Празаік Цімур Кудзеліч прачытаў новы раман Альгерда Бахарэвіча і дзеліцца сваімі ўражаннямі.
Пішу гэты тэкст з аблогі, залез у бліндаж з ноўтбукам. Уверсе ўсе толькі й крытыкуюць Бахарэвіча і ягоны новы раман “Падземныя пераходы”. Прынамсі, я чую толькі адмоўныя водгукі. Крытыкуюць за кан’юнктурнасьць, за пошласьць, за нуднасьць. Ды я і сам бачу гэта ў кніжцы, толькі вось упэўнены, што ня так усё проста.
Сэтап, здаецца, нескладаны. У Беларусі запускаюць Праграму па замене зьехаўшых на “прыстойных” прадстаўнікоў расейскай глыбінкі. Праграмісты (ацанілі ўкол?) маюць дажываць за змагарамі іхныя няшчасныя жыцьці на Радзіме, новым беларусам выдаюць пашпарты на імёны тых беларусаў, якія сталі непатрэбнымі. Колькі злосьці й пагарды вы адчуваеце ў такой задуме? Бязьлітасны рэжым на што толькі ня пойдзе… І беларусы маўчаць. А гэтыя расейцы? Пнуцца, недарэкі, абы куды падалей ад сваёй хтанічнай галечы.
Адразу думка: куды тут рухаць сюжэт? Яму ж разьвярнуцца няма дзе. Увесь сьвет кнігі нібыта зроблены дзеля адной эмоцыі, дзеля выказваньня адной думкі, якую і без таго ледзь ня кожны знаёмы круціць у галаве: нас там не чакаюць, іх лад ужо іншы й будзе неяк разьвівацца бязь беглых. Даруйце, ну гэта ж казка ці апавяданьне па матывах Борхеса, але ніяк не раман на 420 старонак. Такія тэмы трэба афармляць у плякаты, а не ў фаліянты.

Тым ня менш, ёсьць у кнізе беларуская пара, што жыве ў Бэрліне – экскурсавод і паэтка. Пераехалі, відавочна, пасьля пратэстаў 2020-га. Экскурсавод – галоўны герой, яму нядаўна споўнілася 50 гадоў, таму ён вырашыў, што насьпеў час для зьменаў у жыцьці. Па-першае, кінуў паліць. Па-другое, пастанавіў забіць аднаго чалавека, няважна каго. І вось у час ранішняй прабежкі ён даведваецца ад непажаданага знаёмага пра гэтую Праграму. Пра яе ніхто толкам ня піша, усім да сіняй трубы, толькі нейкі нягеглы беларускі актывіст яшчэ можа пра такое расказаць.
Узьнікаюць пытаньні, як пабудаваны такі сьвет. Акей, галоўны герой, зваць яго Раман Некрашэвіч, не чытае беларускую прэсу, але чаму такая маштабная нахабная акцыя прайшла паўз прэсу нямецкую, якую нувобэрлінэр акурат спажывае? Бахарэвіч і сам гэта тлумачыць ня хоча – усім усё адно і кропка. Ну няхай, сьпішам і мы на асаблівасьць утрыраванага казачнага сьвету і пагодзімся, што гэта наўмысная гіпэрбала для падкрэсьленьня абыякавасьці эўрапейцаў да лёсу Беларусі. Латачка, ды яшчэ ня рвецца.
Карацей, даведваецца гэты Раман Некрашэвіч пра тое, што і яго з жонкай замянілі. Пачынае злавацца і злуецца вельмі доўга, ходзіць туды-сюды ўвесь бы на іголках, раз-пораз тэлефануе свайму допельгангеру і выказвае словы нянавісьці. Жонка Агнія тым часам як бы й пераймаецца, але як бы й ня надта яе гэта кранае. Глябальна яна ўсю кнігу застаецца для галоўнага героя самай жаданай і крутой, пакуль не перажывае містычны досьвед у адмыслова адведзеным разьдзеле.
Лялька Вуду, зацікаўленая Беларусьсю лесьбіянка… Некрашэвіч перабірае варыянты, якія дапамогуць яму выканаць сваю галоўную жыцьцёвую місію – забіць Беласьнежку (так ён назваў свайго фатальнага двайніка). У выніку Раман прыдумляе мудрагелісты плян з купай умоўнасьцяў і… канец мне падаўся цікавым.
Так званы катарсіс па прачытаньні я адчуў. Гэта было не інтэлектуальнае задавальненьне ад разьвязанай задачы і не захапленьне аўтарскай ідэяй, а вызваленьне пачуцьцяў, што назапасіліся за час чытаньня. Трохі якасьней задумаўся пра сваю ідэнтычнасьць, дадалося новай оптыкі. Таму прынамсі на мяне раман спрацаваў, пакінуў, можа, невялікі, але ж сьлед.
