“Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” сярод іншага папоўніўся дзвюма кнігамі Валера Гапеева “Вольнеры. Прадвесце” і “Вольнеры. Бясконцы дзень”. Адпаведнае рашэнне было прынятае 29 верасня судом Кастрычніцкага раёну Менска, паведамляе “Вясна”.
“Вольнеры” — гэта серыя фэнтэзійна-прыгодніцкіх гісторый пра старшакласнікаў адной з менскіх школ, па матывах беларускай міфалогіі, якая выйшла з друку ў выдавецтве “Янушкевіч”.
“Перад вамі — самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі, — гаворыцца ў анатацыі да першай кнігі, — Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Менску і вакол яго, і пераход у іншасвет знайсці не складана…
Трое сяброў — і мноства дарог і варыянтаў рэальнасці. Шлях, які выпадае на долю старшакласнікаў з мінскай школы, пачнецца з жадання ўладкаваць свае справы, а закончыцца выбарам падарожжа за гранню, напоўненага прыгодамі, выпрабаваннямі і таямніцамі.
Зрэшты, чытайце і паспрабуйце разам з героямі адказаць на актуальныя пытанні. Чым ты гатовы ахвяраваць, каб вярнуць свет, які скаціўся ў бездань? Ці можна ахвяраваць шчасцем або жыццём аднаго дзеля шчасця мільёнаў? Кім трэба быць, каб стаць вольнерам — тым, хто па сваёй волі кіруецца ў шлях дзеля шчасця іншых?“
Абедзве кнігі серыі можна замовіць праз сайт выдавецтва (“Вольнеры. Прадвесце”, “Вольнеры. Бясконцы дзень”), а таксама ў кнігарні “Кнігаўка” ў Варшаве.