Гучны польскі нон-фікшн пра адмову дзейнічаць выйшаў па-беларуску

Анансаваная ўлетку выдавецтвам “Янушкевіч” кніга пра бяздзейнасць і бясслілле Зоф’і Залескай пад назвай “Нядзеянне” выйшла з друку ў канцы 2025 году і можа стаць калядным падарункам для аматараў інтэлектуальнага чытва.

Пераклала твор Кацярына Маціеўская.

Што аб’ядноўвае такіх розных герояў гэтай кнігі? Чаму яны адмаўляюцца дзейнічаць альбо свядома, нават дэманстратыўна лянуюцца, марнуюць час і талент, практыкуюць маўчанне і няўдачы? Заходняя культура ўхваляе актыўнасць, а бяссілле атаясамлівае з хваробай. На таго, хто адмаўляецца дзейнічаць, глядзяць падазрона. Але ў свеце войнаў і жахлівай няроўнасці, свеце, дзе ўсяго, у тым ліку зняверу, зашмат, нядзеянне робіцца выйсцем, спосабам уратаваць свабоду і годнасць”, — гаворыцца ў анатацыі да твору.

Аўтарка складае суб’ектыўны каталог нядзеянняў. На старонках кнігі з’яўляюцца, сярод іншых, Рэмбо, Сэлінджэр, Фішар, гераіні раманаў Ферантэ, Барт, ананімныя жанчыны да любых паслуг, Элісан, дзеці, што пакутуюць на сіндром адмаўлення, альтэрнатыўныя творцы “Культуры Зборкі”. Вывучэнне іх матывацыі — нагода задумацца над станам сучаснай культуры і стратэгіямі творцаў у час, што патрабуе ад нас сутаргавай актыўнасці.

Купіць навінку можна праз сайт выдавецтва Knihauka.com, а таксама ў стацыянарнай кнігарні ў Варшаве.