Як узяць ад іх усё, што хочаш, не збліжаючыся і не адкрываючы свайго? Гэтая задача займала мяне многія гады… Справа была ў тым, што я не была на вяршыні, а яны не былі з долу — мы разам варыліся ў гэтым складаным, пярэстым няшчасьці, у карнавале жыцьця“.

„Мець Асобу — ня меншы праклён і пекла, чым мець Суседзяў, жыць зь Іншымі. Пекла — гэта ня толькі Іншыя, гэта і Ты“. 

***

Словам, праявы дапамогі з боку Суседзяў або Іншых Ева Вежнавец успрымае як цуд, які ня мае ніякага рацыянальнага абгрунтаваньня, бо самое жыцьцё бачыцца як містэрыя. А я зьвяртаю ўвагу на гэты „непрыязны“ слоган „Иду к вам, люди“, які Вежнавец называе квінтэсэнцыяй фальшу — падобны да загалоўку ў раённай газэце і, што важна, падае яго ў арыгінале, па-расейску. Па-беларуску, здаецца, у назьве ўсёй гэтай анталёгіі ён проста патыхае савецкім часам, нечым сэрвільна-бюракратычным і я разумею, што трапляю ў сьвет, дзе пануе неістотнасьць у розьніцы моваў. Некаторыя аўтаркі, відавочна, пісалі свае тэксты па-расейску, але гэта ня будзе пазначана, хоць яны вядомыя найперш, як рускамоўная аўтаркі. І калі гэта лічыць тонкасьцю, то гэта такая тонкасьць, у якой хаваецца сэнс… 

Важна і тое, што суседзі — быццам невыразная дэфініцыя, бо гаворка ідзе ўвогуле пра пазнаньне сьвету. Таму кожная аўтарка кіруецца і абірае гісторыю з уласнага досьведу, і, як правіла, пра сябе. 

Скажам, Юля Арцёмава, калі яны эмігравалі ва Ўкраіну, увесь час насьцярожана чакала ад украінцаў нэгатыўнай рэакцыі на сваё беларускае паходжаньне. Гэта такое сабе выпрабаваньне — цярпець праз тое, што вырабляе ў Беларусі ўлада, да якой ты ня маеш ніякага дачыненьня, ад якой ты й сам цярпіш, ад якой ты ўцёк, бо яна цалкам чужая табе істота, цалкам чужая тваёй Беларусі, зь якой ты мусіў выехаць празь небясьпеку — ад удады… Каму расказаць пра такое? І як такое зразумець?

Таня Арцімовіч на курсах нямецкай мовы зацікавілася, чаму ў Нямеччыне існуе гэты выраз — „дзяўчаты ў хустках“, які значыць таксама і жанчын у хіджабах, у адносінах да якіх выраз мае абразьлівы характар. А якія ў беларусак адносіны з хусткамі, напрыклад, у адукаванай маці аўтаркі, якая хустку ня носіць, бо тая значыла б старасьць і канец жыцьця. І вось як у немцаў пераадольваюць гэтую абразьлівасьць фразы „дзяўчаты ў хустках“, каб яна больш не абражала жанчын у хіджабах…

Тафіля Багач згадвае, як ёй было 11—12 гадоў і яны з бабуляй абіралі парэчкі на вясковым двары бабулі. А побач жыла старая суседка — пра яе і гэты тэкст, які не назавеш эсэем, бо гэта звычайная гісторыя пра заняпад вясковага людзтва і самой вёскі. Што, дарэчы, магло б стаць тэмай для эсэ.

У Вікі Біран таксама — вёска на мяжы Палесься, але гэта і ўсё, што лучыць гэты тэкст з папярэднім.

„Так паездку з Бэрліна ў Франкфурт (на-Одэры) можна ўявіць як паездку з Брэста ў Пінск, а з Франкфурта ў Патсдам — як зь Пінска ў Лунінец. Усё звычайныя электрычкі! Ня будзем параўноўваць дызайн вагонаў і водар мыла ў прыбіральні, сканцэнтруемся на адчуваньні часу і прасторы“.

