Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад чацвёртай часткі з серыі аўтарства Джоан Роўлінг пра свет чараўнікоў — “Гары Потэр і Келіх агню”. Кніга мае выйсці 8 лютага 2025 году, а цяпер на сайце Knihauka.com адкрыты папярэдні заказ.
Пераклад з ангельскай мовы зрабіла Алена Пятровіч, рэдактаркай выступіла Наталля Давыдоўская, мастацкае афармленне — Браян Сэлзнік (ЗША) з адаптацыяй Крысціны Іванцовай. У кнізе 712 старонак.
Таксама ёсць магчымасць замовіць адразу чатыры кнігі серыі. Адмыслова да выхаду новай часткі будуць дадрукаваныя папярэднія кнігі ў цвёрдай вокладцы.
Выдавецтва нагадвае, што ўлетку 2024 году яны былі вымушаныя паведаміць, што брытанскія праваўладальнікі адмовіліся у падаўжэнні правоў на беларускае выданне серыі пра Гары Потэра, спасылаючыся на жорсткія санкцыі Вялікабрытаніі ў адносінах да Беларусі і прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні самой Роўлінг.
“Пасля працяглых і плённых перамоў, з дапамогай калег і сяброў, нам удалося прабіць сцяну непаразумення і давесці, як важна беларусам пры ганеннях на нацыянальную культуру, жорсткай барацьбе за дабро і святло, чытаць кнігі пра Гары Потэра на роднай мове.
Складаем высокія падзякі для Ірыны, Юрыя і асабліва Лёні Козікавых, якія навялі масты і пераканалі брытанскі бок па-новаму паглядзець на праблему. Шчыра ўдзячныя Таццяне Нядбай і ўсёй камандзе Беларускага ПЭНа за камунікацыю і непасрэдныя рашэнні, Ангельскаму і Міжнароднаму ПЭН-цэнтру за імклівае падключэнне да справы і паспяховыя вынікі.
Дзякуем усім, хто шчыра прапаноўваў сваю дапамогу, а мы ёю не скарысталіся. Справа патрабавала цішыні і часу, выбачайце, калі гэта выглядала як ігнараванне. Гэта зусім не так”.
Аднак новая дамова пра выданне была заключана на даволі жорсткіх умовах. Кнігі Дж. К. Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на нашых пляцоўках: у кнігарні “Кнігаўка” ў Варшаве, інтэрнэт-краме knihauka.com, маркетплэйсах Allegro і Amazon. Апроч таго, на вялікі жаль, іх ЗАБАРОНЕНА прадаваць на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Гэта значыць, што выдавецтва не зможам дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь.
Разам з тым, выдаўцы спадзяюцца, што нягледзячы на гэтыя перашкоды, чытачы на радзіме знойдуць рашэнні, як атрымаць новыя выданні.
Таксама ў выдавецтве “Янушкевіч” звяртаюць увагу на тое, амаль усе даступныя фінанасавыя рэсурсы маюць пайсці на друк новых накладаў кніг пра Гары Потэра. Іншыя праекты, сярод якіх творы Рэя Брэдберы, Хорхе Луіса Борхеса, Рэбэкі Кван, Айн Рэнд, Фрэнка Герберта і інш., адкладаюцца да лепшых часоў.
Калі ў вас ёсць фінансавыя магчымасці, падтрымайце выдавецтва на на Patreon i Zrzutka, каб новыя кнігі маглі быць надрукаваныя як мага раней.