Упершыню ўбачыў, як кніга Бахарэвіча набірае бліжэй да канца. Чытаў я, канечне, у яго ня ўсё, але ўжо прызвычаіўся да схэмы: вельмі цікавы пачатак, разыход гісторыі ў бакі, нацягнутая канцоўка, якае мае ўсё сувязаць, але сувязвае не заўсёды й далёка ня ўсё. Але ў “Падземных пераходах” гісторыя, можна сказаць, паглыбляецца, паступова і арганічна становіцца менш адназначнай. Доўгі час ты проста ходзіш бэрлінскімі вулкамі з героем-экскурсаводам, ён дзеліцца сваімі мітрэнгамі, расказвае паданьні на тэму, і ты ўсё-ткі паціху пачынаеш верыць у гэты раманны сьвет.
Толькі вось на шляху шмат хто адвальваецца. За апошні тыдзень я абмяркоўваў гэты раман разоў 15 і ледзь ня кожны раз мне даводзілася трохі выгароджваць Бахарэвіча (ох, як я стаміўся!) Навошта? Не такі я ўжо прыхільнік гэтай кнігі, ды вы й самі ведаеце: Альгерд Бахарэвіч не патрабуе маёй абароны. Але я стаю на сваім: сапраўдная літаратура патрабуе комплекснай, складанай размовы. Мне здаецца, што раман адбыўся, а складанай размовы не атрымліваецца. Большасьці ўсё зразумела адразу: тэма кан’юнктурная, эмоцыя простая, фарбы – толькі чорная і белая, як на вокладцы. Яшчэ ніводзін мой суразмоўца не дачытаў кнігі. Думаю, мала хто зь іх і дачытае.

Як я зразумеў, зазвычай кнігу кідаюць на трэцім разьдзеле. У першых двух прадстаўленыя героі – спачатку бэрлінскі Раман, потым менскі Беласьнежка – а далей мусіць ісьці найцікавейшае, галоўная дзея. Як жа яны судакранаюцца, якая між імі хімія, як будуць рухацца падзеі. А замест гэтага Бахарэвіч выкарыстоўвае свой адпрацаваны прыём – падмяняе падзеі кіляграмамі словаў: побытам, хаджэньнем на месцы, метафарамі, пабочнымі гісторыямі.
Насычае тэкст? Магчыма. Але, шчыра кажучы, прадрацца праз гэта бывае складана. Альгерд казаў, што трэці разьдзел “Сабак Эўропы” пра бабку і выспу, на якім шмат хто кідаў чытаньне, наўмысна зрабіў грувасткім. Для адсейваньня непадрыхтаванага чытача ці для набору неабходнай для 896 старонак колькасьці знакаў – я ня ведаю. Думаю, для таго, каб чытач пабольш пажыў з гэтай гісторыяй, прымірыўся, палюбіў. Тады ў мяне не атрымалася, я сьвяткаваў канец Нэандэртальскага лесу. Цяпер жа падобны прыём на мяне спрацаваў належна, але я разумею тых, хто спыняе чытаньне – угу, бывае трохі нудотна. Ці гэта было таго варта? Ня мне адказваць на гэтае пытаньне.
Ну і куды без скандалаў? Адразу абурыліся беларусы ўнутры Беларусі: як ты нас паказваеш? Спачатку і я быў падумаў, што безь вялікай павагі. Але насамрэч ніякай абразы там па сутнасьці й няма, калі ўчытацца. Так, гэтая кніга наўрад ці для тых, хто застаўся, некаторыя моманты знутры краіны могуць, напэўна, падацца нягеглымі, але ня больш за тое.
Іншая справа – асобы. Вось дзе скандалы! Хто цяпер перастане вітацца з Бахарэвічам?
Ды не зусім зразумела. У сеціве разышліся тры старонкі з вострай крытыкай калег па цэху. Імёны замененыя, але дэшыфраваць зь лёгкасьцю можна ўсіх (тут я гэтым займацца ня буду). Разнос? Нууу… Магутны ўдар міма касы.
Што гэта было? Жаданьне перамагчы, авалодаць. Можна, канечне, азначыць гэта як востры, шчыры каментар на тэму сучаснай рэчаіснасьці белліту. Патроліў фэміністак і напышлівых крытыкаў. Дык усё ж відаць за прыдуманымі імёнамі рэальных людзей. Чаму б да іх наўпрост не зьвярнуцца? А не выпадае, Бахарэвіч утрыруе і гаворыць як бы й не пра іх. Ён ня хоча парушаць герметычнасьць твору, прысабечвае чужыя ідэнтычнасьці й дазваляе сабе рабіць зь імі ўсё, што яму заманецца.
Ну і нічога страшнага, толькі навошта? Эпізоды з гэтай крытыкай відавочна “тырчаць”, яны толкам не вынікаюць з ходу падзей і нікуды не вядуць. Самы дзіўны пэрсанаж тут – гэта Ж. Яна магла быць кім заўгодна, выпівохай з пад’езда ці тыгрыцай з заапарку – на сюжэт гэта ўсё адно ніяк не паўплывае ў выніку. Але яна нейкая ляснутая паэтка-мамачка ў загвэзданай кватэры. Я спрабаваў разабрацца, дзеля чаго Ж. так падрабязна ўведзеная ў аповед, але адказ у мяне адзін: каб зьвесьці рахункі з прататыпам, авалодаць, перамагчы.
