У новым падкасце Сяргей Дубавец разглядае альбом забытай экспедыцыі Ластоўскага

Новы выпуск аўтарскага падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргея Дубаўца прысвечаны выданню альбома “Экспэдыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году”, які выйшаў у выдавецтве Skaryna Press у 2024 годзе. Ці сапраўды Вацлаў Ластоўскі ёсць Дэміургам беларускага адраджэння, а краязнаўства стала адным з галоўных штуршкоў да фармавання нацыі?

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Гэты альбом — з таго шэрагу дзівосных праяваў беларускай гісторыі і культуры, пра якія мы кажам, што яны цудам захаваліся на бальшавіцкім папялішчы насуперак пляну маскоўскае ўлады, паводле якога беларусаў як нацыі сёньня ў прынцыпе не павінна быць. Бо на выпусташаных абшарах нашай зямлі мусіць “проживать” бязвольнае і бязроднае “тоже русское” насельніцтва, нічым не адметнае, без сваёй мовы і волі да ўласных праяваў жыцьця. 

Інакш кажучы, альбом “Экспэдыцыі Вацлава Ластоўскага” сапраўды захаваўся цудам і стаў у шэраг зьяваў, такіх, як аглушальны выхад паўстанцаў Каліноўскага зь зямлі на Замкавай гары ў Вільні ў 2017 годзе. Парэшткі каліноўцаў разам са сваім правадыром так доўга чакалі гістарычнай сатысфакцыі, што ўрэшце самі паказаліся на сьвет з-пад горнага апоўзьня. Такім чынам сам беларускі дух на расейскім папялішчы раз-пораз выходзіць зь нябыту меншымі ды большымі адкрыцьцямі, бо ён жывы.

Ластоўскі быў сыстэмаўтваральным чалавекам. Зь ім сёньня ў Беларусі можна параўнаць Алеся Бяляцкага, які за што ні браўся — узьнікала цэлая павернутая ў будучыню сыстэма: як з музэем Максіма Багдановіча ці Беларускай каталіцкай грамадой, ці праваабарончым рухам “Вясна”. Усё гэта так ці інакш існуе і эфэктыўна працуе празь дзясяткі гадоў і сёньня, бо стваралася не як установа, а як заснаванае на глыбокіх перакананьнях парываньне, вакол якога Бяляцкі аб’ядноўваў адпаведную каманду людзей.

Часта падкрэсьліваюць, што Ластоўскі ня меў атэстату сярэдняе адукацыі, што ён фактычна самавук. На маю думку, ён быў, вобразна кажучы, старагрэцкім Дэміургам беларускага адраджэньня, стваральнікам, якім кіруе вышняя сіла. І ён гэта ведаў, бо ўсё, што рабіў, было першатворам — вычарпальным і жывым. Як першая “Кароткая гісторыя Беларусі” ў 1910 годзе. Як знакаміты Падручны расійска-крыўскі слоўнік у 1924-м, які акрамя асноўнага лексычнага масыву ўключаў: расейска-беларускі слоўнік асабовых імён; слоўнік тэрмінаў арніталягічных і батанічных, а таксама слоўнік беларускай вайсковай тэрміналёгіі. Вяршыняй творчасьці Ластоўскага стала фундамэнтальная “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, у якой аўтар разглядае больш за 1000 старажытных кніг і рукапісаў на старабеларускай мове ад Х да ХІХ стагодзьдзя. Гэтая таміна пабачыла сьвет у 1926-м.

У наступным 1927 годзе Ластоўскі пераяжджае ў БССР, у Менск, становіцца неадменным сакратаром Інбелкульту і акадэмікам, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. У 1928 ён выпраўляецца ў экспэдыцыю, якая і прадстаўленая ў альбоме, пра які сёньня наша гаворка, у 1930-м бальшавікі арыштоўваюць яго і высылаюць у глыбіню Расеі, а ў 1938-м Вацлава Ластоўскага расстрэльваюць. 

