Запускаем падкаст! Сяргей Дубавец адкрывае новы праект на Bellit.info

Пісьменьнік і журналіст Сяргей Дубавец распачынае падкаст “Літаратурныя зацемкі” спецыяльна для сайта Bellit.info. У першым выпуску “Анталёгія “Вільня” аўтар распавядае пра вобраз “крывіцкай Мэкі” ў беларускай паэзіі. Падкаст даступны ў звыклым аўдыяфармаце, а таксама ў тэкставай версіі.

Можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index, Listen Notes.

1. Галоўная тайна Беларусі

Ведаеце, для мяне асабіста гэтая кніга стала адкрыцьцём. Анталёгія беларускай паэзіі пра Вільню, якая толькі што выйшла ў выдавецтве Логвінава. Я зьбіраў гэтыя вершы на працягу многіх гадоў, я іх добра ведаю, некаторыя на памяць. Але сабраныя ў адной кнізе, яны раскрываюць вялікую таямніцу нашага беларускага роду. Дзіўная рэч. Быццам кніга сама задае мне пытаньні і я мушу адказваць, як на іспыце.

Напрыклад, я думаю: вось я склаў тэматычную анталёгію пра адзін канкрэтны горад, а што атрымаў? Атрымаў анталёгію самой беларускай паэзіі найвышэйшае пробы. Тут паэты, якіх мы лічым зоркамі першай велічыні, тут разнастайнасьць стыляў і тэхнікаў вершаскладаньня, тут фактычна хрэстаматыя беларускай літаратуры. Чаму? І чаму ні пра які іншы фізычны аб’ект немагчыма скласьці такую калекцыю, як пра Вільню? Разгадка, мабыць не ў паэзіі, а ў фэномэне самой Вільні, які ў гэтай кнізе паўстае ва ўсёй сваёй аб’ёмнасьці і магутнасьці. І тут упс… Гаворка ідзе пра фэномэн, які фактычна адсутнічае сёньня ў жыцьці беларусаў.

Адкрываецца анталёгія настальгічным вершам Алаізы Пашкевіч, якую вы са школы ведаеце пад псэўданімам Цётка. У 1909 годзе яна вучылася ў Кракаве на філязофскім факультэце Ягелонскага ўнівэрсытэту і сваю тугу па радзіме выказала ў гэтым вершы, дзе апісвае самае дарагое, што яе кліча вярнуцца. Паэтка бачыць сябе птушкай, а Вільню параўноўвае з гняздом.

***

Ўзьнялася б, здаецца, расiнкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далёка, далёка, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць;

Дзе пацеркай белай Вяльля прабягае,
Дзе Вiльня мiж гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!

***

Гэты верш Алаізы Пашкевіч тады ж у 1909 годзе зьявіцца на старонках галоўнай беларускай газэты — віленскай „Нашай Нівы“. А параўнаньне Вільні з гняздом літаральна праз колькі галоў у тэкстах беларускіх ідэолягаў трансфармуецца ў формулу „калыска мадэрнай беларускай нацыі“. Сэнс у тым, што ўсё ўласна беларускае інстытуцыянальнае жыцьцё нарадзілася ня дзе-небудзь у іншым месцы, а менавіта ў Вільні. Беларускія выдавецтвы, газэты, тэатар, школа, цэрквы розных канфэсій, палітычныя партыі, словам, усё, што сьведчыла пра фармаваньне нацыі.

Я думаю пра тыя тысячы беларусаў, якія сёньня мусілі ўцякаць ад дыктатуры ў Беларусі ў Вільню, якая цяпер Літва, і пра тое, што для іх гэтая Анталёгія найперш стане адкрыцьцём. І найперш гэта будзе нават не адкрыцьцё Вільні, а адкрыцьцё Беларусі і саміх сябе — беларусаў. Яны раптам даведаюцца праўду пра сябе — чаму яны беларусы і адкуль такія ўзяліся, і дзе гняздо іхнае нацыянальнае сьвядомасьці.

А яшчэ адкрыцьцё ў тым, што іншай такой прадстаўнічай і такой усеахопнай, такой дакладнай кнігі ў нас пра нас і пра нашу Беларусь няма і ня можа быць ні пра што іншае, як менавіта пра Вільню — галоўны горад у беларускай гісторыі, горад, які ў ХХ стагодзьдзі стаў калыскай, дзе нарадзілася сучасная беларуская нацыя.

