Вясной выйдзе гід па манументальным мастацтве Менска і ваколіцаў

Беларуская мастацтвазнаўца і даследчыца культуры Кацярына Рускевіч напісала ангельскамоўны даведнік “Minsk. Art for Architecture. Monument art since 1955”, які рыхтуе да выхаду берлінскае выдавецтва DOM publishers. Кніга з’явіцца вясной 2027 году і стане першым сістэмным гідам па познесавецкім манументальным мастацтве беларускай сталіцы для падарожнікаў.

У выданні сабрана больш за 80 лакацый у Менску, мінскім метро і вобласці: вітражы, мазаікі, рэльефы, літое шкло ў санаторыях, дамах культуры і нават знакаміты будынак, у якім месціцца “самы брутальны KFC у свеце”, піша “Рэформ”. Усе аб’екты суправаджаюцца QR-кодамі з геалакацыяй, таму кнігу можна выкарыстоўваць як гатовы маршрутны даведнік падчас паездкі ў Менск — і адначасова як архіў твораў, якія паступова знікаюць падчас сучасных перабудоў.

Таксама кніга дапоўнена ўступным эсэ пра шлях ад віцебскага авангарду Шагала і Малевіча да ўласнай беларускай школы манументалізму.

Кацярына Рускевіч — беларуская мастацтвазнаўца, даследчыца спадчыны савецкага манументальнага мастацтва Беларусі (1961–1990 гады). Яна вядомая як адна са стваральніц анлайн-мапы беларускага савецкага манументальнага мастацтва, на якой сабрана інфармацыя каля 1700 мазаік, вітражоў, сграфіта і рэльефаў па ўсёй краіне дзеля іх фіксацыі і вяртання імёнаў аўтараў.

DOM publishers — незалежнае берлінскае выдавецтва, заснаванае ў 2005 годзе архітэктарам Філіпам Мойзерам. Яно спецыялізуецца на кнігах па архітэктуры, урбаністыцы і дызайне, а таксама вядомае сваёй міжнароднай серыяй архітэктурных даведнікаў па гарадах свету і даследаваннямі спадчыны Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы.

Аформіць перадзамову на выданне ўжо можна на сайце выдавецтва.