Аўдыякніга “Па што ідзеш, воўча?” — на ўсіх пляцоўках

Твор Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?” быў агучаны “Еўрарадыё” яшчэ некалькі гадоў таму, але цяпер яго можна паслухаць на любой зручнай лічбавай пляцоўцы. Дыстрыб’ютарам гэтай аўдыякнігі стаў рэсурс Audiobooks.by.

“Рына, алкагалічка сярэдніх гадоў, з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала яе старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, – спакой. Але дома яе чакае неспадзяванка – старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць”, — гаворыцца ў анатацыі да ўжо культавай “балотнай казкі” Евы Вежнавец, якая выйшла ў выдавецтве “Пфляўмбаўм” і перакладзеная на некалькі еўрапейскіх моваў, сярод якіх польская, шведская, нямецкая ды чэская.

Кнігу можна слухаць на Castbox, Apple Podcasts, Беларуская Палічка, Spotify Podcasts, Google Play Books, Spotify Audiobooks.