Сяргей Сурыновіч напісаў зборнік псіхалагічных апавяданняў пра віцебскіх падлеткаў “Нулявы мерыдыян”. Кніга неўзабаве выйдзе з друку, піша Суполка беларускіх пісьменнікаў.
Кніга ілюстраваная, змяшчае 10 апавяданняў. Рэдактаркай выступіла Крысціна Курчанкова.
Героі кнігі — кіберспартсмены, блогеры, мастакі камп’ютарнай графікі — жывуць заціснутымі ў вакуум сацыяльных сетак і бацькоўскіх чаканняў, але…
“Сапраўднае жыццё пачынаецца там, дзе знікае 5G. Адзінота, чужы боль, страта ілюзіі прыводзяць кожнага да свайго «нулявога мерыдыяна» — моманту, калі лічбавы код ператвараецца ў жывое сэрца. Кніга адрасуецца падлеткам, іх бацькам і ўсім, хто шукае шлях да самога сябе”, — так выказваецца пра кнігу сам аўтар — рыма-каталіцкі святар Сяргей Сурыновіч.
Гэта не першы твор Сяргея Сурыновіча — сёлета ў электронным фармаце выйшла яго аповесць “Крушня”.






