З кастрычніка па лістапад адбудзецца VII Міжнародны фестываль Pradmova, які ў адзіным культурным дыялогу аб’яднае Вільню, Прагу, Познань і Варшаву. Сёлетні лозунг фестываля — “Птушкі без гнёздаў” натхнёны асобай Ларысы Геніюш як сімвалам нязломнасці і вернасці сваім ідэалам.
Bellit.info паразмаўляў пра асаблівасці і цікавосткі праграмы з арганізатарамі фестываля і каардынатарамі пляцовак у кожным з гарадоў.
Горадам, у якім распачнецца “Прадмова”, стане Вільня, даты правядзення — 10-12 кастрычніка.
Віленская Pradmova будзе вельмі насычанай, агулам пройдзе больш за 40 імпрэзаў. Падчас фестываля адбудуцца сустрэчы з удзелам беларускіх і літоўскіх аўтараў, прэзентацыі новых кніг і перакладаў, інтэлектуальныя дыскусіі і гутаркі. У праграме таксама канцэрт клезмерскай музыкі, прэзентацыя аўтабіяграфічнага рамана “Яблык у валізцы” з удзелам аўтара Уладзіслава Наважылава Lesley Knife, спектакль для сямейнага прагляду “Сумны суп” аўтарства Вольгі Гапеевай ад тэатра “Прыехалі” і шмат што яшчэ.
Падзеі Pradmova ў Вільні каментуе Ціхан Чарнякевіч, каардынатар віленскай праграмы фестываля і прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў:
“Сёлета віленская Pradmova, ды і наогул увесь інтэлектуальны фэст, становяцца яшчэ больш інтэлектуальнымі, нягледзячы на таўталогію. Фармат літаратурных прэзентацый альбо чытанняў, калі глядзіш на мінулагоднія праграмы, займае ўсё менш месца, бо пакрысе асвойваецца дыяспарамі на месцах цягам каляндарнага году. Вось жа, Pradmova робіцца пэўным інтэлектуальным падагульненнем году, месцам для рэфлексіі і роздуму. Таму ў Вільні будзем гаварыць пра набалелае, праблемнае. Безумоўна, будуць і літоўскія імпрэзы і літоўскія госці, зразумела, застанецца і вялікі кніжны кірмаш ад рана да рана, будзе музыка і нават спектакль. На жаль, кожны раз фэст атрымлівае заявак значна больш, чым можа задаволіць. Сёлета ў трэці дзень фэсту будуць працаваць адначасова пляцоўкі ў клубе Paviljonas і ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Думаю, з цягам часу “сцэнаў” будзе станавіцца толькі больш. І гэта праява добрага развіцця”.
Падрабязней праграму фестываля ў Вільні можна паглядзець тут.
Далей Pradmova накіруецца ў Прагу, даты правядзення — 24-26 кастрычніка
Пра пражскую праграму фестываля расказаў каардынатар пляцоўкі, гісторык Аляксандр Паршанкоў:
“У гэтым годзе было вырашана праводзіць Pradmova ў Празе, і для нас гэта сімвалічна. Прага для беларусаў — вельмі важнае месца для мінулага, звязанае са Скарынам, “Радыё Свабода”, Ларысай Геніюш, палітычнай міграцыяй і Радай БНР, тут пахаваныя прэзідэнты БНР. Месца сілы, якое чакала Pradmova.
У межах фестываля будзе шмат прэзентацый, як аўтарскіх і перакладных рэчаў, так і архіўных зборнікаў, нейкіх знаходак, дыскусіі, у тым ліку на тэму адносінаў паміж Беларуссю і Чэхіяй. Адзін з цікавых момантаў — такі літоўскі след — прэзентацыя рамана Крысціны Сабаляўскайце “Silva rerum” (кнігі І і ІІ) у перакладзе Сяргея Шупы. Будуць і музыканты — выступіць гурт BosaeSonca. Плануем яшчэ прэзентацыю з калегамі з Лондана, ў тым ліку са — Скарынаўскай бібліятэкай. Адбудзецца размова пра малавядомыя вершы Ларысы Геніюш, увогуле, гісторыя жыцця паэткі вельмі моцна звязана з Прагай.
