У Вільні з 13 па 16 лютага прайшоў чатырнаццаты Міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова. Сёлета ён быў больш маштабны і доўжыўся чатыры дні. Літоўская сталіца прымала фэст ужо чацвёрты год.
Галоўны арганізатар фестывалю Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Першы дзень. Прэзентацыя анталогіі літоўскай паэзіі
Фестываль пачаўся 13 лютага з прэзентацыі навінкі — анталогіі “Горад на гары”, якая ўключыла ў сябе 29 галасоў найноўшай літоўскай паэзіі, перакладзеных беларускімі калегамі. Кнігу выдаў фонд “Камунікат”. Імпрэзу ў зале Віленскага дома літаратараў правялі укладальнік, перакладчык Ціхан Чарнякевіч і паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.
“Цягам больш як дзесяці гадоў на паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце» традыцыйна выступалі госці з Літвы — паэты і перакладчыкі, кіраўнікі пісьменніцкіх арганізацый. Прачытаныя на фэсце вершы не раз друкаваліся ў перыядычных выданнях, перадусім у часопісе «Дзеяслоў», але ніколі не аб’ядноўваліся ў кнігу. Як развіццё гэтай ідэі, з’явілася думка прадставіць сучасную паэзію Літвы як мага больш шырока, бо прадстаўнічыя анталогіі з дзясяткамі аўтараў не выходзілі на беларускай мове з савецкіх часоў“, — расказаў “Будзьме” Ціхан Чарнякевіч.




Паводле слоў укладальніка, “ад нашай размовы на канапе ў «Павільёнасе» [клуб, які прымае фэст] з літоўскімі калегамі” да з’яўлення кнігі сучаснай літоўскай паэзіі па-беларуску прайшло два гады.
Кансультавалі стваральнікаў анталогіі літоўскія паэты і перакладчыкі Марус Бурокас і Вітас Дэкшніс.
Падчас прэзентацыі свае пераклады чыталі Уладзімір Арлоў, Ціхан Чарнякевіч, Андрэй Хадановіч, чыталі свае творы ў арыгінале Эўгеніюс Алішанка, Грэта Амбразайце, Давіле Багдонайце і іншыя.
Быў на імпрэзе і вядомы зборнік сучаснай беларускай паэзіі «Baltai raudonai baltai» («Белае Чырвонае Белае»)«, які выйшаў у 2022 годзе намаганнямі літоўскіх літаратараў у выдавецтве «Bazilisko ambasada» на літоўскай мове.








“Нягледзячы на стагоддзі жыцця нашых народаў у параўнальна лагодным добрасуседстве, мы, да жалю, мала ведаем адно пра аднаго. Моўны бар’ер, з сумам даводзіцца канстатаваць гэта, працуе досыць адназначна ў сваёй дэфініцыі — агароджа мовы, якою аточана літоўская літаратура, даволі рэдка і спарадычна пераадольваецца беларускімі перакладчыкамі. (…) Шмат хто з аўтараў гэтай кнігі даўно варты важкіх тамоў выбраных твораў па-беларуску. Застаецца спадзявацца, што справа будзе рухацца“, — разважае Ціхан Чарнякевіч.
Анталогія “Горад на гары” стала пэўным адказам на выданне ў 2022 годзе зборнік сучаснай беларускай паэзіі “Baltai raudonai baltai” (“Белае чырвонае белае”), такі чынам ёсць спадзеў на працяг літаратурнага дыялогу.
Другі дзень. Адкрыццё
У пятніцу 14 лютага фестываль “Вершы на асфальце” перамясціўся ў будынак Саюза пісьменнікаў Літвы, дзе прайшло ягонае ўрачыстае адкрыццё. Гэтым вечарам агучылі імя сёлетняга лаўрэата прэміі імя Міхася Стральцова. Ім стаў беларускі пісьменнік і перакладчык Кастусь Цвірка.


