Пачынаецца прыём заявак на прэміі за найлепшы пераклад на беларускую мову і за найлепшую дзіцячую кнігу. Абедзве прэміі сёлета будуць уручацца за два сезоны: 2023 і 2024. Перамога прадугледжвае грашовы прыз.
Прэмія імя Карласа Шэрмана ўручаецца ў трох намінацыях: “Пераклад прозы”, “Пераклад паэзіі”, “Пераклад дзіцячай кнігі”.
Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: “Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў” (арыгінальныя аўтарскія творы, напісаныя на беларускай мове) і “Найлепшае мастацкае афармленне” (арыгінальныя і перакладныя кнігі на беларускай мове).
У конкурсах могуць удзельнічаць кнігі, выдадзеныя ўпершыню ў 2023 і 2024 гадах у папяровым і электронным варыянтах, а таксама аўдыякнігі.
Пераможцаў вызначаць прафесійныя перакладчыкі, літаратуразнаўцы і мастакі. Склады журы будуць абвешчаны неўзабаве.
Каб узяцць удзел у конкурсах, неабходна запоўніць адпаведную форму для заявак:
Таксама трэба даслаць электронную версію і вокладку выдання (jpeg) на litpremiji@gmail.com (у тэме ліста пазначыць назву прэміі, назву твора, імя аўтара (перакладчыка, мастака).
Падрабязней з умовамі прэмій можна пазнаёміцца, прачытаўшы іх статуты і рэгламенты (статут прэміі Цёткі, статут прэміі Шэрмана).
Заяўкі прымаюцца да 21 жніўня 2025 году (уключна).
Арганізатарамі прэмій з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartan’nie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа за пераклад са старажытнагабрэйскай мовы кнігі “Песьня песьняў” і Мікола Раманоўскі за пераклад з польскай кнігі “Кароль” Шчэпана Твардаха. Андрэй Строцаў атрымаў спецпрыз за пераклад з англійскай кнігі “Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян” Клайва Стэйплза Льюіса.

Прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей носіць імя выбітнай беларускай паэткі, асветніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), аўтаркі “Першай чытанкі для дзетак-беларусаў”. Прэмія ўручаецца з 2016 году. У 2022 годзе лаўрэатамі Прэміі Цёткі сталі Антон Францішак Брыль з кнігай “Мышыныя Каляды” ў літаратурнай намінацыі і Лілія Бусарава з кнігай “Мой рыжы Бім” Эдзі Агняцвет у мастацкай намінацыі.
А што з прэміяй “Дэбют”?
Прэмія “Дэбют”, якую многія чакалі, не знікла – яна трансфармуецца ў стыпендыю для пісьменнікаў-пачаткоўцаў і выдавецтваў, якія маюць на мэце выдаць кнігі аўтараў-дэбютантаў. Падрабязнасці пра перазапуск праекта з’явяцца неўзабаве.
Кантактная асоба па пытаннях прэмій – Ціхан Чарнякевіч: tsikhan.charniakevich@gmail.com.
Сачыць за навінамі прэмій можна на сайтах арганізатараў і ў сацыяльных сетках прэмій:
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Беларускі ПЭН
Інстаграм і фэйсбук Прэміі Шэрмана
Інстаграм і фэйсбук Прэміі Цёткі