Вершы Хадановіча да оперы па Караткевічу — перадзамова

Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад кнігі вершаў Андрэя Хадановіча паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” да оперы кампазітаркі Вольгі Падгайскай, якая была пастаўлена ў Лондане ў цэнтры мастацтваў Barbican.

Кнігу можна перадзамовіць на сайце выдавецтва gutenbergpublisher.eu, а ўпершыню фізічныя асобнікі будуць прэзентаваныя на апошнім этапе фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Познані ў канцы лістапада.

Ілюстрацыі да кнігі зрабіла мастачка Ганна Каспяровіч.

Я стары, я вельмі стары,
дзевяносташасьцігадовы.
Я палюю з даўняй пары
на забытыя песьні і словы.
Я шукальнік сівых легенд,
што вандроўкамі край свой мерае.
Гэткіх дражняць: “Інтэлігент!”,
запрашаючы ў жандармерыю.
Топяць край у крыві і дрыгве,
ды ня ўмёрла надзея ціхая,
бо яшчэ Беларусь — жыве,
покуль мова песьняю дыхае.
…Я рвануў на злом галавы
у фальклёрную экспэдыцыю.
Пад нагамі — пашча дрыгвы,
а зь нябёс — патоп з навальніцаю.
Раскажы, як у лютай жудзе
ледзь ня згінуў, дурны юнача!..
Запрашаю ў краіну, дзе
паляваньне дзікае скача.