“Літвіны” – новая кніга драматычных паэм Уладзіміра Някляева

Зборнік выпусціла ў свет ўроцлаўскае Wydawnictwo KEW.

“Літвіны” – з усіх новых кніг найчаканая. Гэта даніна маёй павагі і любові крэўнаму Крэву, маім дзядам і далёкім маім продкам Магерам, што былі ўдзельнікамі апісаных у кнізе падзей. Гэта родныя мае людзі, што дало мне права падаваць тыя падзеі не як гістарычныя хронікі, а як асабістую, сямейную гісторыю, у якой жывымі паўстаюць постаці Гедыміна, Альгерда, Кейстута, Вітаўта, Ягайлы, герояў тых часоў, стваральнікаў дзвюх магутных еўрапейскіх тагачасных краін: ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Тое, што імі здзейснена, рознымі гісторыкамі ацэньваецца па-рознаму, але мая ацэнка не столькі гістарычная, колькі чалавечая: я люблю іх і гляджу на іх з глыбіні любові. Але гэта зусім не значыць, што слепа: я бачу ў іх і чалавечае, і тое, што ў чалавеку звярынае: любоў дазваляе мне ўсё бачыць”, – адзначыў Уладзімір Някляеў.

Першая прэзентацыя кнігі драматычных паэм “Літвіны” адбудзецца 13 лістапада а 19-й гадзіне ў Варшаве у межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” (Дом спатканняў з гісторыяй, ul. Zielna, 39, 4 паверх).

У прэзентацыі паўдзельнічаюць Кацярына Ваданосава і Васіль Калач, якія сыграюць сцэну з драмы “Ягайла”.