***

Вас цікавіць, калі я пераехаў у Вільню? Гэта ўжо другі пераезд. Першы быў даўно, у 1990-м, калі мы зь сябрамі прыехалі сюды, каб аднавіць выданьне легендарнай „Нашай Нівы“, першай беларускай газэты. Я быў перакананы, што безь вібрацыяў віленскага паветра нам гэта ня ўдасца. Пасьля я раскажу вам, як і чаму гэта адбылося. Пагатоў тэма зьвязаная з маім цяперашнім расповедам — зь беларускімі вершамі пра Вільню, я ўжо тады зьбіраў гэтыя вершы і мерыўся сабраць анталёгію. Не адразу, а калі-небудзь пазьней. Такая кніга павінна была высьпець.

Сяргей Шупа, Сяргей Харэўскі, Сяргей Дубавец у рэдакцыі “Нашай Нівы” (фота з фб С. Харэўскага)

Ну а другі пераезд, які быў сапраўднымі ўцёкамі зь Менску, адбыўся крыху больш за тры гады таму, калі выйшла так, што ў Беларусі арыштавалі ўсіх журналістаў, хто не пасьпеў уцячы. І мой лёс быў перадвызначаны. Так я другі раз пераехаў у Вільню і тут зразумеў, што час на віленскую Анталёгію беларускай паэзіі прыйшоў. Занадта мы ўсе, беларусы, аддаліліся ад сваіх каранёў і разуменьня саміх сябе. І якраз вымушаная эміграцыя дае нам шанец запоўніць гэты прабел.

***

Але вернемся ў пачатак ХХ стагодзьдзя, калі Алаіза Пашкевіч параўнала Вільню з гняздом.

Галоўная беларуская газэта ўсіх часоў — віленская „Наша Ніва“ перажывае грандыёзны ўздым. Ідзе нацыятворчы працэс: Вацлаў Ластоўскі піша беларускую візію гісторыі, Іван Луцкевіч зьбірае беларускі музэй артэфактаў мінуўшчыны, Антон Луцкевіч распрацоўвае палітычныя падставы беларускай дзяржаўнасьці, Браніслаў Тарашкевіч складае граматыку беларускай літаратурнай мовы, друкуюцца параднікі для вясковых гаспадароў… Словам, вакол „Нашай Нівы“ гуртуецца ўсё жыцьцё мадэрнай беларускай нацыі, фармуюцца асновы нашых сёньняшніх уяўленьняў пра Беларусь — асобную, сваю, незалежную краіну, якой яшчэ няма, але якая абавязкова будзе, прычым неўзабаве.

Асаблівы росквіт перажывае літаратура і найперш паэзія. Янка Купала — заўсёднік віленскіх рэстарацыяў — ставіцца да гэтых установаў з іроніяй і сарказмам. Ужо прызнаны народны паэт становіцца разам з тым заснавальнікам багемнай беларускай паэзіі. А Якуб Колас піша беларускі нацыянальны эпас пад назвай „Новая зямля“, дзе два разьдзелы прысьвечаныя Вільні, яны назаваюцца „Дзядзька ў Вільні“ і „На Замкавай гары“. Дзеці ў беларускіх школках пачатку і сярэдзіны мінулага стагодзьдзя будуць ведаць „Новую замлю“ на памяць.

Адчуваю патрэбу ўдакладніць, што ўсё апісанае рабілася ў Вільні і больш нідзе. Рабілася ўпершыню ў гісторыі, вынікам чаго мы ўсе сталі пашпартнымі, а часам яшчэ і сьвядомымі беларусамі. І яшчэ. Усё адбывалася паміж 1906 годам і пачаткам І усясьветнай вайны, то бок да 1914-га.

Між іншым, выраз „дзядзька ў Вільні“ стане ў беларускай мове устойлівым фразеалагізмам для характарыстыкі разгубленага селяніна ў вялікім горадзе. Выразны перафраз гэтага стану зьявіцца ў аповесьці „Знак бяды“ Васіля Быкава. Праўда, быкаўскі Пятрок будзе перажываць сваю нявыкрутку ня ў Вільні, а ў Менску канца 1930 гадоў, што аднак не адмяняе самое сутнасьці зьявы.

