Неўзабаве выйдзе першая кніга вершаў Сяргея Верацілы

У паэтычнай серыі “Брукаванка” неўзабаве пабачыць свет першая кніга вершаў Сяргея Верацілы з назваю “Вершаскладанне эпохі заняпаду”.

“Пры ўсім сваім касмапалітызме Вераціла глыбока ўкаранёны ў родную зямлю. Паэт, які прымерваў на сябе “чужыя гарады чужой краіны”, піша пра Пакравы й Дзяды, пра сьвежыну перад Калядамі, пра маці, што адгортвае лісткі насценнага календара”, — гаворыць пра паэта Янка Лайкоў, чыя кніга не так даўно выходзіла ў той жа серыі.

“Ужо тады Вераціла выглядаў ці то выпадкова заблукалым у Менску іншаземцам, ці то госьцем зь іншае эпохі (калі наогул ня іншаплянэтнікам), — успамінае заснавальнік серыі “Брукаванка” Алесь Аркуш. — Ён меў моцную атлетычную паставу, доўгія валасы, загарэлае абветранае аблічча — рыхтык вядзьмак ці правадыр індзейцаў наваха (зрэшты, такім ён застаецца й пасёньня). Для нас, тагачасных пачаткоўцаў, што шукалі сабе настаўнікаў зусім не ў падручніках па літаратуры, ён быў постацьцю амаль легендарнай. Прыцягвала ў ім усё: унутраная свабода, багемны, «панкаўскі» лад жыцьця, а найперш — інтэлект”.