Само па сабе гэта ня страшна, літаратура часьцяком трымаецца на жаданьні падпарадкоўваць. Дык зноў жа, чаму б не сказаць проста? Гэта выглядала б арганічна, гэта ўтрымлівала б канкрэтыку. А так толькі “дастае” цябе з гісторыі й прымушае ўспомніць пра рэальны сьвет.
А кніга ж усё адно парушае свае межы. Такія ўстаўкі толькі падкрэсьліваюць відавочны сэлф-інсёрт. Увогуле, месцы пра літпрацэс я ўважаю самымі недарэчнымі. Раман Некрашэвіч, мне здаецца, апісвае літаратурных дзеячоў не як экскурсавод (няхай сабе й муж паэткі). Ён занадта паглыблены ў гэтую тэму. Але адзначу, што ў астатніх момантах галоўны герой добра прапісаны. Іншая справа – ягоная жонка.

Агнія Бортнік у кнізе адыгрывае незразумелую ролю. Яна – чужародны, як на мой погляд, пэрсанаж, і ейная матывацыя не заўсёды прапісаная. Выведзеная яна, здаецца, толькі для таго, каб цягам усяго тэксту яе хацелі літаральна ўсе, пачынаючы ад выдуманага аўтара ўступу да асноўнай дзеі.
“…каб яна не пабачыла, як я гляджу на яе, пажадліва і жаласьліва, я слухаў і думаў, што мог бы кінуць дзеля яе амбасаду і застацца тут, папрасіць прытулак…”
“Яна ўяўлялася ёй злой і прыгожай сучкай…” – гэта ўжо думкі жанчыны, якая замяніла Агнію ў Менску. Маці галоўнага героя, дарэчы, ёй яшчэ скажа, што яна не такая прыгожая, як тая, што зьехала.
А памятаеце лесьбіянку? Напрыканцы кнігі Раман прыходзіць да высновы, што і яна закаханая “трошкі ў маю жонку”. Тут, вядома, оптыка закаханага мужа, можна зрабіць зьніжку. Хаця некаторыя выслоўі – перабор. Нават для яго. Вы не забылі, што Агнія яшчэ і выдатная паэтка? Ды ня проста выдатная: “Я і так быў мужам апошняй беларускай паэткі – і мне гэтага хапала”.
Ейным літаратурным талентам захапляюцца ўсе, хто здольны яго вытрымаць. Яе запрашаюць на ўсе фэсты і чытаньні, нават на бэрлінскіх вуліцах часам пазнаюць. Дык а што ж піша Агнія Бортнік? Можна пачытаць? Вядома.
“… чаго варты той невялікі тэкст, дзе ты перадражніла ўсе іхныя імітацыі інтарэсу да нас да бясконцага “Бла-бла-бла, бла-бла-бла, бла-бла”.
Зборнік “Кровазварот” Юлі Цімафеевай, старонкі 106–107. Сапраўды някепскі тэкст, можаце пачытаць.
Ну і вось жа, ага! Бахарэвіч падміргвае чытачу, ён сам разумее, як не зусім натуральна глядзіцца гэты пэрсанаж першага пляну (sic!), непрыхавана сьпісаны зь ягоных уяўленьняў пра сваю жонку. Але выглядае гэтая гульня досыць няёмка.
З іншага боку, двайнік Агніі зроблены больш арганічна. Мне здаецца, што тут аўтар сапраўды здолеў трапіць у характар. Увогуле, у Праграмістаў ёсьць свае разьдзелы, гісторыі разьвіваюцца і гэта цікава чытаць. Сюжэт пачынаецца з карыкатуры на расейскую глыбінку і ейных жыхароў, але ў выніку выраўноўваецца.
Зноў жа, адзначаю гэты рух у кнізе – трывіяльнасць разьвіваецца да арыгінальнасьці. Менавіта таму, нягледзячы на ўсе хібы, раман мне хутчэй спадабаўся. Але разумею і тых, каму не зайшло. Пасьля 200 старонак я быў перакананы, што гэта будзе драма і быў нават падумаў, ці ня кінуць. Аднак кнігі, паводле юнацкай (увесь час наперадзе) звычкі, я абмяркоўваю толькі пасьля прачытаньня. На шчасьце, “Падземныя пераходы” сталі тым рэдкім выключэньнем, калі гэтая фіксацыя прывяла мяне да станоўчых уражаньняў.
У нейкі момант зьяўлялася адчуваньне, што Альгерд Бахарэвіч похапкам накідаў у новы раман усё сваё ўлюбёнае – Юлю Цімафееву і Кафку, Бэрлін і яго гісторыю, вікіпэдыю, казачнасьць і гаваркія імёны (Necroшэвіч), гарадзкія паданьні… Валіза на падлозе, шафа расчыненая: а куды мы бяжым? Няважна, трымайце яшчэ й постмадэрновы фрэйм “я знайшоў гэтую кніжку на носьбіце і цяпер публікую”. Чароўным чынам гэтыя зьявы дапасоўваюцца адна да адной і ўтвараюць сэнс і мэлёдыю. А гэта ў любым рамане я ўважаю самым важным.
Цімур Кудзеліч, для bellit.info