З вітальным словам выступіла старшыня Літоўскага саюза пісьменнікаў Біруце Ёнушкайце.
Прадстаўніца Шведскага саюза пісьменнікаў Ан Вікстром зачытала ліст ад новай кіраўнічкі саюза Ані Хрысцін Гату: “Перамены не прыйдуць без супрацоўніцтва, настойлівасці і салідарнасці. Шведскі саюз пісьменнікаў цвёрды ў сваёй салідарнасці з беларускімі калегамі як у Беларусі, так і ў дыяспары. Вы маеце нашу непахісную падтрымку, мы будзем падтрымліваць вас, пакуль справа не будзе зробленая і беларуская літаратура і слова не змогуць квітнець свабодна”, — цытуе “Будзьма”


Пра фестываль, навінкі літаратуры і новага лаўрэата Радыё “Рацыя” расказаў Ціхан Чарнякевіч: “У першыню насамрэч сёлета ў нас чатыры дні, раней мы неяк абмяжоўваліся двума. (…) Таму мы лічым, што мы пашыраемся. Як мінімум маштаб пашыраецца, і маштабнасць большая.
З такіх знакавых рэчаў выйшла анталогія Сяргея Дубаўца “Вільня ў беларускай паэзіі”, выдавецтва “Логвінаў”, гэта вельмі свежая кніга. Прыехалі новыя кнігі “Камуніката” з Беластока. Гэта кнігі і Ларысы Геніюш, і Андрэя Федарэнкі, проза. (…) Зусім нядаўна выйшла “Дзікае паляванне караля Стаха”, лібрэта Андрэя Хадановіча, асобнай выдатнай і прыгожай кнігай. Таксама варта звярнуць увагу.


Сяргей Харэўскі высупаючы зазначыў, што на ягоную думку фэст становіцца крыху больш беларуска-літоўскім.
Нарыканцы другога дня перад гасцямі фэсту выступіў моладзевы тэатр “Разам”.
Трэці дзень
15 лютага на пляцоўцы фэстываля ў віленскім клубе Paviljonas працягваліся дыскусіі на тэмы літаратуры, сустрэчы наведнікаў з паэтамі і пісменьнікамі, працавалі гандлёвыя кропкі выдавецтваў з навінкамі беларускай літаратуры, выдадзенымі не толькі за мяжой.
Так Віктар Сямашка прэзентаваў музычную праграму на вершы падляшскай паэткі Надзеі Артымовіч.
“Выбраў менавіта Надзею Артымовіч, таму што беларуская літаратурная падляшская школа даволі кансерватыўная. А вось Надзея з яе вельмі выбіваецца. Я вельмі люблю паэзію не сілабатанічную – там, дзе няма стабільнага рытму, рыфмы, таму што я і сам пішу ў падобным кірунку. І таму для мяне было такім выклікам, цікавай творчай задачай, зрабіць з гэтага нейкі музычны твор“, — расказаў пра сваю працу паэт, музыка і кампазітар Віктар Сямашка Радыё “Рацыя”.


Адбылася прэзентацыя кнігі Таццяны Нядбай “Там, за сцяной” (выдавецтва hochroth Minsk), публікацыя якой не лёгка далася паэтцы. “З аднаго боку, мне хочацца пра штосьці сказаць асабістае, і калі публікуеш верш пра гэтае асабістае, то ты робіш гэта здабыткам усіх, і кожны можа ведаць пра твае слабыя месцы”, — тлумачыла аўтарка.
Таксама літаратары абмеркавалі выданне “Праз сябе – да сусвету. Кніга пра Алеся Разанава” і новы, другі па ліку, нумар альманаха “Апостраф”.




