Выйшла кніга Міколы Захаранкі — лаўрэата прэміі Стральцова

У выдавецтве “Дыграф”, нядаўна заснаваным заўчасна спачылым Раманам Цымберавым, выйшла кніга Міколы Захаранкі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Выданне выбраных твораў пад назвай “На тым краі зямлі”, якое і ёсць ўласна ўзнагародай пісьменніку, змяшчае паэзію, прозу і публіцыстыку.

Журы прэміі прысудзіла ўзнагароду Міколу Захаранку “За творчае ўвасабленне і захаванне класічных літаратурных традыцый, вернасць мове палескай глыбінкі, метафарычна-фальклёрнае асваенне духоўнага свету беларусаў”.

Апавяданні ў кнізе “На тым краі зямлі” сюжэтна-займальныя, населеныя пазнавальнымі героямі палескай глыбінкі. Трагедыя і святочная весялосць іхняга жыцця нібы знутры падсвечаныя напаўказачным святлом. І вершы і апавяданні напісаныя вельмі жывой мовай, якая часта збліжаецца з мовай тых самых персанажаў. Публіцыстычная частка кнігі змяшчае артыкулы на востра-сацыяльныя тэмы.

Рэдактаркай выбранага “На тым краі Зямлі” выступіла Аксана Спрынчан.

Мікола Захаранка нарадзіўся 13 траўня 1949 году ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1986). Доўгі час настаўнічаў у вёсцы Швабы на Лагойшчыне, дзе і жыве.

Публікаваў апавяданні ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Дзеяслоў”, “Роднае слова”, “Вясёлка”, газеце “Звязда”, вершы і публіцыстыку ў “ЛіМе”. Аўтар дзіцячых п’ес, зборнікаў прозы “І тады ўдарыў бом…” (Менск, 2013), “Такі вецер, такі вецер…” (Менск, 2019). П’еса “Паехалі” ставілася ў 1996 г. на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова (2026).