Літсцэна на фэсце “Летуцень” у Кракаве (фотарэпартаж)

Каманда фестываля інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” ў межах калабарацыі з кракаўскім фэстам Пікнік LTCŃ правяла шэраг літаратурных мерапрыемстваў 26 і 27 ліпеня. Сярод іншага, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі новых кніг, размовы і паэтычныя меладэкламацыі.

У пятніцу 26 ліпеня ў Каракаве ў доме беларускай дыяспары “Прастора” прайшла музычна-паэтычная вечарына. Музыкі Эрык Арлоў-Шымкус, Віктар Сямашка і Уладзь Лянкевіч імправізавалі, стваралі размаітыя гукавыя палотны, а запрошаныя паэты і паэткі чыталі свае вершы. Перазіраліся, шукалі супольны настрой з музыкамі і дэкламавалі свае тэксты: Дар’я Бялькевіч, Віталь Рыжкоў, Андрэй Адамовіч (які вырашыў прачытаць урывак прозы), Ганна Шакель, Кася Іофе. А пасля па чарзе, змяніўшы амплуа з музычнага на паэтычнае, прачыталі тэксты Уладзь Лянкевіч і Віктар Сямашка.

27 ліпеня ў кракаўскім парку пад адкрытым небам праходзіў уласна фэст “Пікнік. Летуцень” з мноствам розных тэматычных пляцовак. Адной з такіх пляцовак стала літаратурная міні-сцэна, дзе цягам дня прайшло некалькі сустрэчаў і прэзентацый кніг, а побач можна было купляць беларускія кніжкі.

На пляцоўцы прэзентоўвала новыя выданні і сваіх аўтараў выдавецтва Gutenberg, якое месціцца ў Кракаве. Крысціна Дробыш расказвала аматарам аўдыякніг пра “Кніжны Воз”. Таксама з цікавай лекцыяй-гутаркай пра гісторыю выступіў Цімох Акудовіч, а пра асобу Васіля Быкава паразважалі перакладчыца пісьменніка на польскую мову Яанна Бернатовіч і беларуская выкладчыца і перакладчыца Марына Казлоўская. На развітанне адбылася размова пра музычны нон-фікшн Аляксандра Чарнухі, Дар’і Бялькевіч і Уладзя Лянкевіча.