Ва Украіне выдадуць артбук “Сож” — дыхтоўны фотаальбом з вершамі Алеся Плоткі і фотаздымкамі Алеся Пілецкага (Беларусь-2020) ды Станіслава Крупажа (Украіна-2022), піша “Будзьма”.
Усе сродкі ад продажу будуць накіраваны на падтрымку беларускага рэабілітацыйнага цэнтра “Ланка”, таму гэтая кніга — спосаб падтрымаць добраахвотнікаў, якія аддалі сваё здароўе на вайне.
На ўкраінскую вершы Алеся Плоткі пераклаў вядомы беларусам Вячаслаў Лявіцкі, які ў тым ліку спрыяў з’яўленню ў Кіеве вуліцы Уладзіміра Караткевіча. Украінская версія атрымала назву “Сож” — у гонар ракі, што цячэ паміж дзвюма краінамі, сучасная фізічная і метафізічная мяжа, “шэрая зона” нашага часу. Раней у выдавецтве Skaryna Press выходзіла беларускамоўная версія артбуку пад назвай “Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine”.
Аўтар Алесь Плотка каментуе:
“Гэта яшчэ адно звяно ў гуманітарнай місіі, якую выконвае гэтая кніга, працяг арыгінальнай версіі. Калі я пачынаў як перакладчык, з кнігі Івана Сэмэсюка, на прэзентацыях было багата ўкраінцаў, якія набывалі яе для сваіх беларускіх сяброў. А цяпер і мая кніга ва ўкраінскім перакладзе можа быць цікавая не толькі ўкраінцам, але і беларусам, якія шукаюць падобны падарунак. Пагатоў арыгінальнага беларускага выдання засталося меней за 10 працэнтаў”.

Кніга выходзіць у выдавецтве “Коло” пры падтрымцы House of Europe. Папярэдняя замова працягваецца да 20.12, потым кнігу можна будзе заказаць праз звычайныя інтэрнэт-кнігарні. Калі графікі адключэнняў электрычнасці не будуць пагаршацца, каманда праекту спадзяецца адправіць усе кнігі ўжо на зімовыя святы.
Перадзамова па Украіне (дастаўка ўключаная)
Зрабіце данат 1100 грн (або больш — на ваш меркаванне) на картку рэабілітацыйнага цэнтра “Ланка”:
5330 3752 4169 1688 (Yavorskyi Volodymyr)
У тэксце пераказу абавязкова ўкажыце: “Добровільна пожертва на статутну діяльність / Сож / ваш адрес або номер НП та контактний телефон”.
Перадзамова ў іншыя краіны (дастаўка ўключаная)
Пераказ 25 еўра (або больш — на ваш меркаванне) на рахунак: IBAN: LT73 3250 0833 6008 6996 (Ales Plotka)
BIC/SWIFT: REVOLT21
У тэксце пераказу абавязкова пазначце:
“Сож / ваш адрас і кантактны тэлефон”.






