12 лютага — прэзентацыя рамана Цімура Кудзеліча

У выдавецтвае Skaryna Press выходзіць раман маладога пісьменніка Цімура Кудзеліча “Значныя дні”, які расказвае чытачу “пра страх і ачмурэнне, безвыходнасць і пробліскі надзей”.

Віктар Жыбуль у анатацыі да кнігі расказвае пра твор:

“Кропка, вакол якой круціцца ўвесь сьвет рамана „Значныя дні“, — Беларусь. Так называецца чыгуначная станцыя ў горадзе Заслаўі. На ёй стаіць звычайная грамадзкая прыбіральня. У якой адбыва­юц­ца даволі незвычайныя рэчы. Кропка, дзе пераплятаюцца рэалістычнае і фантазійнае. Умоўны сьвет, упісаны ў канкрэтную тапаграфію. Рэчаіснасьць, непадлеглая „нармальнаму“ апісаньню. Жыцьцёвыя і тагабоч­ныя пэрсанажы. Наўмысна „няправільная“ мова аповеду. Не­нар­матыўны сынтаксіс. Зьменлівы тэмп. Гратэск і гіпэрбалы. Прывідныя алюзіі. Апавядальнік, раствораны ў сусьвеце. Людзі, ператвораныя ў Словы. Нават. Таксама. Падказкі, папраўкі й кпіны „закадравага“ камэнтатара. Малюнкі і фотаздымкі як ілюстрацыі ці… як замена самога тэксту?.. Рэалізм, сюррэалізм, пуантылізм і яшчэ цэлы жмут -ізмаў у адным фляконе. Перакідныя масткі ў авангард, рэнэсанс і лубок.
Раман Цімура Кудзеліча — пра страх і ачмурэньне, безвыходнасьць і пробліскі надзей.  Сапраўдныя дні. Шчасьлівыя дні. Значныя дні. Іржавыя дні.
Далей, ва ўнутар, — Уваход“.

Пачатак продажу і прэзэнтацыя ў Варшаве 12 лютага.

Цімур Кудзеліч — пісьменнік і кніжнік з Менску. Цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Прыхільнік арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасці. Аўтар кніг прозы “ЯК” і “Пацукі” ды паэтычнага зіну “бяз гэтага — усё”.