Гэта простыя нататкі. Але ж ловіш сутнаснае, адчувальнае адрозьненьне таго, што працягвае пісацца ў Беларусі і таго, што ўжо пішацца за мяжой. Тое, што за мяжой, быццам адразу ўбудоўваецца ў само тамтэйшае жыцьцё і літаратуру, яно, напэўна, вальнейшае і не нагружанае адчуваньнем небясьпекі, адкрытае да ўзаемадзеяньня зь літаратурамі тых краін, якія ў Беларусі чамусьці афіцыйна прызнаныя „варожымі“.

„Кажуць, Пінск стаіць на месцы, нікуды ён ня зьнік, — піша Віка Біран. — Пляжы «Сабачка» і «Залатыя Пяскі» яшчэ існуюць. Арган у касьцёле працуе, і нават знакаміты «пінскі сьнікерс» з гарэхамі ці разынкамі па-ранейшаму можна набыць у «Залатым Коласе». Гэтая стабільнасьць мне на руку, бо аднойчы я пляную вярнуцца туды — так, як пра гэта ўжо ня раз марыла. Пінск, я сумую па табе! Франкфурт-на-Одэры, дзякуй, што гатовы прыняць мяне ў сваіх абдымках і нагадаць, што часам сьпяшацца нікуды ня трэба, што фортка ва Ўсходнюю Эўропу існуе, што ў мігрантак — свая асаблівая радзіма, дзесьці на мяжы паміж былым і будучым“. 

***

Аўтарка, якая піша пад псэўданімам Ліна Брык, называе свой тэкст „Тут, за плотам“, у чым я лаўлю ноту пакрыўджанага самапрыніжэньня. Быццам сам гэты плот — рудымэнт савецкае зашоранасьці. Яна піша:

„Напрыклад, калі муж зьбівае жонку. Людзі, якія жывуць вышэй ці ніжэй, лявей ці правей, тыя, што называюцца «суседзямі», усё чуюць, усё ведаюць, але ніхто, ні адзін і ні адна зь іх ня будзе ўмешвацца. Тое, што адбываецца пры зачыненых дзьвярах, — ня іх справа“. Гэта тэкст пра ўмоўнае суседзтва ў часе перасьледу. Суседзтва — гэта тое, што выкарыстоўваецца ў рэпрэсіях… Напрыклад, згадваюцца суседзі-наглядчыкі… і гэтак далей.

На гэта Наста Захарэвіч быццам адгукаецца ўжо адтуль, не з-за плоту, а з-за мяжы, і расказвае пра той самы сямейны гвалт і суседзкую абыякавасьць: „Гэта ж ня першая жанчына, якая так крычыць у гэтай кватэры. А сусед, які біў спачатку першую, потым другую, цяпер трэцюю… Яго, вядома, асуджаюць, не падумайце! І нават перасталі зваць на шашлыкі. Але па будматэрыялы па-ранейшаму ходзяць у ягоную краму. Ён жа і зьніжкі робіць, і разьмешчаная крама так зручна, і ўвогуле ўсе ўжо так звыклі“. 