Але на гэтым гісторыя не сканчаецца. Да перастройкі Ластоўскі, уся яго творчасьць і ўсё, што зь ім зьвязанае, трымаецца ў БССР у забароне. На некалькі гадоў ён усплывае ў публічным полі, але ў 1994 годзе працы на папялішчы беларускай нацыі ўзнаўляюцца, а ў 2020-м тут з новай сілай успыхвае адкрыты агонь. Цяпер Ластоўскага абвінавачваюць у экстрэмізме. І альбом ягонай экспэдыцыі 1928 году, як і ўся ягоная творчасьць, можа быць выдадзены толькі за мяжой — у гэтым выпадку — летась у Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

***

А гаворка, між іншым, пра краязнаўства — вельмі беларускую традыцыю. У нас заўсёды ў кожным паселішчы нараджаліся паэты і знаўцы мясцовай даўніны. Іх “шкоднасьць” для ўладаў вызначалася вальнадумствам і беларушчынай, бо гэта і былі штуршкі нараджэньня беларускай нацыі, якой, на думку маскоўскіх кіраўнікоў, не павінна быць. У тыя пару гадоў, якія Ластоўскаму давялося працаваць у БССР, краязнаўчы рух — аснова самапазнаньня нацыі, быў пастаўлены на дзяржаўны падмурак. Выдавалася шмат краязнаўчай літаратуры. Аказваецца, “Інструкцыю для зьбіраньня рэчаў у этнаграфічныя аддзелы музэяў”, якую я ў 1980-м скапіяваў у бібліятэцы з часопіса “Наш край”, зрабіў Ластоўскі, а не Мікалай Касьпяровіч, як я лічыў раней. Пра гэта я даведаўся з грунтоўнага ўступнага тэксту да лёнданскага выданьня альбому.

Прынцып тут просты і адзіны рухавік — любоў да свайго, да асобаў, рэчаў і сюжэтаў сваёй уласнай гісторыі. І, натуральна, цікаўнасьць, уласьцівая чалавеку, які задаецца пытаньнямі: адкуль я ўзяўся, якая ўва мне цячэ кроў, што за людзі былі перада мною, зь якіх я выйшаў, дзе яны жылі, што па іх засталося… Тое, што штурхае чалавека літаральна да пошуку сваіх каранёў. У выніку ўзьнікае гісторыя роду, якую будзе працягваць дапаўняць ужо твой нашчадак. І так у сукупнасьці ўся нацыянальная гуманітарыстыка, ужо як навука і як мастацтва, выходзіць з краязнаўства, што як жывая кроў бяжыць па нашых жылах і нас саміх робіць жывымі, зараджанымі на пошук.

***

Гэтак пачынаецца і “Экспэдыцыя Вацлава Ластоўскага” — падарожжа са Случчыны да Мазыршчыны — у беларускую глуш. Як сьцьвярджае ўкладальніца новага выданьня, па гэтым маршруце этнаграфічных экспэдыцыяў не было ніколі.

Усяго ўдзельнікаў было чацьвёра. Сам Вацлаў Ластоўскі — кіраўнік экспэдыцыі. Мастак і фатограф вугорац Тодар Гальмаджан меўся выканаць за 500 рублёў ад Савету народных камісараў (тагачаснага ўраду) 120 мастацкіх замалёвак народных паясоў. Ён жа замалёўваў людзей у народных строях і фатаграфаваў. Аляксандар Паноў, найстарэйшы ўдзельнік, меў на той час 64 гады і вялікі досьвед працы ў царкоўных музэях. Чацьвертая ў экспэдыцыі — жонка Ластоўскага Станіслава, якая названая тут “сваехотнай удзельніцай”.

Альбом мае вялікі фармат і складаецца зь вялікай колькасьці здымкаў. Калекцыі папярэднічае ўступны артыкул, які прыемна зьдзівіў жывасьцю апісаньня і “неакадэмічнай” эмацыйнасьцю аўтаркі.

