“Папуры” анансуе дзясятак кніг для дзяцей і дарослых

Выдавецтва “Папуры” падзялілася найбліжэйшымі выдавецкімі планамі. Хутка мае выйсці дзесяць навінак на беларускай мове, сярод якіх новыя арыгінальныя кнігі для дзяцей рознага веку, а таксама перавыданні класікі і не толькі.

Так, неўзабаве ў фармаце poket-book выйдуць кнігі Максіма Гарэцкага “Дзве душы / У чым яго крыўда?”, Саламеі Пільштыновай “Авантуры майго жыцця” і зборніка казак, легендаў і паданняў “Сіняя світа”.

Аматараў класіка беларускай кніжнай графікі Валерыя Славука парадуе аформленая ім кніга “Казка на ноч” Леаніда Дзінерштэйна, падзеі якой адбываюцца ў лесе.

Надзея Ясмінска напісала гісторыю для маленькіх чытачоў ад 10 гадоў, якая вучыць усведамляць свае пачуцці і жыць у згодзе з сабой. Кнігу “Прыкры Крыўс” аформіла мастачка Святлана Міхалап. Крыўс — шкадлівая істота, якая робіць прыкрасці. Адкуль узяўся гэты Крыўс, не разумее галоўны герой — Стась, у якога дзень не заладзіўся ад самага пачатку…

Святлана Станкевіч у кнізе “Жыў на свеце гном або Як заводзяцца сябры” апавядае пра Ніну, якая не магла знайсці сяброў у новай школе і пра гнома Флюша – гаспадара і ахоўніка саду.

А вось гісторыя ад баскскай пісьменніцы і мастачкі Лейрэ Салабэр’і “Калекцыянерка” у перакладзе на беларуску мову расказвае пра мышку, якая жыве ў прыгожай аранжарэі бабулі Маргарыты. Мышку-калекцыянерку складана заўважыць і давядзецца пільна шукаць на кожнай старонцы. Гэтым будзе цікава заняцца дзеткам ад 3 гадоў.

Таксама ў кішэнным фармаце запланаваны выхад адразу трох кніг з творамі Кастуся Тарасава, сярод якіх “Тры жыцці княгіні Рагнеды”, “Апошняе каханне князя Міндоўга” і “Пагоня на Грунвальд”.

Усе навінкі неўзабаве маюць з’явіцца ў кнігарнях у Беларусі і на папулярных маркетплэйсах.