То бок, і нацыянальны эпас, і багемная паэзія беларусаў пачыналіся тут, у Вільні, і пра Вільню. У 1911 годзе тут зьяўляецца Максім Багдановіч і піша свае віленскія вершы, якія стануць пачаткам урбаністычнай або гарадзкой беларускай паэзіі.

***

Вулкi Вiльнi зiяюць i гулка грымяць!
Вiр людзкi скрозь залiў паясы тратуараў,
Блiшчаць вокны, лiхтарнi ўгары зiхацяць,
Конi ймчацца, трамваi зьвiняць,
I гараць аганьком вочы змучаных твараў!

***

У рэдакцыі „Нашай Нівы“ адзін зь лідэраў усёй гэтай беларускай справы Іван Луцкевіч зьбірае калекцыю прадметаў старажытнасьці, якая стане найбагацейшым Беларускім музэем. Калекцыя натхніць на вершы Максіма Багдановіча, а таксама Зьмітрака Бядулю, які ў сваёй імпрэсіі ўсклікне: „Сьвятое гэта месца!“.

***

Жудасна мне…

На сьценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасьвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шаломы і панцыры вякоў ХVІ сталецьця. Тканіны народнай беларускай творчасьці, паясы слуцкія, дываны, разьба. Музычныя інструмэнты — дуда, цымбалы, труба пастырская, жалейка. У шафах ляжаць скарбы мінулых гадоў: манэты, мэдалі, пячаткі, кнігі беларускае пісьменнасьці.

Жывая паэма старыны!..
Узіраюцца з палотнаў ваякі, ганорныя, сьмелыя князі.
І жудасна мне робіцца…

Эмоцыя жудасьці — ад бязьмернага, немагчымага для авалоданьня адкрыцьця, пра што дагэтуль ня ведаў і не здагадваўся. Жудасьць як шчасьце, якое яшчэ трэба будзе перастрававаць. Думаю, для кагосьці з сучасьнікаў падобную эмоцыю можа выклікаць анталёгія беларускай паэзіі пра Вільню. Уся праўда, дагэтуль надзейна хаваная, бывае занадта вялікай для раптоўнага адкрыцьця.

Словам, творцы і творы найвялікшае пробы нараджаліся ў пачатку мінулага стагодзьдзя ў Вільні. Кагосьці з вас гэта можа зьдзівіць, нехта ўвогуле скажа: а дзе гэта, Вільня? Што за горад такі? Я, вядома ж, распавяду пра гэта.

***

Зразумела, што ў Вільні рабілася і беларуская палітыка, афармлялася і сама беларуская ідэя, пачатковыя імпульсы якой узьнікалі ў вершах выдатных паэтаў. На той час горад быў у складзе Расейскай імпэрыі, якая поўнілася маладымі нацыянальнымі рухамі і гатовая была да свайго хуткага развалу. Беларускі рух пульсаваў побач зь літоўскім, горад ніхто не дзяліў, бо ўсе ведалі, што ўжо 500 гадоў ён — сталіца колішняга беларуска-літоўскага Вялікага Княства. І вось у 1915 годзе беларускія палітыкі прапанавалі літоўскім палітыкам стварыць Канфэдэрацыю ВКЛ. Але нешта пайшло ня так. Хутчэй за ўсё, праз розныя характары беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў. Літоўцы былі прагматыкамі і ў цэнтар сваёй ідэі ставілі рафінаваны літоўскі нацыяналізм. Інакш маленькай нацыі ня выжыць у закалотах гісторыі. А беларусы былі рамантыкамі, якія марылі пра адраджэньне супольнай магутнай мультыкультурнай дзяржавы. Хто зь іх быў большым празорцам, сказаць цяжка, асабліва з гледзішча сёньняшніх і заўтрашніх пагрозаў ад суседняй імпэрыі.

У 1916 годзе Максім Багдановіч піша верш „Пагоня“, у якім паняткі Літоўскі і Беларускі азначаюць тое самае. Гаворка ідзе пра вершнікаў на Вострай Браме ў Вільні.

