Польскі гістарычны дэтэктыў для падлеткаў — па-беларуску

У выдавецтве Gutenberg выйшаў пераклад гістарычнага дэтэктыву для дзяцей і падлеткаў польскага аўтара Карнэля Макушынскага, які называецца “Д’ябал з сёмага класа”. Гэтая кніга займае годнае месца ў каноне польскай літаратуры і вывучаецца шасцікласнікамі ў межах школьнай праграмы.

З анатацыі:

Сямнаццацігадовы Адась Цісоўскі, якога сябры завуць Д’яблам за спрытны розум, — адзіная надзея старой шляхецкай сям’і з-пад Вільні, у доме якіх пачалі адбывацца загадкавыя здарэнні. Зразумела толькі адно: таямніцу хаваюць дзверы. Бо нехта іх скраў ды, злупіўшы фарбу, кінуў у лесе.

Падзеі – таямнічыя, прыгодніцкія, дэтэктыўныя – пачынаюцца ў Варшаве, а потым пераносяцца ў шляхецкую сядзібу непадалёк ад Вільні. Адась і яго сябры, разблытваючы таямніцы і загадкі, шукаюць адказы ў здарэннях 1813 і 1863 гадоў.

Кнігу можна замовіць на сайце выдавецтва, а таксама знайсці ў беларускіх крамках у розных гарадах. Першае знаёмства з чытачамі і невялікая прэзентацыі навінкі прайшла на літаратурнай сцэне ў межах фестывалю “Летуцень” у Кракаве.

УВАГА! Выдавецтва звяртаецца да чытачоў і пакупнікоў з просьбай. Увесь прыбытак ад кніг, якія будуць набытыя найбліжэйшым часам, пойдзе на фінансаванне форс-мажорнай сітуацыі. Бухгалтарская фірма, з якой была падпісаная дамова на абслугоўванне выдавецтва, не выканала сваіх абавязкаў, і цяпер паўстала неабходнасць усе бухгалтарскія разлікі тэрмінова зрабіць наноў, каб адсправаздачыцца перад падатковай.

Рахунак за аднаўленне справаздачнасці, які выдавецтва мусіць аплаціць на працягу двух тыдняў, да 10 жніўня, патрабуе аплаты сумы ў амаль 14 000 злотых. Выдавецтва Gutenberg не чакала такіх раптоўных дадатковых выдаткаў і не мае такога запасу. Таму просіць чытачоў купіць новую кнігу зараз.