“Прадаю тут не толькі кнігі выдавецтваў, якія дзейнічаюць за межамі Беларусі. Вось навінка ад «Тэхналогіі», а гэта ад «Цымберава», ад «Акадэміі Навук». І побач вось кнігі ад «Імпрынт Скарынічы» — выдавецкай ініцыятывы, якая дзейнічае ў Польшчы. На жаль, беларуская літаратура падзеленая межамі, узаемадзеянне паміж двума часткамі адной сутнасці адбываецца не без праблем, але яно ўсё ж адбываецца. На вялікі жаль, нам вельмі замінае тое, што частка беларускай літаратуры абвешчаная экстрэмісцкай, прычым гэтая частка ўсё павялічваецца. Цяжка выдаўцам, цяжка літаратарам, цяжка чытачам, у якіх таксама ўзнікаюць дадатковыя рызыкі. Гэта яшчэ больш ускладняе ўзаемадзеянне літаратур з абодвух бакоў мяжы. І ўсё ж літаратура жыве і развіваецца, нават пераадольвае праблемы, сярод іх ёсць і падобныя, агульныя”, — дзеліцца думкамі з Радыё “Свабода” адзін з кнігаганляроў.


Завяршыўся трэці дзень Міжнароднага паэтычнага фэсту “Вершы на асфальце” імя Міхася Стральцова канцэртам гурта Syndrom Samazvanca.
Чацвёрты дзень
Падчас апошняга дня прайшло некалькі прэзентацый кніг. Гэта і прэзентацыя зборніка Уладзіміра Арлова “Свецяцца вокны ды нікога за імі”, кнігі Андрэя Хадановіча “Дзікае паляванне караля Стаха: вершы для оперы” і многае іншае. Наведнікі маглі паслухаць і архіўны гуказапіс з чытаннем вершаў Ларысай Геніюш, піша “Рацыя”.
Таксама адбылася сустрэча з кіраўніком управы Беларускага Радыё “Рацыя” і галоўным рэдактарам тыднёвіка “Ніва” Яўгенам Вапам. Ён прэзентаваў новыя выданні, у тым ліку кнігу, прысвечаную лаўрэату Нобелеўскай прэміі, палітвязню, пісьменніку Алесю Бяляцкаму.
“І менавіта назва кнігі “За беларускае жыццё” – вось гэта і было прызнаннем Нобелеўскай прэміі. Ягонае жыццё, ягоныя дзеянні гэта кніга выразна дакументуе і паказвае, што ўсё, што ён рабіў і робіць – гэта прысвячэнне беларускаму жыццю і беларускай справе. І за гэта нізкі паклон, ён ёсць сімвалам для мяне ўсяго таго беларускага, якое зараз знаходзіцца пад прыгнётам у аўтарытарнай дзяржаве. І таму гэта трэба вельмі моцна памятаць і шанаваць”, — мяркуе Яўген Вапа.


Уразіла наведнікаў фэсту прэзентацыя кнігі “Эўрыдыка не азіраецца” Сяргея Прылуцкага ў беларускім арыгінале і ў перакладах на ўкраінскую мову Алены Стэпаненкі.
Паводле ўкраінскай паэткі і перакладчыцы Алэны Стэпаненкі, яе вельмі кранулі беларускія падзеі 2020 года, яна і цяпер з вялікім болем назірае за падзеямі ў Беларусі: “Было надзвычай маральна цяжка, бо кніга напісаная часткова на дакументах, на сведчаннях пра катаванні. І гэта настолькі адгукалася ў мяне болем 2014 году, болем вайны ва Украіне, болем нашых зняволеных, што я разумела, што яны паміж сабой звязаныя гэтыя дзве сітуацыі”.
Свае вершы з дэбютнага зборніка “Хроніка адмаўлення пустаты” прэзентаваў паэт Ілля Кульбіцкі.
Завершыўся паэтычны фестываль традыцыйна — “Ноччу паэзіі”, чытаннямі удзельнікаў фестывалю і гасцямі, якія далучыліся ў фармаце “вольнага мікрафону”. Наведнікі пачулі Сабіну Брыло, Ціхана Чарнякевіча, Ксенію Сырамалот, Паўла Горбача, Дар’ю Роскач, Анатоля Хіневіча, Сяргея Сыса, Ванду Марцінш, Алена Стэпаненку, Змітра Коласа, Віктара Сямашку ды іншых.
















Фотаздымкі Вадзіма Заміроўскага