Журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця абрала кароткі спіс празаічных кніг, выдадзеных у 2024 годзе. Такім чынам у шасцёрку чатырнаццатага сезона ўвайшлі:
1. «Гульні Цырцэі. Раман» — Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);
2. «Занзібар. Сталенне маладой душы» — Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);
3. «Перамена месцаў» — Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);
4. «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»);
5. «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала (выдавецтва Alena Kazlova);
6. «Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва Audiobooks.by і выдавецтва «Янушкевіч»).
Журы прэміі падзялілася ўражаннямі ад адбору і адзначыла, што працаваць сёлета было і нялёгка, і радасна:
“Нялёгка — бо маем моцны, розны паводле тэматыкі і жанраў спіс намінантаў, якія часам адно аднаму дыхаюць у патыліцу. Даводзіцца па некалькі разоў перагалосаўваць, таму што кнігі набіраюць роўную колькасць балаў. Яшчэ на этапе складання доўгага спісу давялося ўключыць туды не 12, як звычайна, а 13 пазіцый. Далей змаганне толькі абвастрылася. Радасна — бо прэмія будзе ўручацца ўжо чатырнаццаты раз. Жыве прэмія Ежы Гедройця! Жыве беларускае прыгожае пісьменства!“
Прэмія вернецца на бераг Балтыйскага мора. Сябры і партнёры Прэміі Гедройця падтрымалі нашае вяртанне ў Гданьск, дзе стануць вядомыя пераможца і ўладальнікі другога і трэцяга месца.
Калі: 15 лістапада 2025 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)
Што такое літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця?
Прэмія была заснавана ў 2012 годзе і сёння з’яўляецца адной з найважнейшых культурных узнагарод Беларусі. Яна адзначае выбітныя творы мастацкай і дакументальнай прозы, падтрымлівае аўтараў і аўтарак, фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.
Публічныя сябры журы
Катажына Дрозд-Урбаньска — беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта
Сяргей Кавалёў — літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар часопіса «Studia Białorutenistyczne»
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца
Арганізатары
Прэмія арганізуецца Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча ў Мінску і Польскага інстытута.