Выдавецтва “Мяне Няма” анансавала выхад новага выдання. Гэтым разам гэта кніга для дзяцей і дарослых з назвай “Беспрацоўнае дрэва”, напісала якую Света Бень, а праілюстравала Ліна Хесэ. Адкрыты папярэдні заказ праз сайт выдавецтва.
“Сапраўды вясновы рэліз — каляровы і з цеплынёй! Гэта нетыповае для нас выданне. У ім мала словаў і шмат карцінак. Мала старонак, але шмат сэнсаў і эмоцый”, — пішуць выдаўцы.
Аўтаркі — музыка і акторка Света Бень і мастачка Ліна Хесэ — расказваюць гісторыю Дрэва. Яно ўсё сваё расліннае жыццё адказна працавала дрэвам у парку, але з-за бздураў начальства мусіць яго пакінуць і выправіцца ў дарогу. Шлях будзе поўны прыгодаў, часам цудоўных, часам небяспечных, а часам і зусім нечаканых.




Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагаць іншым, знайсці сяброў і сваю вартую справу. Нават калі ты пазбаўлены дому і звыклага ладу жыцця.
Гэтая кніга вырасла з аўтарскага спектакля для тых, каму 5+ і “добра выхаваных дарослых”.

Пакуль ідзе папярэдняя замова, а фізічны наклад з’явіцца ў канцы красавіка, тлумачаць у выдавецтве.