16 лютага ў Бібліятэцы Універсітэта ў Лодзі адбудзецца прэзентацыя кнігі “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча без цэнзуры. Кніга для кожнага беларуса”. У сустрэчы ўдзельнічаюць пісьменнік Уладзімір Арлоў і выдавец Яраслаў Іванюк.
Ёсць кнігі, з’яўленне якіх не бывае выпадковым. Выданне рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» Фондам Kamunikat.org было даўно чаканай падзеяй — як для чытачоў, так і для тых, хто ўспрымае беларускую літаратуру як жывую частку сучаснасці.
Раман, знаёмы многім пакаленням школьнікаў, быў выключаны з праграмы ў 2023 годзе. Але яшчэ нядаўна гэтую кнігу можна было прачытаць на “Валадарцы” (sic!) і ў іншых турмах, дзе ўтрымліваюцца палітзняволеныя.

«Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча — гэта глыбокі і па-майстэрску скроены вялікі гістарычны раман — за межамі Беларусі па-беларуску выходзіць упершыню. Кніга нязменна застаецца ўлюбёным творам і бестсэлерам беларускай літаратуры. Гэта падарожжа ў пярэдадзень паўстання 1863–1864 гадоў, але таксама і ў свет эмоцый чалавека.
Некаторыя крытыкі лічаць, што «Каласы пад сярпом тваім» гэта «галоўная кніга нацыі»!
Зможаце ў гэтым пераканацца і вы падчас сустрэчы з выдаўцом Яраславам Іванюком з Фонду Kamunikat.org і Уладзімірам Арловым, які распавядзе між іншым пра ролю класіка ў яго асабістым лёсе.
Месца: Biblioteka UŁ, ul. Jana Matejki 32\38
Час: 16 лютага, 18:00
Уваход вольны.