***

Чытаючы гэты зборнік, я патроху ўсьведамляю, што найбольш гучныя імёны ў сучаснай (сёньняшняй) беларускай літаратуры, найбольш прасунутыя і перакладабельныя, пасьлядоўна трымаюцца за клясычны правапіс. Таксама як гэта робіць у перакладах Сяргей Шупа ці ва ўласных творах Альгерд Бахарэвіч або, як у гэтай анталёгіі, Ева Вежнавец і Югася Каляда. Магчыма, інакш і нельга стварыць брэнд пісьменьніка, як ня чыстаю моваю, ад пачатку зь нескалечанага матэрыялу, бо брэнд мусіць рабіцца з сапраўднага золата, а ня з танных замяняльнікаў. Можа быць, вам гэта падасца неістотнай дробязьзю, але ў гэтай дробязі насамрэч зашытае ўсё — і найперш праўда твайго ўласнага выказваньня і твайго ўласнага імя. І яшчэ гэта праўда пра зьнішчаную ў 1930-я гады літаратуру і мову. Мы не імітуем памяць пра трагедыю, мы прынялі яе такой, якой яна ёсьць. Наркамаўка ж толькі імітуе беларушчыну і робіць выгляд, што робіць адзіна правільна, а я кожны раз думаю, напрыклад, пра беларускую хадэцыю, якая заўсёды пасьлядоўна трымалася несавецкай традыцыі, а сёньня чамусьці (ледзь яно так сама і не напісалася, „перешла на русскую“). Чаму чытаньне Евы і Югасі ўжо гарантавана дае асалоду незалежна ад тваіх адносінаў да саміх аўтарак і тэмаў? „Асалода чытаньня“ — гэта пра яе. Пра мяккія знакі, пра беларускае поўнагалосьсе, пра ня і бяз, у якіх схаваная тая магутнасьць мовы, якую не заўсёды растлумачыш, але абавязкова адчуеш, да дрыжыкаў.

Югася Каляда піша пра тое, як яна ненавідзіць эўфэмізмы там, дзе мусіць быць канкрэтнае слова. А наркамаўка — гэта своеасаблівы эўфэмізм беларускае мовы, беларуская мова рускамоўных беларусаў. Сам беларус ці ў Беларусі ці ў эміграцыі — гэта эўфэмізм, які не пачуваецца свабодным і ня можа сказаць, чаму. Гэта — яно. „Яно існуе, гэтае нявымаўленае, гэтая сучасная гісторыя Беларусі, складзеная з чалавечых лёсаў“.

Часам быццам перастаеш заўважаць, якім правапісам піша чалавек. І раптам, схамянуўшыся, кажаш сабе: гэта ж эўфэмізмы, я проста перастаў бачыць іх у тым, пра што чытаю, у сваёй краіне і… сам у сабе. Склалася так, што пра гэта гаварыць не прынята, усе робяць выгляд, што гэта нармальна, што гэтага быццам не існуе. І нават сам дэкалёг цяпер існуе ў нас як эўфэмізм, як быццам не абавязковы для выкананьня…

***

Ад Зараславы Камінскай мне цікава найперш дазнацца пра яе саму, якую я ведаю, як аўтарку кніжкі пра мастачку Алену Кіш, а сама Зараслава цяпер рыхтуецца да восьмага пераезду ў Аргентыне, дзе шукае сваю будучыню. 

Марыя Лапо піша пра сваю Варшаву і зноў вяртае мяне да моўнага пытаньня. Чаму ўсе беларусы ў Варшаве імгненна становяцца па мове расейцамі? Рускамоўныя знаёмыя, рускамоўныя дактары, звыклыя яшчэ зь менскай сытуацыі, свае… Можа быць, мы ня ўмеем па-польску? Але тое самае, сказанае па-беларуску, мае болей шанцаў быць зразуметым палякамі. І чаму ўкраінскую чуваць у варшаўскай моўнай плыні, а беларускай не?.. Так і сканчаецца гэтая рэфлексія Марыі Лапо, калі яна на разьвітаньне зьвяртаецца да сваёй сяброўкі:

„— Настя. Становись, нам нужно сделать селфи…“

Марыя Пархімчык, бадай, найбольш добрасумленна ўзялася за тэму — пра суседзяў. Але яна прыходзіць да вядомай высновы: „Раней анэкдоты, а сёньня мэмы пра суседзяў не нясуць для мяне ніякай сутнаснай нагрузкі. Гэтыя ролікі на хвіліну ці дзесяць дазваляюць забіць час, прымаючы за веды чысты нуль, якому роўная сума любых стэрэатыпаў. Кантэнт, які не дае такога патрэбнага ключа для (па)разуменьня“. „Такія ж фікцыі і нашыя веды пра суседзяў, і веды пра сябе ў іх вачах. «Што думаюць пра нас тыя і тыя?» «Як яны да нас ставяцца?» «Што ў нас агульнага?» Дужа цікава! Паслухаем гэты падкаст. Паглядзім усе тыктокі па хэштэгу. Але што мы даведаемся пра «нас» і пра «іх»? Выглядае, што ў сухім астатку — нічога“.

