Напачатку кастрычніка ў Варшаве прайшоў сямейны дзіцячы кніжны фестываль “Кнігавір”. Праграма ўключала знаёмства з сучаснай беларускай кнігай і рознымі кніжнымі фарматамі. Фестываль стаў таксама і спробай вызначэння ролі беларускай кнігі ў жыцці дзяцей беларускіх эмігрантаў, разумення цікавасцяў будучай дарослай чытацкай аўдыторыі.
Ініцыятыву рэалізавалі актывісткі кніжнай справы Ліля Ільюшына і Аляксандра Гушча, Алесь Лозка і Юлія Букштыновіч з Беларускай школы ў Варшаве і Ірына Шчэрбач-Абяжыньска з варшаўскай школы №395 (з навучаннем для беларускай меншасці).
Лілю Ільюшыну і Аляксандру Гушчу ўжо некалькі гадоў цікавіла тэма кніжнага фестываля для дзяцей, праўда, было незразумела, як ажыцявіць такі фармат для беларускіх дзяцей у эміграцыі. Было шмат арганізацыйных пытанняў, у тым ліку — адсутнасць рэсурсаў і бюджэта. Але цікавасць перамагла. Было вырашана звярнуцца да школаў, дзе навучаюцца беларускія дзеці, так да арганізатарак далучыліся Беларуская школа ў Варшаве і школка для беларускай меньшасці. Месцам правядзення “Кнігавіра” стала польская школа, на базе якой размяшчаюцца вышэйназваныя ўстановы.


“Кнігавір” прайшоў у фармаце малога школьнага фестывалю для дзяцей ад шасці да дванадцаці гадоў. Сярод мэтаў фестываля, як адзанчаюць арганізатаркі, былі наступныя: зладзіць для беларускіх дзяцей кніжны фэст з цікавымі імпрэзамі ў інтарактыўным фармаце, пазнаёміць іх з сучаснымі беларускімі кнігамі і паказаць, што кніга — гэта цікава, яна можа існаваць у самых розных фарматах. Звярнуцца непасрэдна да будучага чытача і зрабіць беларускую літаратуру бачнай.

Удзел у фестывалі ўзяла акторка тэатра і кіно, заснавальніца ініцыятывы “Кніжны воз”, Крысціна Дробыш, якая раскаўала дзецям пра аўдыёкнігі і пачытала ўрыўкі з “Гары Потэра”. Знаўца коміксаў, лектар Мікіта Сеннікаў расказваў пра коміксы, у тым ліку і беларускія. Тэатральная студыя “Купалінка” прадставіла інтэрактыўны майстар-клас па агучцы “Зайграй, вецер”. У праграме таксама быў квіз ад Аляксандры Гушчы, прызам сталі коміксы “Трымайся, Трусік!” Жазэфіны Марк, падораныя фэсту Кацярынай Веразуб з кракаўскай ініцыятывы “Кніжны Вырай”. Былі чытанні ў цемры ад Волі Воўк па кнізе Эвеліны Дацюте “Шчасце — гэта ліса”, пасля якога дзеці выконвалі цікавыя заданні.
Кніжная актывістка Ліля Ільюшына дзеліцца ўражаннямі пра фестываль “Кнігавір”:
Я лічу, што фестываль дасягнуў сваіх мэтаў — мы зрабілі цікавы дзецям інтэрактыўны кніжны фестываль. Для нас усё ж было важна, каб гэта было не проста забаўляльнае свята для беларускіх дзяцей, але і магчмасць для іх даведацца больш пра кнігу і чытанне.
Мы шмат кажам — трэба падтрымліваць беларускую кнігу, дбаць пра беларускага чытача. Але чытачы не з’яўляюцца самі па сабе. Дзе тая аўдыторыя? Вось, нашыя дзеці — хтосьці ў эміграцыі, хтосьці проста ў дыяспары. У мяне няма місіянскай пазіцыі заангажаваць у чытанне ўсіх, але мне важна пазнаёміць, паказаць, што гэта цікава і нармальна.