На фота ўражваюць сваёй архітэктурай драўляныя цэрквы XVIII ст., тыя, што сто гадоў таму былі з уніяцкіх пераведзеныя ў падпарадкаваньне новым уладам — расейскай праваслаўнай царкве:

“У зачыненай у 1927 г. Уваскрасенскай царкве быў зроблены адзіны ў сваім родзе здымак, на якім можна бачыць вялізную, больш за мэтар у вышыню брацкую сьвячу зь пяці пудоў воску, умацаваную на разьбяным барочным падсьвечніку. Перад ёй стаіць у малітоўнай позе чалавек зь сьвечкай у руках, на сьценах вісяць абразы і траецкая зеляніна — кляновыя галінкі з трохі пажухлай лістотай. Выява паказвае, што ў той час храм быў дзейны. Экспэдыцыя наведала царкву пасьля Тройцы, якая прыпала на 3 чэрвеня. Здымак адлюстроўвае традыцыю слуцкіх рамесных цэхаў, якія ў дзень свайго нябёснага ахоўніка штогод ахвяроўвалі ў царкву вялікую брацкую сьвячу”.

Сьвяча сапраўды вялізная, добра вышэйшая за лысаватага дзядзьку з застылым позіркам, якога паставілі побач зь ёй для разуменьня маштабу. У вачах дзядзькі можна ўбачыць заварожанасьць цалкам незразумелай будучыняй ці нават прадчуваньне вялікай бяды.

Ужо ў 1930-я гады камуністы пачалі зьнішчаць храмы, а ўжо ў 1941 годзе прыйшла вайна. То бок экспэдыцыя Ластоўскага літаральна праскочыла перад самым татальным агнём. І ўсё, што яна зафіксавала і што сапраўдным цудам пазьбегла зьнішчэньня — гэта тое, чаго б мы пра Беларусь ня ведалі і не даведаліся б ніколі. Мяне, як таго дзядзьку пры сьвячы, уводзіць у здумленьне: колькі ж мы ня ведаем таго, з чым не адбылося цуду ўратаваньня на папялішчы.

Большасьць здабытых экспэдыцыяй матэрыялаў — унікальныя. Трэба ўлічыць, што для музэя куплялі прадметы царкоўных старажытнасьцяў, тое, на што прыдаўся Аляксандар Паноў — вялікі знаўца гэтае справы, і тое, што літаральна пасьля экспэдыцыі будзе абясцэнена атэістычнай уладай камуністаў. То бок, іх літаральна выхапілі з агню. І гаворка ня толькі пра рэчы, але і пра многіх людзей на тагачасных здымках, якія апісвае жывое пяро ўкладальніцы:

“Шмат выразных фота жанчын у мясцовых маляўнічых строях было зроблена ў вёсцы Даманавічы. Кідаецца ў вочы прыгажосьць жанчын, адбітак якой ляжыць на іх спакойных тварах і годных постацях. На большасьці фотаздымкаў можна заўважыць, што людзі ахвотна і нязмушана пазіруюць, прыязна, з усьмешкай паглядаючы на гарадзкіх гасьцей […] Фатографу ўдалося зрабіць некалькі па-мастацку выразных жаночых партрэтаў. На інтэр’ерным фота маладзіцы ў сьвяточнай вопратцы з вышываньнем у руках зь вёскі Лампекі, якой здаецца ня больш за шаснаццаць гадоў, удала схоплены момант задуменьня і сьвятло, якое падае на мадэль з адчыненых дзьвярэй. На партрэтным фота дзяўчыны… улоўленая, на яшчэ ня цалкам расквітнелым жаноцкай прыгажосьцю твары, сарамлівасьць, уласьцівая юнацкаму ўзросту. Прываблівае вока дзяўчына ў прыгожым строі з багата аздобленым аплікацыяй гарсэтам на групавым фота жанчын вёскі Анісавічы каля ткацкага станка, якое зробленае на двары”.

***

Як этнограф, Ластоўскі шукаў беларускі нацыянальны стыль і асабліва цікавіўся арнамэнтам — вышыўкамі на адзеньні, паясах, ручніках… Кіраўнік экспэдыцыі меўся заняцца расшыфроўкай гэтых арнамэнтальных пісьмёнаў, вытлумачэньнем іх, параўнаньнем з арнамэнтамі іншых народаў. З публікацыяў у ягоным часопісе “Крывіч” і асабліва ў аповесьці “Лябірынты” (1923) відаць, што ён вывучаў міталёгію і рэлігіі сьвету, шукаючы ў іх повязях і беларускую лінію. То бок гэтая справа, шчыльна зьвязаная з арнамэнтам, разумелася ім як справа жыцьця, але…

“Пасьля вяртаньня з экспэдыцыі па маршруце Слуцак — Асташкавічы Вацлаў Ластоўскі меў наперадзе яшчэ год вольнага жыцьця і магчымасьць ажыцьцяўляць свае пляны адбудовы этнаграфічнай навукі і Беларускага дзяржаўнага музэю”.