З цікавага і тыпова пражска-чэшскага — прэзентацыя рамана чэшскага пісьменіка Мілаша Урбана “Сямікасцелле” ў перакладзе Сяргея Сматрычэнкі. Пройдуць паэтычныя чытанні? творчы вечар Андрэя Хадановіча. Спадзяемся, што адбудзецца выступленне Макса Шчура, прысвечанае будызму. Не абыдзецца і без тыпова пражскіх рэчаў — прэзентацый ад “Радыё свабода”, і яшчэ шмат іншых цікавых падзей”.
Падрабязней праграму фестывальня ў Празе можна паглядзець тут.
Наступным пунктам, дзе адбудзецца фестываль, будзе Познань, даты правядзення — 7-9 лістапада.
Запланаванай фестывальнай праграмай падзялілася каардынатарка пляцоўкі, даследчыца беларускай мовы і культуры Святлана Лясовіч:
“Як заўсёды, на Pradmova будзе прадстаўлена і паэзія, і проза, і драматургія, і пераклады. Фестываль пачнецца этнавечарам з выступу мужчынскага гурта традыцыйных спеваў “Kaсары”, у працяг якога “Танцы ў Пазнаньцы” прапануюць затанчыць беларускія народныя танцы пад жывую музыку. Можна будзе ўбачыць нечаканыя фарматы выданняў. Напрыклад, Юлія Цімафеева прэзентуе дзвюхмоўную кнігу “Рэжу гісторыю сабой / Вершы і калажы”, дзе аўтарка выступае і ў іпастасі мастачкі. Адбудзецца прэзентацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча “Папяровы Голем”, гэта першы раз, калі пісьменнік удзельнічае ў фестывалі ў Познані”.
У праграме будзе і тэатральная Познань. Гэта чытка п’есы Алены І. “Пчала у горле” і гутарка з таямнічым і паспяховым драматургам Мікітам Ільінчыкам.
Упершыню для Познані ў межах фестывалю адбудзецца кінапаказ стужкі “Лес” з удзелам Алега Гарбуза і дыскусіі пра рэцэпцыю сталінскіх рэпрэсій у мастацтве.
Пройдзе і шэраг прэзентацый, дыскусій, прысвечаных пераасэнсаванню падзей пратэстаў і рэвалюцый, адчуванняў людзей у постсітуацыі, а менавіта кнігі-архіва “Descent into the marsh”: пра пратэсты ў Ганконгу і Беларусі Лесі Пчолкі, “Мы ідзём на Марш!” Севярына Квяткоўскага, “Абуджэнне Беларусі: штудыі з фенаменалогіі рэвалюцыі” Паўла Баркоўскага, Гняздоўскага, гутарка з Ірынай Сідорскай і Андрэем Эзерыным на тэму нацыянальнага міфадызайну.
Pradmova завершыцца насычанай праграмай у Варшаве, даты правядзення — 21-24 лістапада
Пра падзеі фестываля ў Варшаве распавядае каардынатарка пляцоўкі, перакладчыца і рэдактарка Марына Казлоўская:
“У гэтым годзе мне страшна падабаецца тое, што з’явіўся беларускі кінасегмент і дыскусія вакол кіно, і гэта пашырэнне нашых даляглядаў. А так праграма вельмі эклектычная, мы на беларускую культуру з розных пазіцый глядзім, гэта вельмі цікава. Яшчэ важна, што будуць адбывацца не проста прэзентацыі кніг, але дыскусіі вакол кніг, праектаў, вакол беларускага Борхеса альбо “Дзюны” Фрэнка Герберта. То бок гэта не проста прэзентацыя кнігі, гэта размова пра тое месца, якое гэты праект, ці кніга, ці канцэпцыя займаюць у жыцці.
