28—31 траўня на кірмашы ў Варшаве будзе працаваць стэнд беларускіх выдавецтваў

28—31 траўня ў Варшаве на стадыёне PGE Narodowy пройдзе міжнародны кніжны кірмаш. У межах падзеі будзе працаваць беларускі стэнд-салон, дзе можна будзе набыць беларускія кнігі і выданні, звязаныя з Беларуссю.

Чытачы змогуць пагартаць і прыдбаць кнігі выдавецтваў: Lohvinau Publishing House, Arche, hochroth Minsk, Мяне Няма, Skaryna Press,“Янушкевіч”, “Пфляўмбаўм”, “Вясна” (Прага),Surma, Połackija Łabirynty, Gutenberg Publisher, Studio Magenta, SayBeat, RozUM Media, а таксама выданні Варшаўскага ўніверсітэта, Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, фонду Kamunikat.org, а таксама кнігі з Беларусі.

У праграме салона — выступы і аўтограф-сэсіі Алеся Бяляцкага, Аляксандра Фядуты, Дароты Міхалюк, Уладзіміра Арлова і іншыя прэзентацыі. Агульная праграма будзе анансаваная неўзабаве.

Арганізатары звяртаюць увагу, што сёлета Варшаўскі міжнародны кніжны кірмаш, які традыцыйна праводзіўся ў “Палацы навукі і культуры” мяняе лакацыю: стэнд “Вольная Беларусь” (11/D5) будзе працаваць на стадыёне PGE Narodowy (al. Księcia Józefa Poniatowskiego 1, 03-901 Warszawa).

Стэнд "Salon Wolna Białoruś" арганізаваны Інстытутам беларускай кнігі і Цэнтрам беларускай салідарнасці і падтрыманы Centrum Mieroszewskiego.