Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад увосень бэстсэллера польскай культуралагіні Зоф’і Залескай “Zaniechanie” ў перакладзе на беларускую мову. Арыгінал выйшаў сёлета ў кракаўскім выдавецтве Karakter, з якім у беларускага выдавецва склаліся добрыя партнёрскія стасункі.
“Кожная кніга тут [у выдавецтве Karakter] — як на падбор. Можна браць любую з заплюшчанымі вачыма — і цябе чакае захапленне. Мы не адолелі гэтую спакусу і… заключылі першы кантракт”, — падзяліліся ў выдавецтве “Янушкевіч”.
У заходняй культуры актыўнасць ацэньваецца станоўча, а “бяздзейнасць” атаясамліваецца з хваробай. Да тых, хто адмаўляецца дзейнічаць, рухацца, ставяцца з падазрэннем. Але калі пануе несправядлівасць, вядуцца войны поўныя актыўных дзянняў, катэгорыя “бяздзейнасці / нядзеяння” таксама можа стаць шанцам абараніць уласную волю і годнасць.


Кніга Зоф’і Залескай “Zaniechanie” — гэта суб’ектыўны аўтарскі каталог прынцыповых “нядзеянняў”. Сярод герояў кнігі Арцюр Рэмбо, Дж. Д. Сэлінджэр, Франк Фішэр, гераіні прозы Элены Ферантэ, Ралан Барт, ананімныя жанчыны і многія іншыя. Аўтарка разбірае іхныя матывацыі дзейнічаць ці не дзейнічаць у пэўных акалічнасцях.
“Мы пакуль так і не прыйшлі да адзінай думкі, як лепей перакласці тытул [назву]. Адным словам, гэты разумны аповед-даследаванне пра тое, што забіць болт, адкласці справы ў доўгую шуфляду — не так ужо і кепска ў шалёным па дынаміцы свеце, у якім мы жывём сёння”, — адзначаюць у выдавецтве.
Над перакладам кнігі працуе Кацярына Маціеўская.