Выдавецтва KEW (Kolegium Europy Wschodniej) выпусціла з друку грунтоўны зборнік вершаў Дзмітрыя Строцава з назвай “Reportaż poetycki” (Паэтычны рэпартаж). Тэксты ў кнізе пададзеныя паралельна: арыгіналы па-расейску і пераклады на польскую мову.
Паэт Дзмітры Строцаў падзяліўся гэтай навіной у фэйсбуку і анансаваў прэзентацыю кнігі, якая мае адбыцца ў межах фестываля Чэслава Мілаша ў Кракаве 4 ліпеня.
“Паэтычны рэпартаж я пішу ўжо больш за 15 гадоў, і зборнік склалі тэксты, напісаныя з 2008 па 2023 год. Мне вельмі дорага, што вершы, якія ўвайшлі ў кнігу, пераважна перакладаліся на польскую мову не спецыяльна для выдання, а па меры іх публікацыі ў ЖЖ (Live Journal) ці на фэйсбуку”, — піша аўтар і дзякуе тым, хто паспрыяў выданню, у тым ліку ўкладальніку і аўтару прадмовы Аляксандру Распапову.
Перакладчыкамі і перакладчыцамі выдання выступілі: Яанна Бернатовіч (Joanna Bernatowicz), Томаш Мруз (Tomasz Mróz), Томаш Пешхала (Tomasz Pierzchała), Аляксандр Распапоў, Наталля Русецкая, Агнешка Савіньска (Agnieszka Sowińska). Роля рэдактараў выпала Яцэку Гайдуку (Jacek Hajduk) і Аляксандру Распапову.
Якуб Каміньскі (Jakub Kamiński) аздобіў грунтоўнае 340-старонкавае выданне.
Кнігу ўжо можна купіць на старонцы выдавецтва kew.org.pl