Гумянюк Юры Ігаравіч (24.9.1969, Гродна — 19.1.2013, Гродна). Паэт, празаік, эсэіст. Сябра СБП
Закончыў аддзяленне паланістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1994), вучыўся ў аспірантуры пры ім. У 1991—1994 гг. на гродзенскім абласным радыё рыхтаваў літаратурна-мастацкі радыёчасопіс “Кантэкст”. У 1992, 1995—2001 гг працаваў журналістам у газеце “Пагоня”, у 2004 г. — у газеце “День”. У 1994—2000 гг. загадчык літаратурнай часткі Гродзенскага тэатра лялек. З 2002 г. быў публіцыстам беластоцкага месячніка “Czasopis”. Працаваў для Беларускай службы Польскага радыё для замежжа, і для Радыё Рацыя. Загінуў пры нявысветленых абставінах, выпаў з 9-га паверха суседняга са сваім дома. Сябра Таварыства Вольных Літаратараў, Беларускага ПЭН-цэнтра.
Пахаваны на могілках Сакрэт у Гродне.
Аўтар кніг паэзіі “Водар цела” (Полацк, 1992), “Твар Тутанхамона” (Полацк, 1994), “Рытуал” (Полацк, 1999), “Вуліца тыгровых архідэй. Вершы 1987—2002” (Беласток, 2003). Аўтар няскончанага рамана “Апосталы нірманы” (“Калосьсе” 1995), п’есаў для дзяцей “Баль у барона Мюнхаўзена” (1993), “Таямніца залатога пярсьцёнку” (1998), “Каляднае падарожжа” (1999), пастаўленых у Гродзенскім тэатры лялек, дакументальнай сагі “Прывід даўніх Крэсаў” (2004—2005), шэрагу крытычных артыкулаў пра літаратуру, выяўленчае мастацтва, тэатр. У 2013 г. у Гродна выйшла пасмяротнае выданне паэзіі “Назаві мяне геніем”, у 2015 г. у Мінску — зборнік эсэ “Краіна няздзейсненых мараў”, у 2019 г. у Полацку кніга рэпартажаў, інтэрвію, артыкулаў, карэспандэнцыі “Захлынуцца апантанасцю жыцьця”, укладзеныя А. Аркушам.