Па-беларуску выйшла кніга вершаваных афарызмаў Буды

Выдавецтва Rozum.Media паведаміла пра выхад першага беларускага выдання зборніка вершаваных афарызмаў “Дгаммапада”, аўтарства якіх прыпісваецца заснавальніку будызму Буду Шак’ямуні. На беларускую мову кнігу пераклаў паэт і будыст Макс Шчур паводле даслоўнага ангельскага падрадкоўніка з граматычным разборам арыгіналу, даступнага анлайн у NTU Digital Library of Buddhist Studies.


“Дгаммапада”, напісаная на мове Палі, належыць да самых папулярных кніг Тыпітакі — палійскага канону будызму. Перадаваныя вусна з пакалення ў пакаленне, Будавы прынагодныя вершаваныя выслоўі адлюстроўваюць асноўныя прынцыпы ягонага вучэння і тычацца адвечных чалавечых тэмаў, такіх як старасць, шчасце, гнеў, прагнасць, загана, цнота ды інш.

Гэтая кніга — спроба перадаць па-беларуску старажытную мудрасць, якая праз стагоддзі працягвае гаварыць з чалавекам пра боль, спакой, страх, волю, свядомасць і шлях да ўнутранай раўнавагі.

Кнігу можна набыць праз сайт выдавецтва Rozum.media.

Раней, у 2012 годзе “Дгаммападу” перакладаў Сяргей Калееў, але асобнай кнігай пераклад не выходзіў.