Выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм” анансуе выхад перакладной навінкі — нарвежскі нон-фікшн Лінэ Нагель Ільвісокер “Мой свет растае. Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене”. Кнігу на беларускую мову пераклала Алена Казлова.
Беларускі пераклад нон-фікшну, які чытаецца як захапляльны дэтэктыў, мае з’явіцца раней за многія іншыя пераклады на еўрапейскія мовы.
З анатацыі:
Нарвежская журналістка Лінэ Нагель Ільвісокер жыве з сям’ёй у Лонг’іры, самым паўночным населеным пункце-тысячніку, што на Шпіцбергенскім архіпелагу, дзе глабальнае пацяпленне ідзе хутчэй, чым дзе-колечы на планеце. У 2015-м лавіна накрыла цэнтр пасёлка, забраўшы жыцці маленькай дзяўчынкі і бацькі іншай сям’і. Наступная восень прынесла дажджы і земляныя апоўзні. З надыходам зімы новая лавіна абрынулася на дамы Лонг’іра.
Усё часцейшыя буры і адлігі выклікаюць трывогу Лінэ. Што адбываецца з яе пасёлкам і Арктыкай? У пошуках адказаў яна гутарыць з метэаролагам, якая сама трапіла пад лавіну. Лінэ наведвае паляўнічага, які вытрымаў 40 зімовак у суворых умовах Шпіцбергена. Яна разбіраецца ў тым, што адбываецца з марскімі плынямі і надвор’ем, шукае сляды дагістарычных лясоў на архіпелагу, а ў паходзе з дзецьмі сустракае трох мядзведзяў. На сваім даследчыцкім шляху яна апісвае змены, праз якія праходзіць Лонг’ір, і разважае пра парадоксы пасёлка, які жыве з вуглездабычы і турызму.
Гэта бясстрашны і шчыры аповед ад першай асобы пра Арктыку.