Выбраныя вершы Юрыя Гуменюка выйшлі ў серыі “Брукаванка”

У Беластоку выдавецкая ініцыятыва “Полацкае ляда” выпусціла ў кніжнай серыі “Брукаванка” зборнік выбранай паэзіі беларускага паэта Юрыя Гуменюка “І крыж каменны вырасьце, як дрэва”, паведамляе Радыё Рацыя.

Гэта ўжо чацвёртая кніга паэта, выдадзеная пасля яго заўчаснай смерці ў 2013 годзе. У выданне ўвайшлі найлепшыя вершы з кніг “Водар цела”“Твар Тутанхамона” і “Рытуал”, якія найбольш поўна прадстаўляюць адметную паэтычную эстэтыку аднаго з самых кантраверсійных прадстаўнікоў беларускай літаратуры канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя.

Прадмову да кнігі пад назвай “Мы пацячэм з вышыні шэрых гмахаў…” напісаў беларускі паэт Алесь Аркуш, які разглядае творчасць Гуменюка ў кантэксце новай беларускай паэзіі і ягонага літаратурнага пакалення.

Юры Гумянюк (24.9.1969, Гродна — 19.1.2013, Гродна). Паэт, празаік, эсэіст. Сябра СБП.

Закончыў аддзяленне паланістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1994), вучыўся ў аспірантуры пры ім. У 1991—1994 гадах на гродзенскім абласным радыё рыхтаваў літаратурна-мастацкі радыёчасопіс “Кантэкст”. У 1992, 1995—2001 працаваў журналістам у газеце “Пагоня”, у 2004 — у газеце “День”. У 1994—2000 гады загадчык літаратурнай часткі Гродзенскага тэатра лялек. З 2002 годзе быў публіцыстам беластоцкага месячніка “Czasopis”. Працаваў для Беларускай службы Польскага радыё для замежжа, і для Радыё Рацыя. Загінуў пры нявысветленых абставінах, выпаўшы з 9-га паверха суседняга са сваім дома. Сябра Таварыства Вольных Літаратараў, Беларускага ПЭН-цэнтра.

Пахаваны на могілках Сакрэт у Гродне.

Юры Гумянюк пакінуў пасля сябе самабытную літаратурную спадчыну, якая і сёння адкрываецца новым пакаленням чытачоў. Новае выданне працягвае працу па вяртанні ягонай творчасці ў сучасны беларускі літаратурны працэс і робіць яе больш даступнай для чытачоў у Беларусі і за яе межамі.

Раней у серыі “Брукаванка” выходзілі кнігі Янкі Лайкова і Сяргея Патаранскага.