Папярэдняя падпіска на біяграфію выбітнага біяхіміка Астроўскага

Выдавец Раман Цымбераў абвясціў папярэднюю падпіску на кнігу Святланы Воцінавай “Астроўскі. Сонечны круг”, у якой выкладзена біяграфія знанага беларускага біяхіміка, заснавальніка Інстытута біяхіміі Акадэміі навук Юрыя Астроўскага.

Кніга напісана ў традыцыі гісторыка-біяграфічнага жанру. Для ўзнаўлення рэальнасці аўтарка карыстаецца не толькі архіўнымі звесткамі і газетнымі публікацыямі, дзённікавымі нататкамі і вуснымі ўспамінамі, але і фотаздымкамі, асабістымі рэчамі, наведвае месцы падзей. “А разам з тым ужывае не ўласцівыя дакументалістыцы мастацкія прыёмы, якія, не скажаючы рэальнасці, дадаюць псіхалагізму, ствараюць адчуванне набліжанасці, далучанасці і суперажывання”, — тлумачыцца ў апісанні кнігі.

Твор перадае атмасферу навуковага пошуку, закранае пытанні маральнага абавязку, праводзіць чытача праз эпізоды трыумфаў і паражэнняў, дае слова многім прадстаўнікам школы Юрыя Астроўскага.

Падрабязная пакрокавая інструкцыя, як замовіць навінку, змешчана на сайце выдавецтва.