А вось Ксенія Май піша пра сваю вёску з моцна знаёмай назвай Заказанка, пад Берасьцем, аддзеленую памежным Бугам ад усяго сьвету… Адбываецца тое, што адбыцца ня можа. Два аркестры з абодвух берагоў ракі граюць адну музыку…

„Польскі аркестар разьмясьціўся на цэнтральнай плошчы Ўладавы. На беларускім баку аркестар стаіць у полі. Загараецца асьвятленьне. Музыканты, як належыць, у фраках… Два аркестры павінны пачаць дакладна ў адзін і той жа час, як адзінае цэлае, і яны будуць выконваць адну і тую ж музыку, адмыслова напісаную для канцэрта. Усё гатова. Дырыжоры з двух бакоў Буга ў адну і тую ж сэкунду ўзмахваюць палачкай. Сымфонія памежжа ляціць праз рады калючага дроту, праз восемсот мэтраў памежнай зоны… Музыка з двух бакоў ракі не супадае, утвараецца рэха, разрыў, зьнікае гармонія. У гэтым канцэрце і ня можа быць гармоніі“.

Гармоніі ня можа быць і ў гэтай анталёгіі, як ня може яе быць у самім сытуацыйным суседзтве, — пра што піша Ксенія Май у сваёй прыгожай алегорыі.

***

Юлія Чарняўская ўжо ў загалоўку адсылае нас ва ўласнае дзяцінства, у пісьменьніцкі асяродак і застольле, дзе сусед пытаўся ў суседа „са звыклай спакойнай тугой“: „Алесь, за што ты мяне пасадзіў?“ Юлія піша: „Амаль праз стагодзьдзе пасьля тых трыццатых, у 2020-м, я пазнавала тэксты, напісаныя па тых жа шаблёнах. Людзі, якія ня ведалі, што такое «публічны данос», жартоўна віншавалі адзін аднаго з ганаровым званьнем іншадумца. А я разумела: вось яно, пачалося. Было відавочна, што артыкулам не абмяжуецца — і не абмежавалася. Суседзтва — трыюмф тоеснасьці — зноў разяўляла сваю ікластую пашчу“. 

Слова “суседзі” быццам нясе ў сабе знак вымушанасьці, бо суседзяў не выбіраюць. Яно дваістае, можа быць пра добрае, а можа і пра дрэннае. Усё залежыць ад сытуацыі ў самім грамадзтве. У нас пасьля сталінізму і лукашызму яна цяпер абвостраная, прычым найчасьцей са свайго дрэннага боку, асабліва цяпер, калі рэжым разбурыў тыя прававыя асновы, што толькі фармаваліся ў маладой беларускай дзяржаве.

Але справа ў тым, што суседзтва — гэта норма. Ня добрая і ня дрэнная. Проста норма суіснаваньня. І яе, як норму, трэба даглядаць. Мне згадваецца хлопец на адным гомельскім стрыме 2020 году, які казаў пра адхіленьне ад нормы: „Трэба аб’ядноўвацца. Ёсьць праблема, на мой погляд, што мы часта ня ведаем суседзяў на лесьвічнай клетцы. Гадоў 15-20 усё было па-іншаму. Павінна быць нешта агульнае, што б усіх аб’ядноўвала, каб людзі не баяліся нават выходзіць подпісы сабраць. Я не баюся. Ну пасадзяць на суткі, на адміністратыўку, ну, пасяджу…“