У кніжнай серыі Littera Scripta (здабыткі сусветнай літаратуры ў перакладах на беларускую мову), эстафету па выпуску якой падхапіла выдавецтва Tsymberau, выйшаў нямецкі раман “Авантурнік Сімпліцысімус” Ганса Якаба Крыстофэля фон Грымэльсгаўзэна ў перастварэнні Васіля Сёмухі.
Раней кніга выходзіла па-беларуску ў 1997 годзе у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Новае выданне круцельскага раману суправаджае прадмова літаратуразнаўцы прафесаркі Галіны Сінілы.
Германія часоў Трыццацігадовай вайны — гэта свет Ганса Якаба Крыстофэля фон Грымэльсгаўзэна (1622 — 1676), чый «Авантурнік Сімпліцысімус» выйшаў з друку ў 1668 годзе і з’яўляецца найвыбітнейшым творам літаратурнага барока Еўропы. Галоўная тэма раману — тэма народу, багацце і галеча, селянін і праца, несправядлівасць свету.
[…] Раман Грымэльсгаўзэна – несумненная вяршыня прозы барока, яго найбольш яскравы ўзор. І, бадай што, ні адзін з твораў той эпохі не стаў такім бязлітасна праўдзівым дакументам свайго часу, як “Сімпліцысімус”[…] Гэта раман пра лёс народны і лёс чалавечы ў смутны, страшны, хаатычны час, раман пра блуканні і пакуты чыстай душы, якая не можа не запляміць сябе брудам і брыдотай гэтага свету, але не можа і не змагацца за сваю цнатлівасць і праведнасць. Гэта трагічны твор, насычаны нястрымнай весялосцю, якая яшчэ больш падкрэслівае трагічнасць часу. У ім гучыць гамерычны смех, бо народ і ў самыя цяжкія часіны не страчвае гумару, здольнасці смяяцца са свету і з сябе, гэта сапраўды выратавальны смех.
Галіна Сініла (урывак з прадмовы)
Унігу ўжо можна купіць у Менску ў “Акадэмічнай кнізе”, а таксама на сайце Kniger.by ці ў краме ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41—42(станцыі метро Купалаўская і Кастрычніцкая), час працы з панядзелка па пятніцу з 11 да 18.30, субота з 11 да 17, нядзеля з 11 да 16.
Таксама адбудзецца імпрэза з нагоды выхаду кнігі з удзелам выдаўцоў і рэдактара ў межах віленскай часткі фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” 5 кастрычніка (субота) 17.40—18.00.