У выдавецтве “Беларуская навука” ў межах працы Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі выйшла калектыўная манаграфія “Стараверы Беларускага Паазер’я: гісторыя і культура”.
Ладная частка амаль 500-старонкавага выдання напісаная Уладзімірам Аўсейчыкам, знаўцам пахавальных і памінальных практык беларускага Падзвіння і ваколіц, які ўжо працяглы час займаецца вывучэннем стараверскай культуры, каментуе выхад навінкі гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў.
Сярод аўтараў кнігі таксама даследчыцы Таццяна Валодзіна, Вольга Лабачэўская, Вольга Афанасьева, Святлана Лявонцьева, якія напісалі раздзелы пра замоўную традыцыю, народны тэкстыль, абразы і кніжную культуру.



Выданне мае багаты ілюстратыўны матэрыял, дзе апрача звыклых архіўных і экспедыцыйных фатаграфій, шырока выкарыстаны сямейныя фота саміх старавераў, у тым ліку ў раздзеле, прысвечаным пахаванням, прадсталена каля двух дзясяткаў пахавальных здымкаў.
“Калектыўная манаграфія з’яўляецца комплексным даследаваннем гісторыі і культуры рускіх старавераў, расселеных на тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі, — гаворыцца ў анатацыі. — У выданні прааналізаваны гісторыя вывучэння стараверства на паўночна-заходніх беларускіх землях, фарміраванне і развіццё стараверскай супольнасці ў рэгіёне (другая палова XVII – пачатак ХХІ ст.), асаблівасці гаспадарчай дзейнасці і матэрыяльнай культуры, традыцыйнай абраднасці, культавага дойлідства, іканапісу, кніжнай культуры. Упершыню ўводзіцца ў навуковы ўжытак вялікі блок матэрыялаў палявых даследаванняў, архіўных крыніц.
Кнігу ўжо можна набыць ў “Акадэмічнай кнізе” ў Менску.