***

У 1918 годзе абодва народы абвесьцяць свае незалежныя дзяржавы, у літоўскай мове, як сьцьвярджае паэт-набэліянт і эсэіст Чэслаў Мілаш, Вільня пачне называцца Vilnius, Беларусь акупуюць расейскія бальшавікі, Вільню зоймуць палякі, часовай сталіцай Літвы на 20 гадоў стане Коўна, Беларусь падзеляць на дзьве часткі: Заходнюю, альбо польскую, з цэнтрам у Вільні, і Усходнюю, савецкую, са сталіцай у Менску. Беларускі рух падзеліцца на тых, хто застанецца ў эміграцыі, і тых, хто паверыць у адраджэньне пад бальшавікамі. Апошнія ўрэшце ўсе будуць расстраляныя або высланыя. Так выглядае наша гісторыя паміж першай і другой усясьветнымі войнамі.

Вільня арганічна ўспрымалася беларусамі як свой горад — свой ня ў сэнсе, што яго трэба фізычна адабраць, а таму, што яна была натуральным цэнтрам усяго жыцьця беларусаў, адміністрацыйным, культурным, сэрцам краю і калыскай мадэрнай нацыі аж да ІІ сусьветнай вайны.

У 1918 годзе 25 сакавіка ў Менску была абвешчаная незалежнасьць БНР. І тут сыграў сваю ролю валявы чыньнік. Рэч у тым, што беларусы на Ўсебеларускім зьезьдзе былі не гатовыя да абвяшчэньня поўнае незалежнасьці. Казалі пра культурную аўтаномію ў складзе Расеі ці фэдэралізацыю ілюзорнай „дэмакратычнай Расеі“. Адзін выступоўца, які з трыбуны ўсклікаў „Да как же без России?!“, проста на трыбуне страціў прытомнасьць. Словам, беларуская нацыя дасьпявала. І толькі прыезд зь Вільні прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады на чале з братамі Луцкевічамі стаў тым зрухам палітычнае волі, які давёў справу да завершанасьці.

Тут варта зноў узгадаць пра дзядзьку ў Вільні. Насамрэч, у адрыве ад Вільні тэма незалежнасьці Беларусі і гучала як „дзядзька ў Вільні“, як нявыкрутка. Дакладней, так яе агучвалі ў расейскіх інтарэсах. Агучваецца яна гэтак і цяперашнім афіцыёзам фармальна незалежнае Беларусі. Гэта віленская тэма — тэма вясны народаў і паўстаньняў супраць расейскага паняволеньня.

Але што яшчэ адбылося пасьля праняцьця Акту незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 году. Вярнуўшыся пасьля трыюмфу ў Вільню, ідэоляг нацыянальнага адраджэньня Антон Луцкевіч піша артыкул „Два цэнтры“, дзе ўпершыню выразна фармулюе месца Вільні ў беларускім жыцьці. Я ўключыў гэты тэкст у паэтычную Анталёгію, хоць ён быццам і не паэтычны, але неабходны для разуменьня таго, што ўсе нашы героі і паэты рабілі ў гэтым сёньня літоўскім горадзе і пры чым тут Беларусь.

Антон Луцкевіч. Два цэнтры

За апошнiя паўтраця году Вiльня й Менск — гэтыя два галоўныя цэнтры Беларусi — жылi ў зусiм розных варунках — як палiтычных, так i агульных… Вiльня за час вайны аказалася цэнтрам беларускай культурна-нацыянальнай працы, а Менск — палiтычным цэнтрам…

У Вільні шырэйшая палітычная работа ў грамадзянстве блізка зусім спынілася: затое ўсе беларускія чынныя сілы пакіраваліся на работу культурную — будаваньне школаў, апрацоўваньне школьных кніжак і ўсяго, што патрэбна дзеля школы, ладжаньне навуковых, культурна-нацыянальных і эканамічна-дабрачынных таварыстваў і ўстаноў…

У Менску ўтварылася й першае краёвае прадстаўніцтва Беларусі — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, утварыўся першы выканаўчы орган краёвай улады — Народны Сакратарыят. І ў Менску адбыўся акт апавяшчэньня Беларусі незалежнай дзяржавай.