Апрача іншага, будзе ўласна спроба паяднаць розныя пакаленні, спроба дыялогу і навязвання паразумення паміж рознымі пакаленнямі, паміж аўтарам і выдаўцом. Мне падабаецца канцэпцыя размовы Ірыны Сідорскай і Андрэя Эзерына “Асаблівасці нацыянальнага міфадызайна: як ствараць агульную Беларусь, а не змагацца за яе інтэрпрэтацыі?”, бо гаворка пойдзе пра нейкі пазітыўны выхад у міфатворчасць, то бок пра стварэнне пазітыўнага вобраза Беларусі. Для мяне гэта крок у будучыню, а не проста асэнсаванне таго, што адбывалася з намі пачынаючы з 2020-га году.
Што яшчэ вельмі цікава — падкрэсленне таго, пра што мы мала ведаем. Напрыклад, імпрэза Вольгі Барышнікавай пра старавераў “І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі” — як вяртанне вельмі важнай часткі нашай культуры. Таксама ў Варшаву завітаюць рэдкія госці — будуць Вольга Гапеева, Зміцер Вішнёў. Такая магчымасць сустрэцца з людзьмі, якіх ты даўным-даўно не бачыў, паглядзець, што ў іх адбываецца. Мой фаварыт гэтай гісторыі — арганны праект Вольгі Падгайскай, натхнёны сучаснай беларускай паэзіяй, працяг таго, што было на папярэдняй “Прадмове”, але яшчэ круцей”.
Прадстаўніца Аргкамітэту фестываля Ліля Ільюшына пра фармат і навінкі сёлетняй “Прадмовы”:
— Мы працягваем катацца вандроўным фэстам, і кожны год прымаем рашэнне захаваць гэты фармат чатырох гарадоў. Таму новае ў нас заўсёды ёсць — новая пляцоўка. Сёлета гэта Прага, і горад сам абраў нас — мясцовыя актывісты звярнуліся з прапановай прывезці фестываль, мы з вялікай прыемнасцю пагадзіліся. Варшава і Вільня былі выбраны як гарады з найбольшай канцэнтрацыяй беларускай дыяспары. Яшчэ адзін горад — праз галасаванне падпісантаў нашых сацыяльных сетак, другі год запар перамог Познань. Натуральна, мы зацікаўленыя, каб лакацыі змяняліся, але нам важна, каб гэта быў горад з беларускай дыяспарай, каб нас там чакалі, каб былі арганізацыйныя магчымасці, вырашальная лагістыка.
Мы як заўсёды імкнемся да як мага больш высокай арыгінальнасці нашых падзеяў, таму праграмы на розных пляцоўках будуць аднолькава файныя, цікавыя і адрозныя па змесце — па ўдзельніках, фокусу, выкананні, нават калі маюць аднолькавую назву ў розных гарадах. І каб у наведвальнікаў была магчымасць альбо далучацца онлайн, альбо пасля праглядаць відэа. Спадзяюся, што і сёлета атрымаецца працягнуць гэты фармат.
Увогуле, для мяне самае важнае тое, што Pradmova адбываецца, бо гэта складаны праект ва ўсіх сэнсах — арганізацыйна, лагістычна, фінансава, праграмна. З кожным годам патрабаванняў усё больш, хочацца зрабіць усё лепш. І таму для мяне самае цудоўнае — што атрымліваецца захоўваць касцяк каманды, і нават калі людзі сыходзяць, яны захоўваюць лаяльнасць да фестываля, спрыяюць яму на сваіх новых месцах і ў сваіх новых краінах. Таксама ў каманду прыходзяць новыя актыўныя ўдзельнікі. Фестываль вандруе, час змяняецца, і ў гэтым віры знаходзіш новых людзей, якія даюць новую энергію.
Падрабязней пра падзеі фестываля Pradmova, а таксама пра анлайн-частку фестываля можна прачытаць на сайце, а таксама ў сацыяльных сетках фестываля — Facebook і Інстаграм.
Фестываль таксама запрашае валанцёраў і фатографаў, далучыцца можна праз пошту pradmova@gmail.com альбо пакінуўшы паведамленне ў афіцыйным Instagram фестываля.
Аляксандра Дварэцкая, для bellit.info