Выдавецтва “Тэхналогія” выдала кнігу-боль, кнігу-рэквіем, кнігу-памяць габрэйскага пісьменніка Гірша Смоляра “Менскае гета” ў перакладзе з ангельскай на беларускую мову Міколы Гілевіча.
“Гэтая кніга, напісаная былым актывістам габрэйскага супраціву, надзвычай цікавая як жывое сведчанне аднаго з нешматлікіх ацалелых гетаўцаў, — гаворыцца ў анатацыі да выдання. — Гірш Смоляр разглядае трагічную гісторыю Менскага гета ў кантэксце агульнай палітыкі нацыстаў у дачыненні да габрэяў у Еўропе, а таксама спрабуе праліць святло на такія маладаследаваныя моманты, як дачыненні гетаўскага падполля з пазагетаўскім, стасункі габрэйскіх партызанаў з Цэнтральным штабам партызанскага руху, антысеміцкія кампаніі ў першыя паваенныя гады”.
Голая жахлівая праўда Халакоста, дзясяткі фота і дакументаў, надрукаваных упершыню, жывыя сведкі падзей. Тысячы і сотні тысяч ахвяр.


Гірш Смоляр, у савецкай традыцыі Рыгор Давідавіч Смоляр (1905, Замбраў, Царства Польскае, Расійская імперыя — 1993, Тэль-Авіў, Ізраіль) — габрэйскі пісьменнік і журналіст, рэдактар газет і кніг на ідыш, польскі і савецкі камуністычны дзеяч.
Бацька — Давід Смоляр, гандляр газіраванай вадой, некалі аднакурснік Хаіма Бяліка ў Валожынскай ешыве. Бацька культываваў у сям’і любоў да габрэйскай літаратуры. Да 11 гадоў Гірш наведваў школу, затым вымушаны быў вучыцца шавецкаму рамяству. З 12 гадоў далучыўся да рабочага руху, у 1920 годзе падчас савецка-польскай вайны ўвайшоў у рэўкам як прадстаўнік рабочай моладзі, а пасля адступлення савецкіх войск збег у Варшаву, далей ва Украіну.
У 1928 годзе нелегальна вярнуўся ў Польшчу як агент Камінтэрна з даручэннем весці дзейнасць у Заходняй Беларусі, жыў у Варшаве, Беластоку, Лодзі, Вільні; некалькі разоў быў арыштаваны і сядзеў у турме. Быў рэдактарам нелегальнага часопіса «Дзі ройтэ фон» (Беласток-Вільня). Друкаваўся ў газетах Вільні і Беластока. Апроч публіцыстыкі пісаў апавяданні.
Сядзеў у гродзенскай турме з беларускімі дзеячамі Пестраком, Міско, Радзюком; у 1939 годзе этапаваны ў брэсцкую турму, пасля пачатку 2-й сусветнай вайны ўцёк з турмы, перабраўся ў Беласток, стаў сакратаром мясцовага аддзялення Саюза савецкіх пісьменнікаў. Рэдагаваў газету «Бялыстокер штэрн», друкаваўся ў розных савецкіх выданнях (Штэрн, Октобэр, Эйнікайт і інш.).
Пасля нападу Германіі на СССР сям’я Смоляра эвакуявана ў Маскву, а ён апынуўся ў акупацыі ў Менску. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі камуністычнага антынацыскага руху ў Менскім гета і стаў адным з яго кіраўнікоў. Устанавіў сувязі з падполлем у беларускай частцы горада, у тым ліку з сакратаром падпольнага Менскага гаркама кампартыі Ісаям Казінцом. Падполле паставіла за мэту вывад максімальнай колькасці вязняў гета да партызан у лясы; у 1942—1944 гадах менскія габрэі склалі ядро сямі партызанскіх атрадаў. Летам 1944 года Смоляр збег з гета і стаў камісарам партызанскага атрада імя Сяргея Лазо, жыў у Налібоцкай пушчы.
Пасля вайны па заданні ўладаў СССР жыў у Польшчы. Выступаў у габрэйскіх газетах і часопісах розных кантынентаў — у друку Польшчы (Ідышэ шрыфтн, Ойфганг), Нью-Ёрка (Моргн-фрайхайт, Ідышэ култур, Эйнікейт, Най лебн, Замлунген), Парыжа (Нае прэсэ), Аргенціны (Ландсманшафтн, Гроднер опкланген), Бразіліі (Дэр пойлішэр ід), у часопісе «Савеціш геймланд» і інш.
У час антысеміцкай кампаніі 1968 году Смоляр быў звольнены з усіх пастоў і выключаны з партыі, а яго сыны арыштаваны. У 1971 годзе ён выехаў у Ізраіль.






