У беларускага пісьменніка Макара, вядомага па кнізе “Апошняе пакаленне”, у выдавецтвае “Янушкевіч” выйшаў новы раман “Ніці”, продаж якога пачаўся 18 кастрычніка. Для ўзбагачэння досведу чытання Анастасія Рыдлеўская стварыла песню-заклён Oj Da Nočy, адштурхнуўшыся ад радка з кнігі.
“Ніці” — гэта дэтэктыўны габелен, у якім сплятаюцца фальклёр і сучаснасць, злабадзённасць і магічны рэалізм, гарадскія абстракцыі і вясковая хтанічнасць, піша Рэформ.
— Мне напісала сяброўка Аліна Мазавец, мэнэджарка і рэжысёрка праекта па выданні “Ніцяў”, — расказвае Настасся Рыдлеўская пра калабарацыю, — і прапанавала напісаць саўндтрэк да кнігі, якая, паводле яе апісання, ідэальна пасуе да маёй эстэтыкі, да таго, што я люблю: цёмнае, балотнае, паганскае. І я зразумела: гэта match made in heaven. У мінулым жыцці я філолаг, таму маю асаблівыя пачуцці да ўсяго, што звязана з літаратурай.

Мелодыя прыйшла ў галаву імгненна, як толькі я пагадзілася. Я ехала ў аўтобусе, і яна настолькі дакучліва пачала мяне пераследаваць, што я вырашыла запісаць яе на рэкордэр. Не тое каб я часта так раблю, але гэтым разам гэта спрацавала. Мог здарыцца фатальны факап, бо я яшчэ не бачыла тэксту замовы і не ведала, ці атрымаецца іх спалучыць. Але ўсё сышлося ідэальна — мелодыя і словы ляглі адно на аднаго, як быццам чакалі сустрэчы.
Песня атрымалася медытатыўнай, хаця я першапачаткова хацела зрабіць яе больш драйвовай. Усе гукі, якія я дадавала, аказаліся густымі, цёмнымі, балотнымі. Адзінае, чаго бракавала, — гэта паступовага нарастання, і тут вельмі дапамог Ілля Фамін, з якім мы разам працуем над прадакшнам.
Ён узяў цалкам гатовую дэмку і дадаў тое, што я чула ўнутрана, але не ведала, як тэхнічна ўвасобіць, — ударныя барабаны. Яны завяршылі трэк, давёўшы яго да таго стану, калі мне самой хочацца пераслухоўваць песню зноў і зноў. А гэта ўжо дакладная прыкмета таго, што яна мне сапраўды падабаецца.
Пра калабарацыю працягвае расказваць аўтар кнігі Макар:

— Калі я дамовіўся пра выданне “Ніцяў”, то адразу зразумеў, што хачу, каб у кнігі быў саўндтрэк, і каб яго напісала Наста. Яе стыль — гэта акурат тое, што я адчуваю ў гэтай кнізе: спалучэнне фальклёру і сучаснага, якаснага гучання. Мая кніга таксама пра гэтае сутыкненне і сужыццё старога і новага: малады настаўнік з Менску прыязджае ў далёкую, забытую вёску, дзе людзі жывуць паводле сваіх правілаў і вераць у забабоны кшталту “трэба правесці абрад, каб нябожчык скіраваўся да Пана Бога”. Для гарадскога жыхара гэта абсурд, а для тамтэйшых — звычайная справа, як схадзіць у краму.
Паслухаць песню Oj Da Nočy на ўсіх стрымінг-платформах можна тут.
Кнігу Макара “Ніці” можна набыць праз сайт выдавецтва з дастаўкай у розыя краіны свету, ці ў кнігарні “Кнігаўка” ў Варшаве.