„Вiльня цi Менск“. Пытаньне, якое з нашых местаў мае быць цэнтрам Беларусi, нам даводзiлася чуць ня раз — асаблiва ад тых спамiж нашых суседзяў, якiя мелi ахвоту ўзяць Вiльню сабе. Але й сёньня, хоць лiтвiны аб’явiлi Вiльню за сталiцу незалежнай Лiтвы, даць адказ на гэтае пытаньне нялёгка: бо культурныя цэнтры не заўсёды разьвiваюцца там, дзе ёсьць цэнтар адмiнiстрацыйны (напр., Кракаў у Польшчы, Львоў у ўкраінцаў). I незалежна ад таго, цi мiж Беларусьсю i Лiтвой будзе праходзiць дзяржаўная мяжа, цi Вiльня апынецца з аднаго цi з другога боку гэнае мяжы, гэты старадаўнi цэнтар культурнага жыцьця ўсяго Беларуска-Лiтоўскага краю будзе заўсёды прыцягваць да сябе культурныя сiлы ўсiх краёвых нацыянальнасьцяў, як архiў мiнуўшчыны, як „пiльны сьведка мiнулых учынкаў“. Тут складзены вялізныя скарбы беларускай культуры, незвычайна багатыя помнікі нашага старога пісьменства. Тут беларусы здаўна закладалі і закладаюць свае навуковыя ўстановы. I калi думка беларускага палiтычнага дзеяча зьвяртаецца сёньня да Менску, думкi вучоных плывуць да Вiльнi.

„Вiльня цi Менск?“ Гэтае пытаньне, бясспрэчна, разьвяжа толькi будучыня. Але здаецца, што разьвязка тут можа быць толькi кампрамiсная: Вiльня пры ўсялякiх варунках павiнна абслугоўваць абодва народы, для якiх гэтае места было калыскай у часах нарадзiн iх культуры.

Антон Луцкевіч — галоўны беларускі інтэлектуал свайго часу — будзе забіты бальшавікамі пасьля іх прыходу ў Вільню ў 1939. Але і гэта яшчэ ня стане канчатковай разьвязкай віленскага пытаньня. Стаўшы месцам нараджэньня сучаснай беларускай нацыі, Вільня пакінула ў сабе панятак беларускіх нацыянальных інтарэсаў, тое, што так і не змагло перабрацца ў новую сталіцу — Менск. Што такое нашы нацыянальныя інтарэсы і ці варта за іх трымацца і іх адстойваць, для Менску так і засталося таямніцай. І галоўнае, разуменьне, што Вільня — гэта беларускі нацыянальны інтарэс — як „пiльны сьведка мiнулых учынкаў“ (словы Максіма Багдановіча) адкінутае наўмысна і калі й разглядаецца, дык толькі ў барбарскіх катэгорыях „захапіць“ і „адабраць“. Ці, як цяпер кажа правіцель Беларусі „любімую не аддаюць“, што заўсёды ідзе ў пары з расейскай скрэпай: „бьёт, значит, любит“. У тых больш за сотню твораў беларускай паэзіі, якія я сабраў у Анталёгію „Вільня“, такіх матываў няма. Ёсьць матывы адкрыцьця, любові і разьвітаньня.

Але што мы маем у выніку праз поўную адсутнасьць Вільні ў сьвядомасьці беларуса?

Вобраз Вільні — неадрыўна зьвязвае Беларусь з Эўропай. Нам падабаецца, калі расейскія госьці захапляюцца эўрапейскім кшталтам Беларусі. Але мы ня думаем пра тое, што гэта наш нацыянальны інтарэс. Ня ведаючы Вільні, мы ня здольныя цаніць гэта і абыякава глядзім на эўразійства, куды нас сіламоц далучаюць прарасейскія сілы і дзе мы прападаем у чужым асяродзьдзі. Не ўсьведамляем і не беражэм сябе.

Гэта вялікая загадка — чаму беларусы быццам усё ніяк ня стануць паўнавартаснай нацыяй. Я ведаю, што стануць, але сёньня чамусьці гэта адкладаецца.

Я раскажу вам, у чым тут прычына. Мы працягнем чытаць Анталёгію і будзем ня толькі атрымліваць задавальненьне, але і бясконца зьдзіўляцца ўсё новым адкрыцьцям. Наступным разам.

Сяргей Дубавец