І гэта было важна — бачыць дзяцей, пачынаць разумець тую рэальнасць, у якой яны жывуць. Бо гэта яшчэ і дзеці іншага, лічбавага свету. Шмат хто з іх правёў у эміграцыі 4-5 гадоў і гадаваўся ўжо ў польскай сістэме. Яны свабодна валодаюць польскай мовай, але лёгка пераходзяць і на беларускую, расейскую, міксуюць мовы. І яны, са свайго боку, могуць даваць заўвагі, паказваць нефармальныя штукі, як яны чытаюць, як успрымаюць тэксты. І для дарослых гэта магчымасць павысіць культуру чытання.
Калі мы былі ў Беларусі, мы былі інтэграваныя ў расійскі кніжны рынак, і, калі прыводзілі нейкія прыклады, нават пераклады — гэта ўсё роўна з расейскай мовы. Цяпер можна прыводзіць абсалютна іншыя рэферэнсы, і гэта ўжо твая падача матэрыялу, мяняецца твае бачанне свету. І гэтыя дзеці — тыя самыя чытачы. Вядома, яны інтэгруюцца ў мовы краін, дзе жывуць. І ў гэтым плане, безумоўна, беларуская кніга канкуруе з усім светам. Але важна казаць пра саму культуру чытання, прывіваць яе дзецям. Бо, калі ў чалавека ёсць звычка чытаць, то моўнае пытанне будзе для яго другасным. Захоча — вывучыць, падцягнецца. Я ведаю шмат людзей, якія ў дарослым веку вывучылі замежныя мовы, і цяпер вольна чытаюць на іх, бо ў іх ужо была звычка чытання.
Фестываль таксама стаў спробай зразумець і свае адчуванні, магчымасці рабіць імпрэзы так, каб гэта было і якасна, і ў той жа час цікава і дзецям, і мне, і на гарантаваным узроўні. Я вельмі добра стаўлюся да забаўляльных дзіцячых фэстаў, але для мяне, як арганізатаркі, вельмі важна, каб гэта было ў інтэрактыў, разумнасць, элітарнасць, вось у мяне такі фокус. У Беларусі былі фэсты, якія адпавядалі гэтаму запыту — “Горад і кнігі”, “YA — Я Fest”.
Пры гэтым такія фэсты маюць досыць простую формулу, школы могуць іх лёгка праводзіць. Вядома, заўсёды ёсць пэўная арганізацыйная нагрузка, але ўсё ж гэта і не звышвысілкі.
Я вельмі ўдзячная калегам — Аляксандры, Алесю, Юліі, Ірыне; нашым удзельнікам і ўдзельніцам — Крысціне, Мікіту, Вользе, студыі “Купалінка”, а таксама адміністрацыі школы №395 — пані Рэнаце Новік і пані Здзiславе Бжэськевiч за падтрымку.
Культурніцкая менеджэрка, бібліятэкарка Аляксандра Гушча пра вынікі дзіцячага фестываля “Кнігавір”:
Калісьці я сама ў якасці бібліятэкаркі з Берасця ўдзельнічала ў фестывалі “Горад і кнігі”. Наша бібліятэка тады выйграла камплект файных кніг, якія б аддзел каталагізацыі дакладна не купіў бы. Таксама, у эміграцыі я працавала нянькай у беларускіх сем’ях, вадзіла ў бібліятэку гадаванцаў і чытала ім кнігі. Аднойчы я ўбачыла афішу мясцовага кніжнага фестывалю і вырашала туды схадзіць. Там аказалася вельмі мала інтэрактыву для дзяцей. Былі выдаўцы і стэнды, але прамой размовы асабліва не было. Мне было нават сумна, што казаць пра дзяцей. Фестываль жа для іх.
Мне цікава цяпер вывучаць чытанне, бібліятэку ў жыцці беларусаў-эмігрантаў. Вядома ж, у эміграцыі трэба мець і сродкі, і жаданне падтрымліваць інтарэс да сваёй кнігі. Мяне бянтэжыць, калі беларусы шукаюць кнігі Дастаеўскага ці казкі Пушкіна. Быццам беларускіх класікаў няма. І ёсць цікавыя людзі, якія робяць кніжны свет багацейшым. Для дарослых ёсць PRADMOVA, але мы таксама павінны клапаціцца і пра малога чытача. Гадаваць яго.




Таму, плануючы “Кнігавір”, мы вырашылі паспрабаваць меншы маштаб, паглядзець, як пойдзе. Я лічу, усё прайшло паспяхова, нягледзячы на мінусы ў выглядзе часу, бюракратыі і адсутнасці бюджэту. Я бачу шмат добрых вынікаў. Дзеці зазірнулі ў свет стварэння кнігі і працы з сэнсам, які ёсць у кнізе. Крысціна Дробыш расказвала пра аўдыёкнігі і чытала “Гары Потара”, Мікіта расказаў пра гісторыю беларускага коміксу, і іншае. Гэта не сумна. Важны вынік і для літаратурнага поля. Як я казала раней — мы звяртаемся непасрэдна да будучага чытача і робім беларускую літаратуру бачнай. І вельмі важны вынік асабіста для мяне — я ўбачыла зацікаўленых у кнізе, шчаслівых дзяцей.
Фотаздымкі — фестываль “Кнігавір”.
Аляксандра Дварэцкая для bellit.info






