На кніжным маркеце будуць збіраць сродкі на заснаванне Прэміі імя Евы Вежнавец

9 жніўня ў Варшаве ў бары “Karma” пройдзе кніжны маркет, прысвечаны памяці Евы Вежнавец. Частку выручкі ад кніжнага маркета выдавецтвы накіруюць сям’і Святланы Курс, а таксама на Прэмію яе імя, пра якую арганізатары аб’явяць напярэдадні падзеі, паведаміла Mediazona.

“Некалькі месяцаў таму Святлана Курс, вядомая пад псеўданімам Ева Вежнавец, напісала: “Дарагія, весяліцеся, гуляйце і куралесьце. Няхай на старасьць у вас будзе запас добрых перажываньняў і сьвятло вашага аптымізму”. Мы хочам, каб гэты дзень стаў працягам яе словаў. Таму зноў збіраемся разам, каб падтрымаць беларускую культуру”, — тлумачаць арганізатары.

Ідэю заснавання Прэміі Евы Вежнавец падтрымалі блізкія пісьменніцы і Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Удзельнікі кніжнага маркета: “Полацкія лабірынты”, “Мяне Няма”, Kamunikat, Magenta, Bukinist:ka Press, RozUM Media, Kirma.sh, АЧК-Беларусь. Таксама можна будзе набыць кнігі выдавецтваў “Пфляўмбаўм” і Gutenberg Publisher.

9 жніўня
15:30— 20:00 — кніжны маркет
19:00 — ШокінгКульт live! Максім Жбанкоў з аўтарскай чыткай новай кніжкі пад акустычны псіхадэл

Karma Crew, Al. 3 Maja 15, 00-381, Warszawa