Выйшла анталогія беларускай паэзіі ў італьянскіх перакладах

З’явілася кніга “Il mondo è finito e noi invece no: Antologia di poesia bielorussa del XXI secolo” (Свет скончыўся, а мы не: анталогія беларускай паэзіі 21 стагоддзя), якая ўключае пераклады на італьяскую мову беларускай паэзіі апошніх дзесяцігоддзяў. Першая прэзентацыя пройдзе на берлінскай “Прадмове”.

Анталогія раскрывае перад італьянскімі чытачамі разнастайны і амаль зусім невядомы ў Італіі свет сучаснай беларускай паэзіі: сорак аўтараў і аўтарак, больш за сотню вершаў, якія ахопліваюць перыяд з 2000 па 2024 гады. Такім чынам, анталогія з’яўляецца першым і на сённяшні дзень найбольш поўным аглядам сучаснай беларускай паэзіі, прадстаўленай вельмі рознымі па стылі, тэматыцы і нават па мове і алфавіце творамі: тут ёсць вершы на беларускай і расейскай мовах, а таксама два тэксты на ідыш і тры на ўкраінскай. Вершы ўяўляюцца траекторыямі, што перасякаюцца між сабой, працінаюць пакаленні і асабістыя гісторыі, і зліваюцца ў адным трагічным і ўзнёслым хоры, які – і моўчкі, і на поўны голас – паўтарае: “Свет скончыўся, а мы не”.

Ілюстрацыя на вокладцы анталогіі ад мастачкі Святланы Дземідовіч. Прадмову напісала літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына.

Арганізатарам прэзентацыі анталогіі перакладаў на фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” выступіць паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў.

Удзельнікамі мерапрыемства будуць перакладчыкі і аўтары Алесандра Акілі (Alessandro Achilli), Джулія Дэ Флорыа (Giulia De Florio), Мая Галаванава (Maya Halavanava), Дзмітрый Строцаў, Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вішнёў, Андрэй Хадановіч.

Час і месца: 19 кастрычніка, субота, пляцоўка А, 15.30–16.30 (больш падрабязная інфармацыя пра месца правядзення фестывалю па спасылцы)