У выдавецтве Skaryna Press выйшла трэцяя паэтычная кніга паэта і мастака Андрэя Бурсава з назвай “Сонм-Трава”. Выданне склалі тэксты з папярэдніх зборнікаў, новыя вершы і тэксты, якія на працягу гадоў заставаліся раскіданыя па сеціве, вершы, напісаныя па-ангельску, і пераклады з розных моваў.
“Новая кніга Андрэя Бурсава атрымалася шакавальным, неапісальнай прыгажосьці зоркападам на даляглядзе беларускай літаратуры. Паэт, перакладнік, мастак і знаўца моваў ставіць пад сумнеў асновы і наркамаўкі, і тарашкевіцы, і прапануе ўласны мудрагелісты і эстэтычны правапіс, які лёгкім дотыкам чараўніка абуджае старабеларускую мову. Дзякуючы таленту паэта ў ХХІ стагодзьдзі працягваецца традыцыя „заразумнай мовы“, неверагодныя моўныя і зьмястоўныя сузор’і якой мы знойдзем у тэкстах Льюіса Кэрала, Хвёдара Салагуба, Вацлава Ластоўскага, Веліміра Хлебнікава, паэтаў-футурыстаў і дадаістаў. Дадушы, нічога падобнага дасюль у беларускай літаратуры не зьяўлялася”, — гаворыць пра кнігу Уладзіслаў Гарбацкі.
Андрэй Бурсаў — паэт, перакладнік, мастак і фатограф. Аўтар двух зборнікаў паэзіі і перакладаў: „Дзівін“ (2002) і „Празьнеб’е“ (2009). Жыве і творыць у Менску.