Інакш кажучы, дзейны 45-гадовы мужчына, надзелены ўсімі патрэбнымі паўнамоцтвамі меў цэлы год на свае заняткі. Гэтыя словы гучаць з вышыні часу фатальна — як прысуд у самым шырокім сэнсе — як непазьбежнасьць зла, якое затрымаецца ўсяго толькі на год. Як і яго пасада “неадменны сакратар” — быццам спроба запабегчы той непазьбежнасьці, падмануць лёс? 

Вынікі экспэдыцыі былі падрабязна апісаныя ў адмысловых “Працах” 1930 году, якія былі канфіскаваныя цэнзурай і зьнішчаныя. З кім і чым змагаліся камуністы? Са старымі рэчамі, з рэлігіяй ці з краязнаўчым інстынктам чалавека, які такім чынам спазнаваў сябе і сваю нацыю? Гэтага ніхто не тлумачыў. У ідэалягічных пасажах тагачаснай прапаганды праўды было ня больш, чым у сёньняшніх. Не маглі ж яны адкрыта напісаць, што змагаюцца са свабодай і душаць свабоднага чалавека:

“Па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», акрамя Вацлава Ластоўскага, былі арыштаваныя і расстраляныя 300 чалавек, сярод якіх былі супрацоўнікі катэдры этнаграфіі Аляксандар Шлюбскі, Міхаіл Мялешка, Мікалай Касьпяровіч“. 

***

Як жа ва ўсім гэтым татальным зьнішчэньні здолеў уратавацца альбом экспэдыцыі? Ва ўступным да яго выданьня артыкуле даецца апісаньне гэтай гісторыі.

З арыштам Ластоўскага перастаў існаваць і Беларускі дзяржаўны музэй. Уся экcпазыцыя апынулася ў дрывотніку недалёка ад музэю. Альбом захаваўся там, дзякуючы мастаку і рэстаўратару Гаўрылу Віеру, сябру і выхаванцу Ластоўскага. Так яны перажылі ўсе 1930-я гады, часы страшных рэпрэсій, да пачатку вайны, калі ў 1941-м камуністы масава ўцякалі зь Менску. Адпаведна бязь іх быў адноўлены музэй і яго дырэктарам стаў Антон Шукелойць. Пасьля таго, як альбом і экспанаты перанесьлі ў памяшканьне музэю, у дрывотнік патрапіла савецкая бомба. Шукелойцю і Віеру дапамагаў у доглядзе і захаваньні альбому Дзіма Сямёнаў

Пасьля вайны разам зь вялікай хваляй беларускай эміграцыі, якая мусіла ратавацца ад бальшавікоў, патрапіў за мяжу і альбом Экспэдыцыі Ластоўскага. Так і хочацца дадаць: якому больш нішто не пагражала.

Загарнуўшы апошнюю старонку, я падумаў, што дадаў бы для сябе такі падзагаловак да гэтай кнігі: чаго я ня ведаю пра Беларусь і ніколі не даведаюся ў дазволенай сёньня ў Беларусі інфапрасторы. На папялішчы.

У якасьці постскрыптуму дадам, што Вацлаў Ластоўскі быў вялікім прыхільнікам беларускага народнага інструмэнту — дуды. І яшчэ ў 1910 годзе пасьля выхаду “Кароткай гісторыі Беларусі” Янка Купала прысьвяціў Ластоўскаму верш, назваўшы яго дударом:

На кургане на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў дудар, сагнуўшы плечы,
З пасівелай галавой.

І яшчэ адзін постскрыптум, які верне нас у сёньняшні дзень:

Праз 115 гадоў пасьля верша Купалы, цытую: “Па заяве пракуратуры горада Мінска ў пачатку мая 2024 году кніга «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага (1997), выпушчаная ў сэрыі «Беларускі кнігазбор», прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.